Почему при оплате за услуги наличными в банках и на почте берут комиссию?

Общество Экономика

За мабільнік з камісіяй?
Жыхары райцэнтра занепакоены тым, што на пошце і ў банках бяруць дадатковыя грошы пры аплаце камунальных паслуг. Ці так гэта на самой справе, разбіралася на гэтым тыдні журналіст раённай газеты.

Адразу некалькі тэлефонных званкоў паступіла ў рэдакцыю ад нашых чытачоў з просьбай вывучыць сітуацыю і расказаць на старонках газеты, якім чынам і на якіх умовах зараз прымаюцца ад насельніцтва плацяжы. “Маўляў, знаёмая жанчына папрасіла пакласці на мабільны тэлефон і заплаціць за кабельнае тэлебачанне, дык на пошце акрамя саміх плацяжоў узялі дадаткова камісію. Атрымліваецца, што цяпер з нас за кожны плацеж будуць браць дадатковыя грошы?” – гаварыла жыхарка райцэнтра.
Каб дэталёва разабрацца, адпраўляемся па аб’ектах.
Пошта. «Сапраўды, з 1 студзеня РУП “Белпошта” ўвяла камісію за некаторыя наяўныя плацяжы ў ЕРІП, – пацвердзіла начальнік участка Алеся Новікава. – І гэта абмежаваны спіс. Па-ранейшаму плата не бярэцца пры ажыццяўленні плацяжоў праз касы (“у акенцах”) за камунальныя паслугі, святло, газ, дамашні тэлефон (РУП “Белтэлекам”), бюджэтныя плацяжы (падаткі, штрафы, пені, бацькоўская плата за харчаванне дзяцей у школах і дзіцячых садах), за падпіску на газеты і часопісы, на добраахвотныя рахункі. Не бяруць камісію пры аплаце паслуг удзельнікамі вайны, пры гэтым неабходна прадставіць пацвярджальны дакумент.
А вось “пакласці на мабільны тэлефон”, аплаціць кабельнае тэлебачанне, дамафон, крэдыты, інтэрнэт можна цяпер з камісіяй – 60 капеек за плацеж».
Разам з тым, зазначыла Алеся Аляксандраўна, калі кліент будзе аплачваць паслугі праз устаноўлены на пошце інфакіёск, ніякая камісія брацца не будзе ні па якіх плацяжах.
Беларусбанк. Практычна такая ж схема дзейнічае ў Беларусбанку. Банк таксама не бярэ камісію пры плацяжах у касе за камунальныя паслугі, у бюджэт і за дамашні тэлефон.
За камерцыйныя плацяжы бярэцца камісія – 2 рублі за кожны плацеж.
«У кожнага наведвальніка банка ёсць магчымасць ажыццявіць усе плацяжы бясплатна з дапамогай інфакіёска, які ўстаноўлены ў зале, – падкрэсліла дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг Вольга Масько. – Прычым, у ім можна аплаціць паслугі бясплатна як наяўнымі грашыма, так і банкаўскай карткай. Кансультант заўсёды падкажа і дапаможа аформіць плацеж».
А яшчэ ў Беларусбанку з нядаўняга часу дзейнічае папярэдні запіс. Патэлефанаваўшы па нумары 5-49-98, можна запісацца на канкрэтны дзень і час, скажам, для афармлення ці замены банкаўскай карткі, адкрыцця ўкладу, афармлення крэдыту. Гэта вельмі зручна вяскоўцам, якім прыходзіцца выязджаць у райцэнтр па пэўных днях, падстройваючыся пад расклад грамадскага транспарту.
Белаграпрамбанк. У Белаграпрамбанку з 1 студзеня плата за наяўныя плацяжы ў ЕРІП складае 1,50 рубля за квітанцыю (у чэку-квітанцыі можа быць некалькі плацяжоў). «І ў нас не бярэцца камісія за плацяжы наяўнымі ў бюджэт (падаткі, штрафы), на добраахвотныя рахункі, пры пагашэнні крэдытаў Белаграпрамбанка і працэнтаў па іх, – паведаміла начальнік цэнтра банкаўскіх паслуг Святлана Піульская. – Не бяром камісію пры разліках карткай банка».
Вось такая карціна атрымалася. Як бачым, палітыка Нацыянальнага Банка па павелічэнні долі безнаяўных плацяжоў і змяншэнні абароту наяўных грошай мэтанакіравана рэалізуецца па ўсёй краіне, дайшла і да невялікіх гарадкоў і пасёлкаў. Нам жа нічога не застаецца, як асвойваць камп’ютарныя тэхналогіі, вучыцца працаваць у інтэрнэт-банкінгах, М-банкінгах. Тым больш, гэта зусім нескладана.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №6 ад 24.01.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *