Накануне Нового года благотворительные акции прошли в социальных учреждениях района

Актуалии Общество

Падзяліся цяплом душы сваёй
Дапамагчы людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі – гэта добрая традыцыя, а калі тыя, каму дапамагаеш, – дзеці, то гэта добра ўдвая.
Пераднавагоднія дні ў раённым прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама насычаныя візітамі добрых людзей, якія імкнуцца падзяліцца з дзецьмі, што апынуліся там, цяплом сваёй душы, каб і яны адчулі радасць надыходзячага свята. Тым больш, што гэтыя святочныя дні прыходзяцца на час паміж святаў Нараджэння Хрыстова па календарах каталіцкай і праваслаўнай царквы, дабрачыннасць на якія мае шматвяковую традыцыю.
У прытулку ўжо пабывалі прадстаўнікі Лаўжанскага і Мікіціхінскага сельвыканкамаў, раённага суда, РВЭС, РАУС, ВДУ імя П. М. Машэрава, прадпрымальнікі з Полацка і Обалі, іншыя дабратворцы. Дэлегацыя з “Беларусбанка” прывезла шмат цацак і спартыўнага інвентару. У прытулку чакалі прадстаўнікоў “Белаграпрамбанка”, некаторых іншых арганізацый раёна.
30 снежня ў прытулак завітала прадстаўнічая дэлегацыя на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай. Падарункі для дзяцей прывезлі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму П. У. Спірыдонаў, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, старшыня раённага савета жанчын В. Г. Навіцкая. Ірына Мікалаеўна павіншавала прысутных з надыходзячым Новым годам і ўручыла дзецям вялізны святочны торт.
Цудоўнае казачнае прадстаўленне арганізавалі вучні і педагогі Шумілінскай СШ №1, якія правялі для дзяцей з прытулка і апякунскіх сем’яў тэатралізаваны ранішнік. Школьнікі падарылі дзецям сшыткі, альбомы, алоўкі і фламастары, іншыя неабходныя рэчы. Для збору патрэбных сродкаў яны арганізавалі ў райцэнтры дабрачынную акцыю.
Дзеці, якія спачатку сядзелі нейкія заціснутыя, паступова адтаялі, актыўна ўключыліся ў святочную дзею, дапамагалі Дзеду Марозу і казачным персанажам ратаваць Снягурку.
І найлепшай узнагародай юным акцёрам з СШ №1, ды і ўсім гасцям, сталі яскравыя дзіцячыя вочы і шчырае “дзякуй, прыязджайце да нас яшчэ”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
І мяшок чырвоных яблыкаў
Вядома, перад навагоднімі святамі і Ражаством кожнаму прыемна атрымліваць падарункі. А вось некаторых бабуль і дзядуль, якія знаходзяцца ў Мішневічах у аддзяленні кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН, няма каму павіншаваць. І да іх прыйшлі валанцёры Мішневіцкай школы: у касцюмах Дзеда Мароза, Снягуркі, іншых казачных герояў яны завіталі з вясёлымі песнямі і добрым словам.
“Увогуле валанцёры ніколі не забываюць пра нас, – кажа загадчыца аддзялення В. А. Дабравольская. –  Як толькі якое свята, дзеці без напаміну з’яўляюцца ў нас з падарункамі і канцэртам. І нашы пацыенты (іх зараз 24) прывыклі ўжо да такіх візітаў, школьнікаў называюць не інакш, як “нашы ўнукі”.
Віншаванні з Нараджэннем Хрыстовым дарылі пажылым людзям і Дзед Мароз са Снягуркай  з Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А яшчэ ўпершыню ў гэтым годзе з дабрачыннай акцыяй прыехалі навучэнцы раённай гімназіі. Яны падрыхтавалі добры канцэрт, кожнаму пацыенту ўручылі самаробныя елачкі з рознакаляровых стужак. “Нашы бабулі вельмі абрадаваліся цёплым шкарпэткам, якія дзеці звязалі сваімі рукамі, – расказала Валянціна Аркадзьеўна. – Вельмі дзякавалі дзецям. А яшчэ гімназісты прывезлі кексы, торты, пячэнне, якія таксама выпякалі самі”.
Прыемным сюрпрызам быў і прыезд у аддзяленне старэйшыны в. Заобаль Л. А. Бычкова, Леанід Анатольевіч прывёз мяшок чырвоных яблыкаў з уласнага сада.
І яшчэ. У дабрачыннай акцыі прынялі ўдзел гаспадары прыватнага магазіна “Юліна”, што ў Шуміліне: падарылі ўсім пацыентам аддзялення кругласутачнага прабывання цукеркі і мандарыны.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
«Цуды пад Новы год»
Такую назву мела казка, якую напярэдадні Новага года і Калядаў падрыхтавалі і правялі педагогі Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі для сваіх падапечных – 20 дзетак з усяго раёна. Усе яны ад самага любімага свята чакалі цудаў: атрымаць падарункі з рук Дзеда Мароза і Снягуркі, павадзіць разам з казачнымі героямі карагоды.
І свята атрымалася добрым, з незабыўнымі эмоцыямі і салодкімі падарункамі. Пра гэта паклапаціліся дарослыя. І калектыў ЦКРНіР вельмі ўдзячны за дзіцячыя падарункі кіраўніцтву ЗАТ “Дабраном”, СТАА “Ханзе-Хольц”, СТАА “Вежа”, ПМК-70, ДРБУ-204, асабіста Мацуганаву А. В., Козік А. І. і Сянькевіч М. І. У дадатак да ўсяго ад “Ханзе-Хольц” дзеткам дасталося і моднае адзенне. Так што навагодніх цудаў было дастаткова для шчасця і асалоды.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
Не рамантычна, але практычна
Мікалаёўская бальніца сястрынскага догляду таксама атрымала пад Новы год падарунак ад Дзеда Мароза. У якасці Дзеда Мароза выступіла ПУП “Кубаметр” (дырэктар В. П. Васёха), якое прэзентавала для рамонту пральнай дошкі коштам больш як у тры мільёны рублёў. Радасцю з газетай падзяліўся галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *