Што нам стоит дом построить. Легко ли построить баню на селе?

Общество Сельское хозяйство

Лазня на вёсцы: раскоша ці патрэба?
Адказ на пытанне ў загалоўку  просіцца адзін: вядома ж, патрэба. Сёння без сваёй лазні ні адзін спраўны гаспадар у вёсцы не абыходзіцца. “Як без яе? — здзіўляецца адзін малады чалавек, з якім павялі гаворку на “лазневую” тэму. — Пасля сенакосу, калі абліваешся потам, калі брудны, як чарцянё, для мяне — за шчасце папарыцца, зняць стому і выпіць куфаль піва ці квасу…”. З такой думкай салідарныя і людзі больш сталага веку. У вёсцы Сіроціна  — 118 двароў, практычна ўсе, у каго свой дом, маюць і лазню. Старшыня Сіроцінскага сельвыканкама В. А. Пастарнакова не ведае, каб нехта з гаспадароў паставіў лазню нядаўна, ва ўсіх яны ставіліся за часам, калі быў больш танны лес. Сёння  адзін зруб лазні з перарубам памерам пяць на тры метры абыдзецца ў 5,5 мільёна рублёў. А дадайце падмурак, дах, дошкі на столь, на падлогу. А ці мала клопатаў і сродкаў адбірае сама печка з бочкай для вады і каменкай? Словам, лазня абыдзецца сёння ў добрую капейку. Але не зважаюць некаторыя на выдаткі, заказваюць, ставяць, возяцца з дошкамі, цэглай або наймаюць майстроў.
Вядома, не ўсе ідуць на такое, той-сёй усё ж аддае перавагу грамадскай лазні. Як вось у аграгарадку Слабада. Праўда, не ўсіх задавальняе цана. У будынку сельскага Савета давялося пагаварыць з адным сацыяльным работнікам, якая прызналася: дарагая лазня — амаль 5 тысяч на чалавека. У вёсцы Мосарава жыве яе маці, у якой свая лазня, няхай і даўняя, паліцца лазня “па-чорнаму”. Прыязджае жанчына да матулі сям’ёй, заадно і дапамагае ёй чым-небудзь. Вядома, дзівяцца цане на грамадскую лазню ў Слабадзе не ўсе, інакш не мела б яна тут такі высокі рэйтынг, не зарабляла б столькі грошай (у цэлым па  УП ЖКГ лазневых паслуг аказана за першае паўгоддзе на 20 мільёнаў рублёў).
Вернемся ж да Сіроціна. У вёсцы за даўнім ужо часам  прывязаны тры шматкватэрныя дамы, а не так даўно будаўнікі з ПМК-70 перадалі вяскоўцам пяць асабнякоў, неўзабаве здадуць яшчэ два. Пры гэтым жыллі лазняў па праекце няма, тут ёсць ванны. Тыя ж, хто без пару жыць не могуць, ходзяць у лазню да суседзяў або ставяць ў двары сваю. Паставілі — даўно ўжо — некаторыя жыльцы са шматкватэрных дамоў, хаця і незаконна. Але іх не зносяць: лазня — не хлеў з гноем і розным гнусам, з яго антысанітарыяй.
Так што лазня стала для вясковага чалавека неад’емным атрыбутам жыцця. Як і для тых гараджан, хто набывае ў вёсцы дом ці ўчастак і ставіць тут сваю лазню. Мясціны ў ваколлі маляўнічыя, азёрныя, асабліва бліз вёсак Філіпенкі, Грабніца, Грышаны, Нова-Заронава, куды, вобразна кажучы, закідваюць часцей за ўсё вуды віцябляне і нават дачнікі са сталічнага Мінска. Напрыклад, у вёсцы Грышаны набылі за апошні год-два сем былых вясковых сядзіб. Вядома, гарадскі жыхар замахнецца і на лазню: які без яе адпачынак на лоне прыроды?!
Прыгадваю ў сувязі з гэтым шыкоўную лазню, якую меў адзін кіраўнік гаспадаркі. Лазня — на два паверхі, з усімі ”прыбамбасамі”.  Да яго прыязджалі ледзь не з Мінска.
Думаю, у лазні важны не размах, яна павінна несці чалавеку здароўе, аднаўляць яго сілы пасля ўтомнага дня. А ўсё астатняе, той жа шык-мадэрн, можна дазволіць пры наяўнасці лішніх грошай. Разумею дашчаную прыбудову да лазні, накшталт верандачкі або тэрасы, куды можна выйсці з парылкі і асвяжыцца.
Пра венікі, без якіх і лазня не за лазню. Пра тое, з чаго іх рабіць, пішуць усе газеты, нагадаю пра галоўнае, пра тое, каб не дапускалі вар’яцтва і дзікунства, не агалялі бедную бярозку ці дубок дарэшты, шанавалі нашу прыроду. Ды і няўмераны апетыт ў дадзенай справе можа пагражаць салідным штрафам.
З лёгкай парай! І помніце: у здаровым целе  здаровы дух.
Мікалай МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *