Победами огненной стихии встречают шумилинские спасатели День пожарной службы

Безопасность Главное Новости

Бясстрашныя барцы са стыхіяй

25 ліпеня прафесійнае свята – Дзень пажарнай службы – адзначаюць самыя смелыя і адважныя мужчыны нашай краіны – пажарныя-ратавальнікі. Людзі, якія сапраўды нічога не баяцца, ідуць у агонь і ваду, здольныя даць адпор вогненнай стыхіі, іншым прыродным і тэхнагенным катаклізмам, якія ўсвядомлена рызыкуюць дзеля ратавання жыцця іншых.

Аляксандр Рэуцкі, Андрэй Саматыя, Аляксей Шамшура, Яўген Баравікоў (стаяць),
Сяргей Лукша і Вадзім Купрыянаў у поўнай баявой гатоўнасці выехаць на выклік.

Годна нясе службу, прафесійна і на сумленне выконвае свае службовыя абавязкі дзяжурная змена №2 пажарнай аварыйна-ратавальнай часці №1 г. п. Шуміліна. На рахунку гэтых хлопцаў – незлічоная колькасць выездаў на пажары, на дапамогу людзям, дзясяткі перамог над вогненнай стыхіяй і іншымі надзвычайнымі сітуацыямі, дзясяткі выратаваных жыццяў. Толькі сёлета яны выязджалі на тушэнне 8-мі пажараў, у якіх выратавалі траіх чалавек.
Знаёмцеся: галоўны ў змене – начальнік каравула Аляксандр Рэуцкі, камандзіры аддзяленняў – Андрэй Саматыя і Пётр Казлоўскі, старшы пажарны – Яўген Баравікоў, вадзіцелі – Сяргей Лукша і Вадзім Купрыянаў, дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання – Аляксей Шамшура. У іх распараджэнні два аўтамабілі, уся неабходная тэхніка і прылады.
У гэтай прафесіі складана знайсці выпадковых людзей. Звычайна патэнцыйныя ратавальнікі прыходзяць асэнсавана і абдумана, дакладна разумеючы спецыфіку няпростай і небяспечнай работы. У адных гэта мара дзяцінства, як, напрыклад, у Андрэя Саматыя і Аляксандра Рэуцкага. Аляксандр яшчэ ў школе вучыўся ў класе МНС. Другія пайшлі па сямейных слядах, прадаўжаюць справу бацькоў і дзядоў – менавіта так трапілі ў пажарную службу Аляксей Шамшура і Яўген Бара-вікоў. Сяргей Лукша прыйшоў пасля службы ў арміі, дзе ён быў вадзіцелем пажарнага аўтамабіля. Між іншым, за плячыма Сяргея Лукшы і Аляксея Шамшуры больш за 20 год службы.

Змена № 2 на тушэнні пажару дома ў вёсцы Альшанікі. 1.06.2020 г.

«Так атрымалася, што тут удала склаліся ў адно цэлае багаты вопыт і прафесіяналізм сталых і энергія маладых, – кажа пра змену №2 начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Сасновіч. – Вось такім практычна нязменным саставам працуюць яны больш за 5 год. Баявыя і дзеяздольныя пажарныя, гатовыя выконваць пастаўленыя задачы. Гэта сапраўдная каманда, у якой кожны ведае сваё месца, адчувае надзейнае плячо калегі, разумее адзін аднаго з паўслова. Як правіла, прыклад паказвае начкар, ён заўсёды першы ідзе ў разведку».
За гады работы шумілінскія пажарныя-выратавальнікі зразумелі, што двух аднолькавых пажараў не бывае, і кожны раз пры сігнале дыспетчара на выезд даводзіцца ехаць у невядомасць, непрадказальнасць і ўжо на месцы імгненна ацэньваць сітуацыю, прымаць рашэнне і дзейнічаць. Дзейнічаць да канца, на мяжы сваіх магчымасцяў. Яны і сёння не могуць забыць мінулагодні пажар у Куціне, калі гарэлі 3 дамы і 7 пабудоў і давялося папацець не адны суткі, утаймоўваючы вогненную стыхію. У памяці і цяжкі пажар у «Лаўжанскім», калі на комплексе гарэла не адна тона сена… На пытанне, дзе тая грань, калі на пажары трэба спыніцца і падумаць пра асабістае ратаванне і бяспеку, Аляксандр Рэуцкі кажа, што дзесьці ўнутры, падсвядома адчувае той момант. Інтуіцыя, дзякуй Богу, ні разу не падводзіла.
За гады службы склаліся ў пажарных-ратавальнікаў і свае прафесійныя прыкметы. «Па-першае, ні ў якім разе не выціраць маячкі на машыне, –усміхаюцца пажарныя. – Інакш чакай выкліку на пажар. Дзіўна, але мы ніколі не жадаем сваім калегам шчаслівага і спакойнага дзяжурства – будзе наадварот».
Толькі добрая падрыхтоўка ў пажарнай справе не гарантуе поспех, сцвярджаюць супрацоўнікі РАНС. Важна камандная работа. Зладжанасць дзеянняў яны адточваюць на занятках па аварыйна-ратавальнай і фізічнай падрыхтоўцы, пастаянна ўдасканальваюць тэарэтычныя веды, сочаць за спраўнасцю абсталявання і тэхнікі. Дапамагае трымаць форму і тонус удзел у конкурсах прафмайстэрства, спартыўных мерапрыемствах як раённага, так абласнога і рэспубліканскага маштабу.
Служба ўзамен на іх самаахвярнасць, рашучасць і мужнасць дае ім свае бонусы, – выхоўвае ў іх дысцыплінаванасць, пачуццё адказнасці, згуртаванасць, камандны дух, звычку жыць па раскладзе. Гэтыя якасці ім вельмі дапамагаюць у жыцці. Безумоўна, дае стымул павага кіраўніцтва, калег і землякоў, разуменне і падтрымка родных. Многія з іх за бездакорную службу ўзнагароджаны дзяржаўнымі медалямі, ганаровымі граматамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, абласнога ўпраўлення. А ўсё таму, што бясстрашныя байцы з агнём, вадой і бядой дэманструюць поўную 100-працэнтную гатоўнасць у любы час дня і ночы прыйсці на дапамогу.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №57 ад 24.07.2020 г.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *