Наталля Чарнічэнка: Давайце разам адкрываць для сябе Беларусь!

Главное Общество

Міні-горад, азёры-мары і незабыўныя ўражанні

Від з гары Маяк на азёры Струста і Снуды.

Яшчэ зусім нядаўна, збіраючыся адпачыць, мы гатовы былі выбраць любое месца на карце, абы толькі за межамі Беларусі. Так здарылася, што многія не ўспрымаюць усур’ёз мясцовы турыстычны сэрвіс, а славутасці, якімі багата наша краіна, лічаць не вартымі ўвагі. Сёлета недаступнасць «берага турэцкага» павярнула суайчыннікаў тварам да беларускіх мясцін. І, здаецца, гэты момант можна лічыць пераломным у гісторыі беларускага ўнутранага турызму.
Ні дзе-небудзь, а на Віцебшчыне, знаходзіцца адзін з лепшых курортаў Беларусі – Браслаўскія азёры. І нават неяк сорамна прызнавацца, што ты не бачыў на свае вочы славутых вадаёмаў. Сабраўшы вялікую кампанію, мы накіраваліся туды на аўтамабілях. Уражаннямі ад гэтага падарожжа я і збіраюся з вамі падзяліцца.

У Дзісну – па дарозе
Мы проста не маглі не збочыць з дарогі, каб пабываць у Дзісне – горадзе, што мае статус самага маленькага ў Беларусі. Там жыве ўсяго паўтары тысячы чалавек, і літаральна на кожным кроку – помнік гісторыі. Дарэвалюцыйныя дамы, «брукаванка» пад нагамі, стогадовы мост, паром… Гарадок мае неверагодную атмасферу даўніны, што сёння дарагога каштуе. Тутэйшыя вуліцы захавалі планіроўку XVI стагоддзя. Тут былі знятыя некалькі мастацкіх фільмаў. Да прыкладу, уражвае нават тое, што захавалася ад бальніцы, пабудаванай у пачатку XX стагоддзя. Выдатна сябе адчуваюць будынкі павятовага пажарнага дэпо, былога казначэйства, дарэвалюцыйных жылых дамоў, аддзялення «Таварыства папячыцельства аб цвярозасці» і многія іншыя. Тут функцыянуюць некалькі храмаў з цікавай гісторыяй. А каб пабачыць усё гэта, трэба праехаць па самым старым у Беларусі мосце. Гэта ўнікальная арачная канструкцыя з драўляным пакрыццём, якое і сёння праглядвае з-пад асфальту. Наогул, гэты гарадок варты асобнага падарожжа.

Вітае Браслаў


На Браслаўшчыне каля 300 азёр. Выходзіць, куды б ты ні паехаў, абавязкова апынешся ля вады. Калі сярод вас ёсць рыбакі, раім адразу на ўездзе ў горад набыць спецыяльны білет, які дазваляе рыбаліць. Дарэчы, самымі глыбокімі азёрамі лічацца Воласа Паўднёвы і Воласа Паўночны – глыбіня 40,4 і 29,2 метра адпаведна.
Самае вялікае па плошчы – возера Дрывяты. Там абсталяваны галоўны гарадскі пляж, які не саступае, а нават перасягае пляжы некаторых марскіх курортаў. Тут ёсць кафэ, зручная паркоўка і тратуары, аформлены зоны адпачынку для дзяцей, веладарожкі, скейт-парк і іншыя важныя зручнасці. На вадзе – плаваючыя пірсы і фантаны. На гэтым пляжы можна «прапасці» і на ўвесь дзень. Усе неабходнае для адпачынку – шэзлонгі, катамараны, лодкі, спартыўны інвентар – можна ўзяць напракат.
Мы засталіся прыемна ўражаныя гэтым месцам. Амаль на кожным доме ўздоўж набярэжнай заўважылі шыльды з надпісам «Здаецца». Быццам у Геленджык ці Феадосію трапіў.
Так, у Браславе, як, бадай, нідзе ў Беларусі, развіты турыстычны сэрвіс. Адпачыць можна па праграме «ўсё ўключана». Прапаноў – больш як дастаткова. Але гэта не наш варыянт, і мы едзем далей.Від з гары Маяк на азёры Струста і Снуды.

Стаім у «Барку»


Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» прапануе адпачынак на базах з усімі зручнасцямі, дзе адначасова могуць знаходзіцца больш за сто чалавек, а таксама – на турыстычных стаянках. Дарэчы, месцы можна за-браніраваць загадзя, інфармацыя пра кошт і ўмовы адпачынку ёсць на сайце нацыянальнага парку https://braslavpark.by/.
Мы размясціліся на стаянцы «Барок» на беразе возера Струста. Дарэчы, яно трэцяе па памерах у Браслаўскай групе, найбольшая глыбіня дасягае 23-х метраў. Цана за суткі ў будні дзень складае 40 рублёў, у выхадны – 50 за стаянку. За гэтыя грошы ў распараджэнні турыстаў – альтанка з дахам і вялікім сталом з лаўкамі, дровы ў неабмежаванай колькасці (майце на ўвазе, што цуркі прыйдзецца секчы самім, таму абавязкова прыхапіце сякеру). Ля вогнішча – яшчэ адзін вялікі стол з лаўкамі, ёсць кантэйнеры для смецця, дашчаны туалет і нават нешта накшталт рукамыйнікаў.
Да возера – метраў 70 праз лес. На пясчаным беразе абсталяваныя масткі. Вада неверагодна чыстая, дно пясчанае. А які від адкрываецца! Калі верыць Вікіпедыі, тут водзіцца рэліктавы рачок. Сярод 22 відаў рыб часцей сустракаюцца рапушка, сіг, плотка, язь, лінь, а таксама лешч і вугор. Нам, дарэчы, удалося злавіць нядрэннага шчупака.
На стаянцы зручна размясціліся тры аўто і столькі ж палатак для начлегу. Шашлык, юшка, размовы ля кастра – думаецца, пра хараство такога адпачынку нікому расказваць не трэба. Дарэчы, лічыцца, што менавіта гэты варыянт найбольш хутка аднаўляе нас да жыцця, надае сіл. Вельмі важны момант – адасобленасць. Ніякія іншыя кампаніі вас на такой стаянцы не патурбуюць. Толькі пра броню трэба паклапаціцца загадзя – свабодныя месцы вельмі хутка разбіраюць.
Прадугледжаны на Браслаўскіх азёрах і стаянкі агульнага тыпу, якія не трэба браніраваць. Прыязджаеш, ставіш палатку і плаціш, здаецца, 5 рублёў за чалавека за суткі. Дадаткова – за дровы для кастра. І тут ужо, як вы зразумелі, без суседзяў не абыдзешся.

Нечаканы візіцёр
Бліжэй да вечара на стаянку няспешнай паходкай завітаў… бусел. Доўга гадаць не прыйшлося – для таго, каб паесці. Агуркі, пячэнне і хлеб птушка праігнаравала. Адрэагавала толькі на шашлык. Скарміўшы пярнатаму мо паўкіло каштоўнага прадукту, мы, вядома, спахапіліся. А ён чакаў яшчэ. А раніцай вярнуўся. Той самы. Па ўсім відаць, яго тэрыторыя.

Заедзьце на Маяк і крынічку


Наведалі мы і славутую гару Маяк – самую вядомую аглядавую кропку Браслаўскіх азёраў. Від, які адкрываецца з яе на вадаёмы Струста і Снуды, апісаць словамі немагчыма. Дарэчы, там можна набыць сувеніры з браслаўскім каларытам.
Дарога на Маяк ідзе каля крыніцы Акменіца. Мясцовыя кажуць, што вада ў ёй валодае гаючымі ўласцівасцямі. Ходзіць легенда, што даўней каля возера расла вялікая елка – самая прыгожая ў ваколіцы. Людзі знайшлі ля дрэва крыніцу і вырашылі, што менавіта яе вада надзяліла елку такой сілай і прыгажосцю. Вось і сталі браць ваду, разлічваючы на яе цуда-дзейныя ўласцівасці. Каб аддзячыць крынічку, грошы былі не ва ўсіх. Тады і павялося завязваць каляровыя стужкі вакол Акменіцы. Турысты працягваюць гэтую традыцыю.

Р.S.
Высветлілася, што менш як за 200 кіламетраў ад роднага Шуміліна размешчаны сапраўдны курорт. Проста майце гэта на ўвазе, калі будзеце афармляць крэдыт на падарожжа ў Італію.
Глядзіце ролік з паездкі на нашым канале ў Ютуб, дзяліцеся сваімі ўражаннямі ад падарожжаў па радзіме. Давайце разам адкрываць для сябе Беларусь!
Нататкі зрабіла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №60 ад 04.08.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *