90-летняя Евгения Соловьёва советует: «Любите жизнь, будьте добрыми»

Людзі і лёсы Общество

Трэба любіць жыццё і быць добрымі

Упэўненая ў сабе, не губляючы аптымізму і веру ў будучыню, жыхарка райцэнтра Яўгенія Рыгораўна Салаўёва, якой заўтра, 10 кастрычніка, спаўняецца 90 гадоў, раіць землякам: «Любіце жыццё. Выкіньце з галавы зайздрасць і злосць, адносьцеся адзін да аднаго па-чалавечы. Будзьце добрымі і міласэрнымі, і божае блаславенне прыйдзе да вас і прынясе шчасце і ўдачу».

Яўгенію Рыгораўну засталі за разглядам сямейных фотаздымкаў. Жанчына расказала пра дачку і сына, траіх унукаў, чатырох праўнукаў. Узгадала і пра сваю вёску Шлапакі (была такая непадалёк ад в. Горкі), дзе нарадзілася, пра той даваенны перыяд, калі сям’я пераехала ў Маркава. Як пачалася вайна, як мужчын адпраўлялі на фронт, а ў вёсцы стаяў плач жанчын – усё гэта запомнілася адзінаццацігадовай дзяўчыне.
– Я была з маленства прывучана да работы, – кажа Яўгенія Рыгораўна. – У бацькоў нас было пяцёра – тры дачкі і два сыны. Пакуль падрасталі малодшыя, я ўсе школьныя канікулы працавала ў калгасе разам з бацькам, вывозіла гной з кароўнікаў на палеткі. Пасля заканчэння сямі класаў адразу пайшла працаваць у калгас. І толькі ў пачатку 50-х, калі ў Шуміліне адкрылі торфапрадпрыемства «Дабееўскі мох», мяне бацькі адпусцілі «ў людзі». Уладкавалася я рабочай па сушцы торфу, была стрэлачніцай, рупілася і на адгрузцы вагонаў: торф грузілі ў вялікія скрыні і адпраўлялі на продаж у розныя населеныя пункты. На торфапрадпрыемстве сустрэла свайго будучага мужа Канстанціна, які працаваў экскаватаршчыкам.
Самы вялікі працоўны адрэзак Яўгеніі Салаўёвай – гэта работа ва ўчастковай бальніцы «Дабееўскі мох». Жанчына рупілася адначасова і санітаркай, і сястрой-гаспадыняй на працягу 36 гадоў. У бальніцы было многа палат, бывала, тут лячылася да паўсотні чалавек.
– Мы, былыя калегі, і сёння помнім рухавую жанчыну, працаўніцу, акуратыстку, якая і хвіліны не магла пасядзець на месцы: прыбірала, выцірала, пераапранала, складвала, пералічвала, – згадвае Надзея Лапаціна, якая калісьці працавала медсястрой участковай бальніцы. – Бывала, астатнія санітаркі пойдуць адпачыць, а Яўгенія бярэцца за прас: трэба зрабіць прыгожымі беласнежныя халаты ўрачоў, медсясцёр і санітарак. Усюды любіла парадак: і дома, і на рабоце.
А яшчэ паспявала ўдзельнічаць у мастацкай самадзейнасці: спявала ў хоры пры мясцовым клубе, прымала ўдзел у розных мастацкіх конкурсах, лепш за Яўгенію Салаўёву ніхто не чытаў вершы.
Асабістае шчасце пасля смерці мужа не старалася ўладкоўваць, бо «мужу паабяцала не выходзіць замуж». І абяцанне гэта стрымала.
Размаўляем з Яўгеніяй Рыгораўнай пра яе дзяцей і ўнукаў, пра іх захапленні. Паступова пераходзім да захаплення самой жанчыны, якая з’яўляецца траўніцай.
– Кажуць, што бабуля Жэня многа каму дапамагае. Ад якіх хвароб вы лечыце? – пытаюся ў Я. Р. Салаўёвай.
– Ад многіх, – усміхаецца жанчына. – У мяне свякроў была траўніцай, перадала мне свае навыкі. Галоўнае, каб хвароба не была запушчана. Многім сямейным парам дапамагла нарадзіць дзетак. Лячу травамі і божымі малітвамі. Свае рэцэпты запісваю ў агульныя сшыткі, складваю ў чамадан, каб засталіся нашчадкам.
– Напэўна ж, вы і самі сябе лечыце? – цікаўлюся ў субяседніцы.
– Лічу, што самае галоўнае для чалавека – гэта здаровыя сасуды, таму адзін раз у год прапіваю спецыяльныя адвары траў для ачысткі сасудаў, – кажа жанчына.
– А што параіце нашым чытачам, як сябе абараніць, скажам, у перыяд вірусаў? – пытаюся ў жанчыны.
– Трэба піць травяныя чаі і есці больш агародніны і фруктаў, – раіць Яўгенія Рыгораўна.
– А ўвогуле што патрэбна ўжываць у ежу, каб мець здароўе і ў 90? Можа, маеце нейкі сакрэт?
– Не, сакрэту няма, – усміхаецца Яўгенія Салаўёва. – Ем усё, што дачка Галіна прыгатуе, з якой жыву. Вось сёння блінцы са смятанай былі на сняданак. А на заўтра я заказала шчаўя зварыць. Трэба есці ўсё, што арганізм патрабуе: карысныя ж не толькі гародніна, але і сала з мясам.
Усе родныя вельмі любяць Яўгенію Рыгораўну. І на дзень яе юбілею рыхтуюць для імянінніцы сапраўднае свята, на якое запрашаюць сяброў. «Мы хочам, каб у бабулі на дзень нараджэння быў добры настрой, і ўсё зробім для гэтага, – кажа ўнучка Вольга. – Наша бабулечка прыклад жыццярадаснасці для многіх. Яна ўмее падтрымаць і падбадзёрыць. І калі трэба слушная парада, мы ўсе бяжым да яе, бо ведаем: бабуля дрэннага не параіць».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №79 ад 09.10.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *