Паміж людзей і я штурхаўся: Наталля Чарнічэнка наведала калгасны рынак у Шуміліне

Общество Экономика

Паміж людзей і я штурхаўся

У суботу пабывалі на калгасным рынку і даведаліся, што і па чым там можна купіць, а таксама паслухалі, што пра базарны гандаль кажуць пакупнікі і прадаўцы.


Гандаль тут ідзе толькі па суботах – з самай раніцы і гадзін да 12. Большасць прадаўцоў – прыезджыя камерсанты ды прадстаўнікі гандлёвых марак. Першыя прапануюць нешта недарагое з вопраткі і абутку – гумавыя боты, штаны, кофты, футболкі; розныя бытавыя дробязі – ад абцугоў да тарак; пледы ды пасцельную бялізну і іншае неабходнае.

Даволі людна побач з прылаўкамі з секанд хэндам. У перасоўных гандлёвых павільёнах можна купіць прадукцыю ААТ «Красный пищевик» (зефір, мармелад, пасцілу, казінакі і іншае), «Віцебскі мясакамбінат» (каўбасы, сасіскі, паўфабрыкаты, вяндліну). З машыны ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» гандлююць яйкамі. Просяць ад рубля да 2,40 за дзясятак. Дарэчы, побач з гэтай машынай ва ўсю моц працуе генератар, які перашкаджае весці гандаль іншым.
– Нічога не паробіш. Раней нам дазвалялі падсілкоўвацца электраэнергіяй з магазіна, цяпер такой магчымасці няма. Вось і шумім, – кажа прадстаўнік прадпрыемства. – Дарэчы, у Шуміліне самая дарагая арэнда гандлёвага месца. У Полацку, напрыклад, мы плацім 7 рублёў, на Полацкім рынку ў Віцебску – 4, а тут было 11, а цяпер і ўсе 13. А людзей, вы самі бачыце, не так і шмат, а значыць, і выручка меншая.
А вось ля прылаўкаў, дзе гандлююць прадуктамі з Расіі, людзей даволі. Праўда, селядцы, маянэз, кансервы, вэнджанае сала і рыба тут суседнічаюць з вінаградам, хурмой, мандарынамі ды разынкамі. І з такімі ўмовамі «палявога» гандлю, здаецца, усе згодныя.
– Хто ж тут, на базары, будзе вытрымліваць правілы таварнага суседства, гэта ж вам не супермаркет, – здзіўляецца пакупніца ў чарзе. – Затое, танней, чым у магазіне. Я кожную суботу прыходжу і яшчэ ні разу не атруцілася.
Дарэчы, большасць гандляроў – у масках ды гумавых пальчатках. Кажуць, што сюды наведваюцца работнікі санстанцыі, строга сочаць за выкананнем масачнага рэжыму.

Л. С. Шароўская гандлюе лішкамі з уласнага агарода.

Памятаючы пра тое, што рынак носіць назву «калгасны», вельмі хацелася паразмаўляць менавіта з тымі, хто прапануе ўласную прадукцыю. А іх аказалася няшмат. Жанчына, што прадавала сартавыя грушы з уласнага саду па рублю 50 капеек і «антонаўку»” па 80 капеек, прадстаўляцца і фатаграфавацца адмовілася. Але расказала, што гандлю, што быў раней, даўно няма. Напрыклад, у мінулую суботу яе выручка склала ўсяго 8 рублёў.
– Пакуль тут працавалі магазіны, людзі на базары былі штодня. Закрыліся крамы, зніклі і мясцовыя гандляры. Не будзеш жа бананамі ды апельсінамі раз на тыдзень гандляваць, – уключылася ў размову шумілінка Лідзія Шароўская.
Лідзія Станіславаўна, якая жыве непадалёк ад базару, гандлюе лішкамі з агарода ўжо гадоў 30. На яе вачах мяняўся і шумілінскі рынак.
– Калі людзей у будні не стала, я і некалькі такіх жа гандлярак усё ж працягвалі некаторы час прыходзіць. Але цуда не здарылася – гандлю не было. Тады мы звярнуліся ў райвыканкам з просьбай паставіць для нас прылаўкі ў цэнтры, дзе-небудзь ля былога ўнівермагу, каб мы маглі прадаваць лішкі штодня. Мінулае кіраўніцтва даводзіла, што такой магчымасці няма. Сённяшні старшыня райвыканкама Віктар Гутараў абяцаў дапамагчы. І ў хуткім часе сапраўды на стаянцы ў цэнтры ўсталявалі прылавак. Мы спрабавалі туды выходзіць, але месца, прызнацца, выбрана няўдалае, не на хаду. Мы і перамясціліся на прыступкі магазіна. Зараз ніхто нас адтуль не гоніць.
Лідзія Станіславаўна расказала, што летась і гуркоў, і памідораў нарасло багата. Штодня вёдрамі здымала. Калі б чакала базарны суботні дзень, прадукт сапсаваўся б. Таму і выходзіла ў цэнтр, на прыступкі магазіна. Кажа, што разыходзіўся тавар хутка.
Па суботах гандлюе і рамеснік Тамара. Яна разам з мужам займаецца дрэваапрацоўкай. Выставіла табурэты (40 рублёў), кухонныя дошкі з бярозы ды ясеню (ад 5 да 12 рублёў), драўляныя пано і развіваючыя гульні для дзяцей (па 25 рублёў), разнастайныя сувеніры. Таксама на яе прылаўку – мёд з уласнай пасекі і свечкі ручной работы па 5 рублёў. Арэнда месца для гандляроў, якія прадаюць уласную прадукцыю, – 50 капеек. Тамара заплаціла рубель, бо размясцілася адразу на двух месцах.
Заўважым, што гандляры на базары размаўляюць не вельмі ахвотна. Разгаварыліся з адной дзяўчынай пра малдаўскія венікі, якія тая прадавала. Расказала, што яны вельмі якасныя, цалкам з сорга і праслужаць доўга. А мужчына, відаць нейкі начальнік, хуценька яе спыніў, маўляў, хопіць і так шмат нагаварыла. Так што даведацца, колькі венікаў ёй удаецца прадаць за суботу, так і не ўдалося.
Можна зрабіць вывад, што базар людзям патрэбны. Многія ходзяць сюды не толькі для таго, каб нешта купіць, але і пагаварыць, патаргавацца, даведацца апошнія навіны. Хочуць, каб базарных дзён было больш. Ад заўсёднікаў паступіла прапанова ўсталяваць прылавак для дробных гандляроў на месцы былога кіёска «Саюздруку».
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Апублікавана ў №92 ад 17.11.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *