Участковый терапевт Алексей Меньков работает в Шумилино второй год

Здоровье Общество

У дуэце з царыцай медыцынскіх навук
Напэўна, калі з дзяцінства марыш стаць урачом, мэтанакіравана ідзеш да гэтага, тады і прафесія ў выніку не прыносіць расчараванняў, а непазбежныя цяжкасці ўспрымаюцца ўсяго як складаемае працы. Гэта пра ўчастковага тэрапеўта Аляксея Мянькова.
Малады доктар працуе ў раёне другі год, і ўжо відавочна, што гэта граматны спецыяліст, які ўмее прымяніць веды на практыцы і ніколі не спыніцца ў спазнанні аднойчы абранай прафесіі. Аляксей упэўнены, што тэрапеўт, які дасканала ведае сваю спецыяльнасць, лёгка можа “пакінуць без работы” вузкіх спецыялістаў. “Тэрапія – царыца навук – адна з самых цяжкіх і самых аплачваемых у свеце прафесій, і займацца гэтым вельмі цікава”, – дзеліцца перакананнямі малады ўрач.
Ён упэўнены, што ўмацаванне тэрапеўтычнай службы на дзяржаўным узроўні дазволіць больш эфектыўна працаваць сістэме аховы здароўя ў цэлым, лічыць, што немагчыма пераацаніць важнасць прафілактыкі. У гэтым сэнсе ёсць нагода працаваць і з людзьмі ў плане змены стэрэатыпаў, каб для любога стала відавочна, што тваё здароўе – гэта найперш твой клопат. Доктар дапаможа, накіруе, падкажа, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, але без зацікаўленасці пацыента наўрад ці атрымаецца эфектыўнае лячэнне. Вельмі важныя і даверлівыя ўзаеміны паміж урачом і пацыентам, адкрытасць, шчырасць – карацей, дробязяў на шляху да здаровага жыцця не бывае.
Шукаць лячэнне, нейкія медыцынскія парады зусім неабавязкова ў абласных і сталічных клініках, упэўнены А. Мянькоў – лечаць усюды аднолькава. “Я часта бываю на канферэнцыях, разнастайных медыцынскіх форумах і кожны раз пераконваюся, што падыходы адны і тыя ж і ў Маскве, і ў Нью-Ёрку, і ў Дэлі – усюды. Ёсць базісная тэрапія, сфарміраваная агульнасусветнай практыкай. На гэтым будуе лячэнне любы доктар”, – разважае Аляксей.
Што тычыцца медыцынскіх прэпаратаў, то сказаць адназначна,  якія лепш выкарыстоўваць, айчынныя ці замежныя, нельга. Усё залежыць ад кожнай канкрэтнай сітуацыі, ад таго, які эфект праследуецца. Ёсць выдатныя беларускія лекі, у медыкаў ёсць магчымасць накіроўваць рэкламацыі ў Міністэрства аховы здароўя, калі той ці іншы прэпарат не прыносіць заяўленага эфекту.
Аляксей сам прытрымліваецца здаровага ладу жыцця і пацыентам рэкамендуе тое ж. Напрыклад, чаму б не заняцца скандынаўскай хадзьбой – і модна, і здароўе ўмацоўвае, а значыць, нагода звяртацца да доктара будзе з’яўляцца ўсё радзей.
Хаця, думаецца, што наведацца да такога тэрапеўта, як Аляксей, – адно задавальненне, і ўжо сам візіт, размова з добрым, вясёлым, адкрытым доктарам можа мець выдатны тэрапеўтычны эфект.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №47 ад 17.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *