Вада: карыстаецца не той, хто хоча, а той, хто плаціць

Актуалии Общество Экономика

Вада: карыстаецца не той, хто хоча, а той, хто плаціць

У сувязі з рэарганізацыяй жыллёва-камунальнай гаспадаркі абслугоўваннем  знешніх водаправодных і каналізацыйных сетак, якія раней належалі УП ЖКГ нашага раёна, з 12 студзеня гэтага года займаецца філіял “Полацкводаканал” УП “Віцебскаблводаканал”. Для гэтага ў раёне створаны ўчастак прадпрыемства. Што змянілася ў прынцыпе работы водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі, куды цяпер трэба звяртацца жыхарам нашага раёна па пытаннях рамонту і пракладкі водаправода – пра гэтае і многае іншае мы гутарым з начальнікам шумілінскага ўчастка “Полацкводаканал” Аляксандрам Круком.

– Аляксандр Юр’евіч, раскажыце, калі ласка, чым канкрэтна займаецца ваш участак.
– Мы ў адказе за забеспячэнне вадой насельніцтва ўсяго раёна, за работу артэзіянскіх свідравін, за ачыстку вады, за водаадвядзенне і каналізацыю сцёкавых вод, за рамонт абсталявання і водаправодна-каналізацыйных сетак. У сваёй дзейнасці кіруемся законам Рэспублікі Беларусь  “Аб пітным водазабеспячэнні”  і іншымі нарматыўнымі актамі, якія тычацца дзейнасці прадпрыемства.
– Колькі работнікаў працуе на шумілінскім участку?
– Больш за сорак чалавек. Гэта аператары ачышчальных збудаванняў, лабаранты, машыністы каналізацыйна-помпавай станцыі, кантралёры. Па графіку пазменна дзяжураць дзве аварыйныя брыгады, у кожную з якіх уваходзяць па два-тры чалавекі. Калі здараюцца  надзвычайныя сітуацыі, адразу выязджаем на месца. Перад намі пастаўлена задача рэагаваць неадкладна. Час прыезду залежыць ад адлегласці.  Калі буйная аварыя, то на дапамогу прыязджаюць спецыялісты з Полацка.
– “Полацкводаканал” правяраў якасць пітной вады ў Шуміліне? Ці адпавядае яна норме?
– Кантроль за якасцю пітной вады вядзецца пастаянна. Трэба адзначыць, шумілінцам пашанцавала, што прыродная вада ў артэзіянскіх свідравінах (іх у Шуміліне шэсць) фактычна не патрабуе якой-небудзь спецыяльнай ачысткі і адпавядае нормам.
– З чаго перш-наперш пачалі сваю работу на шумілінскім участку спецыялісты водаканала?
– З навядзення дысцыпліны і парадку. Ліквідавалі ўцечкі водаправодаў, правялі патрэбныя рамонтныя работы. У прыватнасці, прыйшлося залапіць нямала водаправодных труб у Шуміліне, у аграгарадку Слабада, на тэрыторыі УП “Шумілінскі райаграсэрвіс”. Сітуацыя была складаная, многія аб’екты нам дасталіся запушчаныя, таму прыйшлося прыкласці шмат намаганняў і працаваць нават ноччу, каб выправіць недахопы. Работы працягваюцца і зараз. Асноўныя аб’екты знаходзяцца ў здавальняючым стане, усе вытворчыя сістэмы працуюць.
– Навядзенне парадку – гэта і адключэнне тых калонак, за карыстанне якіх ніхто не плаціў. Як нашы землякі рэагуюць на гэта?
– Ды па-рознаму: адны абураюцца, бо “халяву” адключылі, іншыя ўваходзяць у сітуацыю і разумеюць, што ў водаправоднай сеткі таксама павінен быць гаспадар, які ўмее лічыць грошы. Адключэнне калонак рабілася з мэтай выключэння выпадкаў несанкцыянаванага адбору вады, зніжэння страт і неўліковых расходаў і, як следства ўсяго гэтага, – зніжэння затрат на аказанне паслуг. Мы тлумачым людзям, што ў краіне праводзіцца работа па паступовым вывадзе водаразборных калонак з эксплуатацыі. Як альтэрнатыва гэтаму  – пракладка водаправода ў кожны дом і ўстаноўка лічыльніка вады.
З усімі спажыўцамі вады мы заключылі адпаведныя дагаворы, прывялі ў парадак абаненцкую базу водаспажывання (у ёй значацца больш за восем тысяч асабістых рахункаў).  Сродкі індывідуальнага доступу да калонак атрымалі толькі тыя, хто заключыў адпаведныя дагаворы. Цяпер вадой з калонак карыстаецца не той, хто хоча, а той, хто своечасова плаціць.
–  Якія планы ў Полацкага водаканала наконт мадэрнізацыі вытворчых працэсаў на шумілінскім участку?
–  Планаў шмат. Перш-наперш летам плануем займацца заменай чыгунных труб на сучасныя поліэтыленавыя. Акрамя гэтага, мяркуецца мадэрнізацыя абсталявання. У прыватнасці, на ачышчальных збудаваннях і каналізацыйна-помпавай станцыі запланавана аўтаматызацыя. Агрэгаты старых энергаёмістых марак будуць заменены на больш эфектыўныя з працяглым тэрмінам эксплуатацыі. Безаварыйная работа помпавых станцый і каналізацыйных сетак забяспечыць камфортныя ўмовы пражывання грамадзян.
– Па якіх праблемах жыхары нашага раёна могуць звяртацца да спецыялістаў  Полацкага водаканала?
–  Мы абслугоўваем водаправодна-каналізацыйную сетку да фундамента дома. Адказваем за воданапорныя вежы і артэзіянскія свідравіны, рамантуем каналізацыйныя сістэмы і трубы, устанаўліваем прыборы ўліку вады. Што тычыцца рамонту водаправодных кранаў, туалетаў і ацяпляльных труб у кватэрах, то гэтым па-ранейшаму займаюцца работнікі камунгасу.
– Куды звяртацца жыхарам раёна па праблемах водаправодна-каналізацыйнай сеткі?
– У філіял “Полацкводаканал”, дзе ёсць кругласутачная вытворча-дыспетчарская служба.
Кансультацыю па пытаннях  эксплуатацыі водаправодна-каналізацыйнай сеткі можна атрымаць і ў спецыялістаў шумілінскага ўчастка “Полацкводаканала” па тэл.  4 41 13.
Гутарку вяла Ларыса КІСЯЛЁВА.

Па пытаннях узнікнення ўцечак на сетках водазабеспячэння і водаадвядзення, няспраўнасці водаправодных калонках трэба тэлефанаваць у вытворча-дыспетчарскую службу па тэл. 80214 77 41 75, +37529 856 43 12, +37529 683 19 93; 8 029 897 29 33 (начальнік цэха водазабеспячэння), 8 029 718 11 30 (начальнік цэха водаадвядзення).
Па пытаннях рамонту і пракладкі водаправода і каналізацыі да прыватных жылых дамоў трэба звяртацца ў цэх водазабеспячэння або водаадвядзення па тэл. 80214 77 18 53 або 80214  77 53 29.
Калі патрабуецца адрамантаваць ці замяніць прыбор уліку вады, тэлефануйце ў групу па ўстаноўцы лічыльнікаў па нумарах 80214 77 36 03, 8 029 512 18 70.

У тэму: Ці можна часова падключыць ваду?
У рэдакцыю звярнуліся жыхары в. Мішкавічы, якія жывуць у шматпавярхоўках. “Калі раней для паліву градак бралі ваду з калонкі, то як быць цяпер, калі яе ўбралі? Няўжо прыйдзецца насіць з другога ці трэцяга паверхаў?  Нязручна ж. Ці можна нам часова карыстацца калонкай, скажам, толькі з мая па верасень?” – запыталіся жанчыны.
Гэтае пытанне мы адрасавалі начальніку цэха водазабеспячэння ”Полацкага водаканала” Багдану Вялічку. “Многіх цікавіць, ці можна сезонна карыстацца калонкамі, – адзначыў Багдан Уладзіміравіч. –  На гэта пытанне адкажу адназначна: можна. Але ж для гэтага трэба заключаць дадатковы дагавор. А папярэдне жыхарам шматпавярховак трэба выбраць сабе старэйшыну, на якога ў далейшым аформяць рахунак за выраб водаправоднага калодзежа (ў яго будзе ўстаноўлены лічыльнік вады). Па лічыльніку карыстальнікі вады павінны плаціць штомесячна. Паколькі водаправодны калодзеж і лічыльнік каштуюць нятанна (каля тысячы рублёў), далёка не ўсе адважваюцца на дадатковы дагавор з водаканалам. Разам з тым такія прыклады ёсць у Полацкім раёне. Калі вяскоўцы Шуміліншчыны зробяць гэтак жа – мы пойдзем насустрач”.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №28 ад 10.04.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *