Уладзімір Караткевіч: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой»

Главное Новости

Уладзімір Караткевіч: «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой»

У гэтыя лістападаўскія дні Беларусь адзначае 90 год з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча – беларускага паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, сцэнарыста, класіка беларускай літаратуры.


Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў горадзе Орша Віцебскай вобласці ў сям’і інтэлегентаў. У час Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі ў Пермскай вобласці, пасля ў Арэнбургу. У 1944 вярнуўся ў Оршу, атрымаў сярэднюю адукацыю. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Кіеўскага універсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі настаўнічаў у вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці (1954–1956), у Оршы (1956–1958). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы (1960), Вышэйшыя сцэнарныя курсы (1962) у Маскве.
Свае першыя вершы Уладзімір Караткевіч апублікаваў у 1951 годзе (аршанская раённая газета «Ленінскі прызыў»). У 1955-м верш «Машэка» быў змешчаны ў часопісе «Полымя». Выйшлі зборнікі паэзіі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (вершы і паэма, 1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду.» (вершы і паэмы, 1986).
Прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Караткевіча прываблівае высокая мастацкая культура і гуманістычнае гучанне яго твораў, непаўторная манера пісьма, мілагучная мова. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру тэматычна і жанрава, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Менавіта Уладзімір Караткевіч першы звярнуўся да жанру гістарычнага раману. Пісьменнік узняў шырокія пласты нацыянальнай гісторыі, перадаў дух мінулых эпох, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет сваіх герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам народным.
А яшчэ Уладзімір Караткевіч лічыцца першым савецкім пісьменнікам дэтэктыўнага жанру. Да яго цікавыя дэтэктывы пісалі, па сутнасці, толькі замежныя аўтары. Праз гэты «лёгкі» жанр пісьменнік праводзіў вялікія думкі і ідэі беларускасці. У тыя гады Караткевіч рабіў немагчымае, ён мяняў адносіны да гісторыі, якая, як аказалася, у беларусаў ёсць. Многія маладыя людзі зацікавіліся гісторыяй, дзякуючы Караткевічу. «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», «Зямля пад белымі крыламі», «Ладдзя Роспачы» – творы, якімі аднолькава захапляюцца чытачы розных узростаў і якія абавязкова трэба прачытаць.
Паводле звестак кнігагандлёвага прадпрыемства «Белкніга», нават праз 36 гадоў пасля адыходу ў нябыт Уладзімір Караткевіч уваходзіць у лік самых чытаемых і прадаваемых аўтараў. Летась перавыданне «Каласы пад сярпом тваім» стала «Кнігай года». А за першае паўгоддзе 2020-га ў топе на 5-м і 4-м месцы сярод дзесяці лідараў продажу – «Каласы пад сярпом тваім» і «Дзікае паляванне караля Стаха» (абедзве кнігі – выдавецтва «Папуры», 2018).
Уладзімір Караткевіч памёр 25 ліпеня 1984 года ў Мінску. Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. За раман «Нельга забыць» у 1983 годзе прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа, a за раман «Чорны замак Альшанскі» ў 1984 годзе – Дзяржаўная прэмія БССР імя Якуба Коласа (пасмяротна).
Падрыхтавала Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *