На совещании в райисполкоме подвели итоги подворного обхода в Ковляковском сельсовете

Актуалии Общество Президент

У кожны двор. У кожны дом
У снежні мінулага года быў праведзены падворны абход населеных пунктаў Светласельскага сельсавета. Зараз завяршыўся падворны абход у Каўлякоўскім сельсавеце. Які эфект ад гэтых мерапрыемстваў? Ці ёсць сэнс працягваць гэту работу? Што ў рэшце рэшт гэта дае людзям? Гэтыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі нарады, якую правёў 16 студзеня старшыня райвыканкама У. П. Куранны.
Старшыня райвыканкама перакананы ў неабходнасці такіх форм работы з насельніцтвам. На яго думку, гэта прымусіць кожную раённую службу без напаміну і валакіты рашаць свае пытанні, прывучыць спецыялістаў да дысцыпліны і аператыўнасці. З другога боку, калі да справы падыходзіць прынцыпова, падворныя абходы павінны і насельніцтва прывучыць да большай адказнасці за ўласны дабрабыт, за парадак на сваім двары, у сваім пасёлку, вёсцы.
А пакуль ідзе карпатлівая работа па кожнаму зададзенаму пытанню. У Светласельскім сельсавеце падчас падворнага абходу іх было 62, а з улікам тых, хто звярнуўся на асабістым прыёме да старшыні райвыканкама, на 10 болей. Старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў далажыў пра тое, што зроблена па зваротах людзей. Не будзем падрабязна на гэтым спыняцца, бо газета давала такую інфармацыю (№ 2 за 6 студзеня), адзначым толькі, што пераважная большасць пытанняў знайшла станоўчае вырашэнне, а такія, як рамонт дарогі ці дзіцячай пляцоўкі, будуць зроблены пазней, у больш спрыяльны пагодлівы час. Старшыня сельвыканкама запэўніў, што трымае ўсе пытанні пад асабістым кантролем, сам стараецца сустрэцца з кожным заяўнікам, упэўніцца, што людзей задавальняе, як рашаецца іх просьба ці скарга.
У Каўлякоўскім сельсавеце пры падворным абходзе паступілі 34 звароты. Прысутныя на нарадзе спецыялісты райвыканкама і раённых службаў далажылі сітуацыю літаральна па кожнай вёсцы, па кожным узнятым пытанні. У вяскоўцаў розныя праблемы: у Любічах просяць ліхтар перанесці, у Навіках – адрэгуляваць электразабеспячэнне, каб не было перападаў, у Альшаніках – убраць старыя дрэвы на могілках, у Стралках – забраць хворую жыхарку вёскі на сацыяльны ложак, у пасёлку Заводскім – абсталяваць прыпыначны пункт… У Саўчонках, Навіках, Полькавічах, Бондараве і іншых вёсках незадаволены ў той ці іншай меры работай гандлю.
Апроч гэтага, паступілі пытанні і падчас правядзення ў сельсавеце выязных прыёмаў кіраўніцтва раёна. Старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, якая праводзіла выязны прыём грамадзян у Навіках, дадала да сказанага яшчэ два пытанні, якія хвалююць усіх жыхароў Крывасельскага сельсавета: завяршэнне рамонту сельскага клуба і адкрыццё комплекснага прыёмнага пункта ў Крывым Сяле.
Вялікіх праблем у вырашэнні гэтых двух пытанняў старшыня райвыканкама не бачыць, Уладзімір Пятровіч даў тэрмін да 1 лютага на іх вырашэнне.
Што датычыць астатніх зваротаў, то, як паведаміла старшыня Каўлякоўскага сельвыканкама Т. А. Дзятлава, з 34 пытанняў 23 ужо вырашана, астатнія знаходзяцца на кантролі. Крыху пазней у газеце будзе змешчана падрабязная інфармацыя па вырашэнню зваротаў
насельніцтва.
Наогул жа, і гэта было адзначана на нарадзе, і ў Светласельскім, і ў Каўлякоўскім, і ў любым іншым савеце праблемы ў людзей падобныя. Таму і сельвыканкамам, і кіраўніцтву сельгаспрадпрыемстваў, і раённым службам не варта чакаць чарговага падворнага абходу, трэба працаваць на апераджэнне праблем, не зацягваць іх, не валакіціць, не вымушаць людзей скардзіцца ў іншыя інстанцыі.
У. П. Куранны падкрэсліў, што і самі кіраўнікі – сельскагаспадарчай арганізацыі і прамысловага прадпрыемства, сельвыканкама і раённай сужбы, галоўныя спецыялісты – павінны быць прыкладам, узорам навядзення парадку на ўласным падворку, на падведамаснай тэрыторыі, каб мець маральнае права патрабаваць з іншых.
На нарадзе былі разгледжаны і іншыя пытанні. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама А. В. Налецкая зрабіла аналіз узаемадзеяння розных арганізацый раёна па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядбайных сем’ях”. У сувязі са змяненнямі ў заканадаўстве загадчыца юрыдычнага сектара райвыканкама А. А. Тупікава праінфармавала прысутных пра парадак выдалення хмызняковай расліннасці ў межах населеных пунктаў. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама С. Д. Вярцінская сваё выступленне прысвяціла дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №6 ад 20.01.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *