Праздничный репортаж. День Победы в Шумилинском районе

85 лет Витебской области Беларусь помніць Главное Общество

На Шуміліншчыне адзначылі 78-ю гадавіну з Дня Перамогі – урачыста, маштабна і прыгожа: шчымлівымі мітынгамі, святочнымі шэсцямі, адкрыццём новых памятных месцаў, канцэртамі, выставамі, квестамі, яркім салютам.
  Гэтае любімае ўсімі пакаленнямі агульнанацыянальнае свята па традыцыі было напоўнена патрыятычным духам, высокімі шчырымі эмоцыямі, глыбокай удзячнасцю і безумоўным гонарам за гераізм і мужнасць нашых дзядоў і прадзедаў, якія цаной сваіх жыццяў заваявалі нам мір, шчасце і спакой.
 І прырода сёлета зрабіла свой асобны прэзент: падарыла блакітнае неба, цёплы прыгожы дзень. Нават сады не спазніліся з цвіценнем – выглядалі нібы букеты да самага галоўнага свята.

Святочныя мерапрыемствы пачаліся ў раёне за некалькі дзён да свята. 5 мая ў раёне прайшоў традыцыйны велапрабег «Дарогамі вайны» па маршруце Шуміліна – Тропіна – Шуміліна, у якім прыняло ўдзел больш за сто чалавек.

На мемарыяльным комплексе ў Тропіне прайшоў урачысты мітынг, удзел у якім прынялі старшыня райсавета дэпутатаў Мікалай Будневіч і намеснік старшыні райвыканкама старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Ірына Шалахава. Удзельнікі прабегу ўшанавалі памяць савецкіх воінаў хвілінай маўчання, усклалі да могілак вянкі і кветкі.


Прайшлі таксама шматлікія патрыятычныя, культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, прысвечаныя вялікаму святу: акцыя «Парад пад акном» – у той час, як прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый, ваенкамата віншавалі са святам Вялікай Перамогі ветэранаў Вялікай Айчынай вайны Мікалая Мікалаевіча Чапурнова і Віктара Паўлавіча Багатырова з Шуміліна, Генадзію Эдуардаўну Лысанаву з Обалі, пад вокнамі ветэранаў вучні гучна спявалі славутую песню «Дзень Перамогі».

Участники акции «Парад под окнами» поздравляют бывшего блокадника-ленинградца Виктора Павловича Богатырёва из Шумилино.

 

Участники акции «Парад под окнами» поздравляют бывшего блокадника-ленинградца Виктора Павловича Богатырёва из Шумилино.

Акцыя «Пошта Перамогі» была арганізавана Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеем сумесна з раённымі арганізацыямі грамадскіх аб’яднанняў ветэранаў, БРСМ, Беларускага фонду міру.

Удзельнікі акцыі – вучні 6-8 класаў СШ №1 і СШ №2, актывісты грамадскіх арганізацы – падпісалі віншавальныя паштоўкі і лісты на аснове арыгіналаў ваенных гадоў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, вязням канцлагераў, навучыліся складваць салдацкія трохкутнікі.

 

Упершыню сёлета было арганізавана караоке ля фантана «Песні Перамогі», дзе любы жадаючы меў магчымасць узяць у рукі мікрафон і праспяваць песні ваенных гадоў. Прыемна, што сярод аматараў выканаць легендарныя «Кацюшу», «Дзень Перамогі», «Цёмную ноч», «Эх, дарогі…» было шмат моладзі.

Нязгасныя агні памяці ад Вечнага агню на брацкім пахаванні ў райцэнтры запалілі ўвечары 8 мая ўдзельнікі маладзёжнай патрыятычнай акцыі «Свечка памяці», якая прайшла ў рамках абласной акцыі «Запалі агонь у сваім сэрцы». Мерапрыемства стала яскравым сведчаннем таго, што сённяшняя моладзь свята захоўвае памяць пры тых, хто сваімі жыццямі падарыў нам мірнае неба.

 

 

Насычаным на падзеі стаў непасрэдна Дзень Перамогі. Мерапрыемствы разгарнуліся на шматлікіх пляцоўках раёна. Так, у райцэнтры ўрачыстасці пачаліся з адкрыцця Сквера герояў-лётчыкаў, на якое запрасіла Шумілінская СШ №1 і якое стала значнай гістарычнай падзеяй нашага гарадка.

Шуміліншчына ганарыцца тым, што выхавала на сваёй зямлі лётчыкаў-Герояў Савецкага Саюза, якія ў гады вайны змагаліся за мірнае неба над галавой – Мікалая Кузьміча Спырыдзенку і Дзмітрыя Міхайлавіча Мінчугова. Яшчэ 13 лётчыкаў удзельнічалі ў вызваленні Шумілінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Знайшлі пачэснае месца ў скверы таблічкі з іх імёнамі. Галоўнае месца заняў арт-аб’ект – ваенны самалёт СУ-24, які быў перададзены раёну Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь з в/ч г. Бяроза.

Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку прадастаўлена старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргею Галынчыку і старшыні раённай арганізацыі Беларускага Саюза афіцэраў Валерыю Жандараву.

Падзячныя лісты за праяўленую ініцыятыву і актыўны ўдзел у стварэнні Сквера кіраўнік раёна ўручыў намесніку старшыні райвыканкама Руслану Насцюшкіну, дырэктару ДРБУ-204 Уладзіміру Раманаву, дырэктару ПМК-70 Аляксею Крыўко, галоўнаму ляснічаму Шумілінскага лясгаса Іосіфу Гарошчыку, дырэктару РЦДМ Наталлі Пятроўскай, кіраўніку Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Аксане Талстой, дырэктару УП ЖКГ Аляксею Шпакаву, першаму сакратару РК ГА БРСМ Вікторыі Бяляева, дырэктару  ПГУП «Тамара-гандаль» Алене Трошка. Адзначаны значны ўклад супрацоўнікаў гісторыка-краязнаўчага музея, якія падрыхтавалі біяграфічныя інфармацыйныя лісты па ўсіх героях-лётчыках, і дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў, дзякуючы якім у скверы ўстаноўлена вывеска з QR-кодам і імянныя таблічкі.

Неад’емнай часткай святочных мерапрыемстваў стала акцыя «Беларусь помніць. Помнім кожнага». Урачыстае шэсце па вуліцах райцэнтра з партрэтамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – родных і блізкіх, Герояў Савецкага Саюза, тых, хто вызваляў наш раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, узначаліла кіраўніцтва раёна, актывісты грамадскіх ветэранскіх арганізацый. На чале калоны – Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, сцягі Віцебскай вобласці і Шумілінскага раёна. Акцыя аб’яднала ўсе пакаленні шумілінцаў. Подзвіг ваеннага пакалення служыць моладзі прыкладам сапраўднага патрыятызму і мужнасці.

Урачыстае шэсце завяршылася на брацкіх могілках, дзе адбыўся мітынг.

– 78 год таму адгрымелі апошнія залпы Вялікай Айчыннай вайны, якая пакінула пасля сябе сотні тысяч разбураных населеных пунктаў, мільёны скажоных лёсаў, унесла вялікую колькасць чалавечых жыццяў. Беларусь страціла ў вайне кожнага трэцяга жыхара. І у нашым раёне немагчыма знайсці сям’ю, якая б не пацярпела ад акупантаў, – сказаў у выступленні на мітынгу старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык. – На Шуміліншчыне яны спалілі 164 вёскі, больш за 12 тысяч воінаў-вызваліцеляў ляжаць у нашай зямлі. З пачатку года ўвекавечана больш за 80 новых імёнаў. Подзвіг франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў і працаўнікоў тылу навечна ўпісаны ў гісторыю як сімвал усенароднай славы і гордасці. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне была здабыта дзякуючы гераізму і патрыятызму усяго савецкага народа. У гісторыі чалавецтва не было больш вялікай, гераічнай і доўгачаканай падзеі, чым перамога над фашызмам. Мы помнім гэта і ганарымся подзвігам нашых бацькоў і дзядоў, якія адстаялі незалежнасць нашай краіны. 2023 год невыпадкова абвешчаны Годам міру і стварэння –ліхалецце той вайны навучыла нас берагчы мір, змагацца за яго, супрацьстаяць тым, хто нясе яму пагрозу.

Кіраўнік раёна павіншаваў усіх з днём Перамогі і выказаў самыя добрыя пажаданні.

На мітынгу выступіў старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Валерый Жандараў. Шумілінскі благачынны протаіерэй Фёдар Пучынскі заклікаў усіх памаліцца за воінаў, якія загінулі ў барацьбе з ворагам, і адслужыў кароткую ліцію (памінальную малітву).

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання памяць савецкіх салдат, якія загінулі пры вызваленні нашага раёна, і ўсклалі да помніка на брацкіх могілках вянкі і кветкі.

На свята 9 Мая было прымеркавана адкрыццё новай тэматычнай экспазіцыі   «Мінулых год жывая памяць» у Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі, прысвечанай генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Прыемна адзначыць, што выстава мела вялікую папулярнасць у жыхароў і гасцей раёна. Як рыхтавалася экспазіцыя, больш падрабязна мы раскажам у наступным нумары газеты, якраз да Міжнароднага дня музеяў, які адзначаецца 18 мая.

 

 

Свята са слязамі на вачах – Дзень Перамогі немагчымы без святочнага канцэрта. Вось і сёлета самадзейныя артысты, раённыя калектывы, работнікі ўстаноў культуры падарылі гледачам яркія і непаўторныя эмоцыі ад мастацкіх нумароў.

Упершыню ў Шуміліне была арганізавана выстава мотатранспарту «Мотавясна-2023».  Увечары ў райцэнтр з’ехалася каля трыццаці байкераў з Віцебска, Полацка, Сянно, каб ушанаваць памяць загінуўшых, ускласці кветкі на брацкія могілкі. Прыехалі яны і каб падтрымаць сяброў – рок-групу «Эксперымент-12», канцэрт якой прайшоў у РЦК.

У Дзень Перамогі знайшлося месца і спартыўным падзеям. У прыватнасці, стартаваў футбольны сезон. На адноўленым футбольным полі гарадскога стадыёна таварыскі матч у імя Перамогі гулялі дзве шумілінскія каманды – ФК «Шуміліна» і «Алмаз».

 

Завяршыліся ўрачыстасці традыцыйнай акцыяй раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» «Спяём «Дзень Перамогі» разам» і святочным салютам.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *