Главврач Шумилинской ЦРБ Светлана Линкевич: всё о вакцинации

Главное Здоровье

Вакцынацыя ад каранавірусу – абараніць сябе ад хваробы

Усё пра тое, што трэба ведаць пра вакцынацыю, сёння чытачам раённай газеты расказвае галоўны ўрач Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы Святлана ЛІНКЕВІЧ.

Згодна з абласным планам мерапрыемстваў прышчэпачная кампанія разлічана на 4 этапы. На першым этапе прадугледжана вакцынацыя медработнікаў, спецыялістаў сферы адукацыі, сацыяльнай сферы, людзей сталага ўзросту, якія знаходзяцца на сацыяльных ложках ва ўстановах кругласутачнага знаходжання. На 2-м этапе будуць прышчапляцца людзі ва ўзросце 60+, з хранічнымі захворваннямі, якія могуць пагаршаць стан чалавека падчас хваробы. На 3-м этапе вакцыну атрымаюць людзі, у якіх на рабочых месцах ёсць высокая рызыка заражэння: работнікі сферы гандлю, камунальных службаў, вадзіцелі грамадскага транспарту. На апошнім этапе будуць правакцынаваныя ўсе жадаючыя.
На сённяшні дзень у Шумілінскім раёне прышчэплены ад каранавірусу 271 чалавек. З 6 красавіка распачаўся другі этап вакцынацыі.
– Святлана Уладзіміраўна, першае пытанне, якое хвалюе насельніцтва: колькі каштуе працэдура?
– Працэдура абсалютна бясплатная, праводзіцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
– Якой вакцынай прышчэпліваюць у Шумілінскім раёне?
– Зараз прышчэпліваюць расійскай вакцынай «Гам-КОВИД-Вак» (Cпутник V). Схема вакцынацыі ўключае ўвядзенне 2-х кампанентаў з інтэрвалам 21 дзень. Ін’екцыя робіцца ў перадплечча. Усе пацыенты, якім зрабілі вакцынацыю, павінны заставацца пад наглядам медперсаналу на працягу 30 хвілін пасля працэдуры.
– Дзе робіцца прышчэпка?
– У цяперашні час прышчапіцца можна толькі ў Шумілінскай цэнтральнай раённай паліклініцы пасля папярэдняга агляду тэрапеўта і атрымання дазволу на вакцынацыю. Зацверджаны графік правядзення вакцынацыі: панядзелак, серада, пятніца з 9.00 да 16.00; аўторак, чацвер з 9.00 да 18.00.
З 19 красавіка, па меры паступлення вакцыны, вакцынацыя будзе праводзіцца ва ўрачэбных амбулаторыях згодна з графікам: панядзелак – Мікалаеўская бальніца сястрынскага догляду з урачэбнай амбулаторыяй, аўторак – Мікіціхінская ўрачэбная амбулаторыя, серада – Обальская бальніца сястрынскага догляду з урачэбнай амбулаторыяй, чацвер – Мішневіцкая ўрачэбная амбулаторыя, пятніца – Светласельская ўрачэбная амбулаторыя. Для гэтых мэт набыта тэрмасумка.
– Што рабіць чалавеку, які жадае зрабіць прышчэпку ад інфекцыі COVID-19?
– Спецыяльнага алгарытму няма. Трэба звярнуцца ў рэгістратуру. На кожным тэрапеўтычным участку сфарміраваны спісы грамадзян, якія належаць вакцынацыі, згодна з этапамі. Участковыя медсёстры запрашаюць на вакцынацыю. Пасля агляду ўрачом-тэрапеўтам робіцца допуск да прышчэпкі.
– Святлана Уладзіміраўна, хто нават пры самым вялікім жаданні не зможа прышчапіцца? Якія ёсць супрацьпаказанні?
– Вакцынацыя паказана ўсім асобам старэй за 18 год. Да супрацьпаказанняў адносяцца цяжкія алергічныя рэакцыі ў мінулым; цяжарнасць і перыяд груднога ўскормлівання; узрост да 18 год; гіперадчувальнасць да якога-небудзь кампанента вакцыны; вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні; абвастрэнне хранічных захворванняў – у гэтым выпадку вакцынацыю правядуць праз 2-4 тыдні пасля выздараўлення ці рэмісіі; лёгкія вострыя рэспіраторныя захворванні, вострыя кішачныя інфекцыі – вакцынацыю зробяць пасля нармалізацыі тэмпературы. Адным словам, пацыент павінен быць здаровы!
– Ці трэба прышчэплівацца тым, хто перахварэў на каранавірус?
– Адназначна – так! Бо ёсць рызыка паўторнага заражэння.
– Ці трэба як-небудзь рыхтавацца да прышчэпкі? Напрыклад, здаваць ПЦР-тэст?
– У інструкцыі да вакцыны не ўтрымліваецца патрабаванне рабіць тэст на наяўнасць каранавірусу ў арганізме пацыента. Не рэкамендуецца і сералагічны скрынінг (вызначэнне антыцел) перад выкананнем вакцынацыі. Бо доля наяўнасці пэўнай колькасці антыцел пасля выздараўлення ад COVID-19 не гарантуе істотнай абароны ад паўторнага заражэння ўжо праз 3-6 месяцаў і больш з моманту перанесенай інфекцыі.
Збіраючыся на вакцынацыю, ніякіх асаблівых правілаў прытрымлівацца не трэба. А вось пасля вакцынацыі не рэкамендуецца ўжываць алкагольныя напоі па простай прычыне, што яны могуць паўплываць на работу самой вакцыны і дзейнасць імуннай сістэмы.
– Колькі часу трымаецца імунітэт пасля прышчэплівання?
– Чакаецца, што поствакцынальны імунітэт будзе захоўвацца на працягу не менш за 2 гады.
– Калі гэта не сакрэт, галоўны ўрач Шумілінскай ЦРБ прышчапіўся?
– Так, праз 2,5 месяца пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі.
– І як перанеслі?
– Рэакцыяй на ўвядзенне першага кампанента вакцыны было павышэнне тэмпературы да 37,5 градуса на працягу некалькіх гадзін. На другі кампанент ніякіх пабочных эфектаў не назіралася. Хачу адзначыць найбольш частыя рэакцыі для вакцыны супраць COVID-19: лакальныя рэакцыі ў месцы ін’екцыі, ліхаманка, галаўны боль, слабасць, дрыжыкі, мышачны боль і боль у суставах на працягу ад некалькіх гадзін да сутак.
– Якія парады вы можаце даць чытачам раённай газеты і наогул усім жыхарам Шуміліншчыны?
– Вакцынацыя насельніцтва з’яўляецца асноўным і адным з найбольш эфектыўных мер прафілактыкі паветрана-кропельных інфекцый, у тым ліку і каранавіруснай інфекцыі COVID-19. Разам з тым, неабходна помніць пра выкананне такіх мер прафілактыкі, як нашэнне маскі, апрацоўка рук і выкананне сацыяльнага дыстанцыравання.
Размаўляла Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №29 ад 16.04.2021 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *