И в Шумилино, и в Иркутске в память о генерале Белобородове проходит историко-мемориальная экспедиция

Беларусь помніць Главное

Памяці генерала Белабародава

Па ініцыятыве Іркуцкага рэгіянальнага фонду падтрымкі ўдзельнікаў баявых дзеянняў «Ветэран» 24 красавіка праводзіцца гісторыка-мемарыяльная экспедыцыя «Славы герояў будзем дастойны», прысвечаная памяці воінаў сібіракоў і генерала арміі двойчы Героя Савецкага Саюза А. П. Белабародава, ураджэнца Іркуцкай вобласці.

У рамках экспедыцыі 24 красавіка ў 10.00 адначасова ў Іркуцкай вобласці Расійскай Федэрацыі і Віцебскай вобласці пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя аднаму з вызваліцеляў Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У Шумілінскім раёне ў гэты дзень адбудуцца суботнікі на воінскіх могілках. Ва ўстановах адукацыі пройдуць інфармацыйныя гадзіны, прысвечаныя А. П. Белабародаву.
Белабародаў Афанасій Паўланцьевіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і 18 (31) студзеня 1903 года ў вёсцы Акініна-Баклашы Іркуцкай акругі Іркуцкай губерні. Скончыў 3 класы сельскай школы.
У кастрычніку 1919 года ў 16 год дабраахвотнікам уступіў у партызанскі атрад, удзельнічаў у Іркуцкім паўстанні, ваяваў у Забайкаллі. У сакавіку 2020 года вярнуўся ў родную вёску, працаваў у бацькавай гаспадарцы, стаў сакратаром камсамольскай арганізацыі.
У 1923 годзе прызваны ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію, накіраваны курсантам у Іркуцкую пяхотную школу, пазней – у 11-ю Ніжагародскую пяхотную школу, якую скончыў ў 1926 годзе. Служыў у Сібірскай ваеннай акрузе. Удзельнік баёў на Кітайскай Усходняй чыгунцы, замяніў забітага камандзіра роты. За гэты бой узнагароджаны першым ордэнам Чырвонага Сцяга.
У 1933-1936 гадах вучыўся ў Ваеннай акадэміі РСЧА імя Фрунзе. Пасля заканчэння акадэміі служыць на Далёкім Усходзе на розных штабных пасадах.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны з 12 ліпеня 1941 года палкоўнік А. П. Белабародаў камандаваў 78-й стралковай дывізіяй. У лістападзе 1941 года дывізія прыбыла на Заходні фронт, вызначылася ў бітве за Маскву. За масавы гераізм асабовага саставу была ператворана ў 9-ю гвардзейскую стралковую дывізію. Дывізія ваявала на Паўднёва-Заходнім і Сталінградскім франтах.
З кастрычніка 1942 года А. П. Белабародаў ваяваў на Калінінскім фронце, вызваляў Вялікія Лукі, Смаленск, Гарадок. У маі 1944 года яго прызначылі камандзірам 43-й арміі, якая летам 1944 года ўдзельнічала ў Беларускай стратэгічнай аперацыі «Баграціён». Армія вызваляла Віцебск і Шуміліна.
На завяршальным этапе Вялікай Айчыннай вайны 43-я армія ўдзельнічала ў баях ва Усходняй Прусіі, штурмавала Кёнігсберг.
У чэрвені 1945 года генерал Белабародаў пераведзены на Далёкі Усход, дзе ўдзельнічаў у баях з Японіяй, вызваляў Манчжурыю.
Пасля вайны А. П. Белабародаў займаў розныя камандныя пасады, быў ваенным саветнікам у Чэхаславакіі, узначальваў Варонежскую і Маскоўскую ваенныя акругі.
У 1966 годзе трапіў у цяжкую аўтамабільную катастрофу, пасля якой здароўе не аднавілася, ён быў вымушаны пакінуць камандныя пасады. А. П. Белабародаў неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета РСФСР.
1 верасня 1990 года генерал арміі Афанасій Паўланцьевіч Белабародаў памёр. Пахаваны згодна з завяшчаннем на мемарыяльных вайсковых могілках «Снегіры» побач з салдатамі яго дывізіі, якія загінулі ў баях за абарону Масквы восенню 1941 года.
Баявая дзейнасць двойчы Героя Савецкага Саюза А. П. Белабародава адзначана пяццю ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, пяццю ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Суворава 1 і 2 ступені, ордэнам Кутузава 2 ступені, іншымі ордэнамі і медалямі, ён мае ўзнагароды Кітая, Манголіі, Чэхаславакіі, ГДР, Югаславіі, Балгарыі.
Яго роля ў вызваленні Віцебшчыны і Шумілінскага раёна адзначана званнямі Ганаровага грамадзяніна г. Віцебска і Ганаровага грамадзяніна Шуміліна. Імя А. П. Белабародава носіць вуліца ў Віцебску.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Апублікавана ў №31 ад 23.04.2021 г.

А. П. Белабародаў са стужкамі ганаровага грамадзяніна гарадоў Расіі і Беларусі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *