В «Улльском» посевная набирает обороты

Главное Сельское хозяйство Эканоміка

«Хлопцы  сеяць,  а  я  падвожу»

  З такім аптымізмам, як сёлета, у КУСГП «Ульскі» да вясенне-палявых работ у мінулыя гады не прыступалі. Справа ў тым, што нядаўна гаспадарка ўвайшла ў Полацкую інтэграцыйную структуру. Гэта значыць, ёсць надзея, што падставяць плячо і дапамогуць у цяжкай сітуацыі.

  І дапамогу ў «Ульскім» пачалі адчуваць ужо ў пачатку пасяўной. Яшчэ ў канцы сакавіка кіраўніцтва інтэграцыйнай структуры адправіла на ўльскія палеткі двух механізатараў на трактарах з плугамі нямецкай вытворчасці.

   – Ворыва атрымалася проста выдатным, – расказала дырэктар гаспадаркі Валянціна Лабейка. – Адразу можна сеяць – такой апрацоўкі нашы палеткі яшчэ не бачылі. Спадзяемся, што на днях з інтэграцыйнай структуры дапамогуць нам яшчэ і пасяўным агрэгатам. Яшчэ Полацкі КХП выдзеліў 10 тон элітнай пшаніцы. Дапамаглі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Ёсць неабходная колькасць азотных угнаенняў – у Рыпіншчыне карбамідам падкормліваем азімы рапс, чакаем з Полацка механізатараў з іх тэхнікай, каб дапамаглі падкарміць азімыя зерневыя. У будучыню мы глядзім з надзеяй і аптымізмам, спадзяемся на добрую вытворчасць і здабыткі.

  На мінулым тыдні на палетках «Ульскага» разгарнуліся работы па ворыве, апрацоўцы глебы і сяўбе. Ва ўрочышчах Федзькава і Баркі працавалі тры трактары з плугамі, на палетках ля Обалі – два трактары з чызелямі. А вось ва ўрочышча Задоры на МТЗ з баронамі з самага ранку прыехаў  Ігар Барысевіч. Яго работа была бачная здалёк – роўная без камякоў глеба. Яе якасць ацэньвае не толькі кіраўніцтва і агранамічная служба гаспадаркі, але і калегі, якія ідуць след у след на сваіх пасяўных агрэгатах, –  Васіль Аглушэвіч і Уладзімір Прыгун.

  Пакуль чакаем сеялкі, да поля пад’зджае мясцовы механізатар Дзмітрый Цярэнцьеў. «Прывёз 10 тон насення пшаніцы, – расказаў механізатар. – Хлопцы сеяць, а я падвожу.  Вось зараз сеялка пад’едзе да краю поля, будзем запраўляць. За дзень раблю па 2-3 рэйсы да зернясклада. Заўсёды сачу за сеялкамі, каб не прастойвалі».

  Пасля таго, як у «Лемкен» засыпана каля 600 кілаграмаў насення, гутарым з механізатарам Васілём Аглушэвічам. «Сёлетняя вясна практычна нічым не адрозніваецца ад мінулагодніх, – расказаў мужчына. – Сеяць пачалі 6 красавіка. Гэта прывыклы графік для нашай гаспадаркі: заўсёды пачынаем у такі час – у нас многа высокіх палеткаў. Тэхніка ідзе добра, так што за дзень спраўляюся з 15 гектарамі».

  У гэтым годзе КУСГП «Ульскі» трэба засеяць 650 га яравых зерневых, 200 га рапсу, 250 га кукурузы. На раніцу ўчарашняга дня было засеяна 176 га зерневых.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *