65 тысяч пачек контрабандных сигарет изъято в вагоне с углём

Происшествия

Пад вугалем – пачкі цыгарэт
У пошуках дадатковых крыніц даходаў нашы грамадзяне часта разглядаюць розныя варыянты камерцыйнай дзейнасці. Увядзенне з 1 лютага малога прыгранічнага руху з Латвіяй пашырыла перспектывы знешнеэканамічнай дзейнасці як на узроўні буйных суб’ектаў гаспадарання, так і на ўзроўні індывідуальнага прадпрымальніцтва жыхароў дзвюх краін.
Разам з тым, маюць месца не адзінкавыя выпадкі прыцягнення праваахоўнымі органамі да крымінальнай і адміністрацыйнай  адказнасці жыхароў прыгранічных раёнаў вобласці, якія выкарыстоўваюць прыватныя і службовыя паездкі за мяжу з парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь і краін прабывання. Да такога роду парушэнняў адносяцца незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, кантрабанда, перамяшчэнне праз дзяржаўную граніцу з утойваннем ад мытнага кантролю розных тавараў падакцызнай групы, у тым ліку цыгарэт, алкагольнай, спіртаўтрымліваючай прадукцыі, а таксама гаруча-змазачных матэрыялаў.
Члены міжнародных злачынных груповак, якія дзейнічаюць на беларускім накірунку, спрабуюць уцягваць у супрацьпраўную дзейнасць розныя катэгорыі нашых грамадзян, у тым ліку беларускіх машыністаў, што ажыццяўляюць чыгуначныя грузаперавозкі ў Латвію. На замежных інтэрнет-парталах нярэдкія рознага роду паведамленні аб затрыманні работнікаў лакаматыўных брыгад па падазрэнні ў прыналежнасці да кантрабанды, аб спробах незаконнай рэалізацыі тавараў. Аматары лёгкай нажывы, як правіла, спадзяюцца на спрыяльны збег абставін, дазваляючы ўхіліцца ад прадугледжанай заканадаўствам адказнасці.
У 2011 годзе толькі на чыгуначным пункце пропуска “Бігосава” Верхнядзвінскага раёна праваахоўнымі і кантралюючымі органамі канфіскавана і перададзена ў даход дзяржавы тытунёвай прадукцыі на суму каля 1 мільярда рублёў.
Вось некалькі яркіх прыкладаў. У верасні мінулага года ў трох паўвагонах з вугалем грузавога цягніка, які трымаў накірунак на Латвійскую Рэспубліку, выяўлена больш за 65 тысяч пачкаў цыгарэт на суму звыш 172 мільёны рублёў. За кастрычнік і снежань тут жа было канфіскавана звыш 110 пачкаў тытунёвых вырабаў на суму каля 160 мільёнаў рублёў. Зламыснікі хавалі падакцызныя тавары ў цеплавозах, чыгуначных вагонах, выкарыстоўвалі рознага роду хітрыкі пры іх загрузцы.
Згодна з арт. 228 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за здзяйсненне кантрабанды прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення свабоды на тэрмін да 12 год з канфіскацыяй маёмасці. Адміністрацыйнае мытнае правапарушэнне цягне за сабой пакаранне ў адпаведнасці з артыкуламі 14.1-14.19 КоАП Рэспублікі Беларусь.
Падобныя крымінальныя і адміністрацыйныя нормы прысутнічаюць і ў заканадаўчых актах замежных краін. У прыватнасці, артыкул 190 Крымінальнага кодэкса Латвійскай Рэспублікі прадугледжвае максімальнае пакаранне за кантрабанду ў выглядзе пазбаўлення свабоды тэрмінам да 15 год з канфіскацыяй маёмасці. Згодна з арт. 201-12 Кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў Латвійскай Рэспублікі за незаконны ўвоз тавараў на мытную тэрыторыю Латвіі на фізічных асоб накладваецца грашовы штраф у размеры ад 50 да 500 латаў, а на юрыдычных – ад 500 да 5000 латаў, з канфіскацыяй гэтых тавараў ці іншых каштоўнасцей, а таксама транспартнага сродку, які выкарыстоўваўся для іх перавозкі альбо без яго канфіскацыі.
Так што, перш чым разглядаць магчымасць лёгкага абагачэння за кошт кантрабанднай дзейнасці, задумайцеся: а ці супастаўны прыбытак з прадугле-джанай Законам адказнасцю за здзейсненае супрацьпраўнае дзеянне. Што даражэй? Незаплямленая рэпутацыя, няхай і невысокі, але стабільны даход ці прывідная перспектыва разавага “навару”, за які ў большасці выпадкаў прыходзіцца плаціць штрафамі, стратай работы ці што яшчэ горш, губляць асабістую свабоду.
Уладзіслаў ІЗМАЙЛАЎ.
Надрукавана ў №15 ад 21.02.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *