В Шумилинском музее проходит выставка работ Оксаны Зориной «Ажурные узоры»

Культура Мир увлечений Новости

Папяровыя карункі выцінанкі

З 7 красавіка ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі працуе выстава майстра з Культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кольца Віцебска Дзвіна» Аксаны Зорынай.

На адкрыццё выставы прыйшлі сябры музея з раённай ветэранскай арганізацыі, актывісты грамадскіх арганізацый, жыхары райцэнтра. Аксана Зорына захапляецца старадаўнім народным майстэрствам выцінанкі. Зараз перадае майстэрства сынам Аляксандру і Дзянісу.

– Выцінанка добра вядомая ўсім. Калі ў школе перад Новым годам кожны выразаў сняжынкі з паперы, ён не думаў, што гэта таксама выцінанка. Сапраўдны цуд, для якога патрэбны толькі аркуш паперы, нажніцы і фантазія – і вось ужо ў вашых руках нараджаюцца папяровыя карункі. У Беларусі налічваецца 56 майстроў, якія прафесійна займаюцца выцінанкай, і тысячы аматараў гэтага майстэрства, – падкрэсліла Аксана Зорына. Майстар пастаянна ўдзельнічае ў выставах, конкурсах і фестывалях народнай творчасці ў Беларусі і іншых краінах. У 2023 годзе ў розных гарадах пройдзе 10 яе персанальных выстаў.

Традыцыйныя фіранкі, сурвэтка і інструмент, з дапамогай якога яны ствараюцца — авечыя нажніцы.

Навуковы супрацоўнік комплексу «Залатое кольца Віцебска Дзвіна» Іна Садаводава расказала пра гісторыю выцінанкі:
– Як народнае мастацтва выцінанка атрымала развіццё з XIX стагоддзя, калі ў продажы з’явілася танная папера. Сяляне, небагатыя гараджане ўпрыгожвалі выцінанкамі-фіранкамі вокны, паліцы, куфары, бажніцы. Таннасць матэрыялу дазваляла рэгулярна абнаўляць упрыгажэнні. З’явіліся рэгіянальныя аса-блівасці тэхнік выразання, узораў. Вельмі папулярнымі былі ўзоры “дрэва жыцця”, “букет”, “вазон”. Але ў канцы ХХ стагоддзя мастацтвазнаўцам і майстрам народнай творчасці прыйшлося прыкласці намаганні, каб захаваць майстэрства, якое амаль згубілася. Удалося пераняць вопыт ад сталых майстрых, захаваць асноўныя ўзоры і тэхнікі. Папулярная выцінанка і ў нашых суседзяў – Польшчы, Латвіі, Літве, Украіне, а таксама ў Швецыі і нават у Мексіцы. Зразумела, што ў кожнай краіне існуюць свае падыходы і асаблівасці, свае ўзоры. Невыпадкова выцінанка трапла ў спіс Сусветнай нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА.

Аксана Зорына правяла майстар-клас па выцінанцы з выкарыстаннем такога раней папулярнага ў сялян інструмента, як нажніцы для стрыжкі авечак.

Адкрыццё выставы ў музеі ўпрыгожылі народнымі песнямі самадзейныя артысты філіяла «Аўтаклуб» раённага цэнтра культуры.

Пазнаёміцца з выставай «Ажурныя фантазіі» Аксаны Зорынай можна ў шумілінскім музеі да 14 мая.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *