На проверке — готовность школ и детских садов к учебному году

Актуалии Образование

Праверка школ: дзень першы і дзень другі
Пра аўтарытэты і нястачу мужчынскіх рук

Спортивный зал Шумилинской ГОСШ №1

Не будзем збівацца на крайнасць у аналізе спраў з падрыхтоўкай школ і дашкольных устаноў раёна да новага навучальнага года. Адна школа традыцыйна трымала сваю высокую марку, як Обальская СШ, іншыя крыху спасавалі перад рознымі жыццёвымі нягодамі. Адразу агаворымся: усе школы падчас двух дзён праверкі здалі экзамен прыстойна, іншымі словамі, былі прызнаны гатовымі да прыёму дзяцей. Таму няхай нікога не бянтэжыць тое, што ў артыкуле гаворка пойдзе перш за ўсё пра тыя недагляды і пралікі, якія дапусцілі ў школах і садках напярэдадні прыезду камісіі.
Пачнём з Цэнтра пазашкольнай работы. У будынку былой СШ № 1 установа месціцца больш за два гады. Многае для таго, каб стварыць у ЦПР атмасферу ўтульнасці, кіраўніцтва зрабіла. Прыстойна выглядаюць кабінеты, калідор, але не хапае ахайнасці спартыўнай зале (няма выцяжной вентыляцыі, таму і сцены пачарнелі). Ганкі адрамантавалі, аднак ка-лідорчыкі знадворку, такое ўражанне, фарбы не бачылі даўно, хаця надаць ім божы выгляд хапіла б і адной бляшанкі. Убогія, шчыра кажучы, рамы, у некаторых шчыліны з палец. На добры розум, іх трэба даўно мяняць.
Нязграбная і няўтульная музычная студыя, якая туліцца ў цесным пакойчыку былога інтэрната аддзела адукацыі. Па ўсім відаць, трэба шукаць іншы пакой.
У многіх школах не адчуваецца гаспадарлівай мужчынскай рукі. Плён жаночых бачыш: і гожыя прыветлівыя клумбы, як у Добрынскай пачатковай школе, дзе кожны год “прырастаюць” новым дызайнерскім сюжэтам, і акуратна пафарбаванае абсталяванне дзіцячага садка ў Кардоне, і многае іншае. А мужчынскай рукі няма. Да такой думкі прыходзіш, бачачы трэснутыя шыбы, дзе-нідзе  склееныя скотчам, гнілыя рамы, не да канца абкошаныя ўчасткі.

Во дворе Обольской ГОСШ

У Обальскім дзіцячым садзе высякалі хмызняк, нешта падпраўлялі, але ўсё роўна і цэгла ля падмурка адышла, і ганак з высокімі сходцамі — не пад дзіцячую нагу. У Мішкавіцкай СШ побач з парадным уваходам замест апалубкі прыціснулі камянямі дзве дошкі.
Вельмі пастараліся ў Мікіціхінскім садку — дагледжаны дворык,  усё прадумана. Праўда, тут усё лета чакалі альтанку ці ценявую веранду. Абяцала падшэфная гаспадарка, але дзяцей  не пацешылі.
Асобна скажам пра прышкольныя ўчасткі і дворыкі. Суш дзе-нідзе выбіла са звыклай каляіны кветкаводаў. Але каб супрацьстаяць стыхіі, многія палівалі і з сажалак, як у Мікалаёўскім садзе, і з кранаў, хаця ўсё ж перарасходу вады не дапусцілі. “Высушылі”  кветкі ля параднага ўваходу ў Кардонскай СШ, не да канца дагледжана ў гэтым плане Сіроцінская СШ. Тут наогул парадны ганак непрывабны, у трэшчынах, з чэзлымі кветкамі. Чакалі тут лепшага  выгляду славутых у свой час цяпліц. Шкло на дашках пабілася, рэйкі прагнілі. Вельмі небяспечна. Гэта да ранейшай гаворкі пра мужчынскія рукі. “Мужчыны–рабочыя ў школу не ідуць, — у адзін голас гавораць кіраўнікі ўстаноў. — Зарплата смешная”. Таму даводзіцца разрывацца гаспадарчай групе аддзела адукацыі: там рама прагніла, там шыбу замяніць, там паставілі маланкаадводы, так дах цячэ, як зараз у Добрынскай школе, — усё па дробязях. Шкла ад СШ № 1 засталося мора, прывозь і наразай, напілуй штапікаў. Іншая справа — дабітыя, даруйце, школьныя шафы на фоне свежага лінолеума і прыгожых шпалераў, як у Слабадской школе.
Парадавалі дагледжаныя  спартзалы ў Обальскай, Слабадской, Мікіціхінскай СШ. Іншая сітуацыя ў Мішневіцкай СШ, дзе другі год вядуць рамонт у рамках аграгарадка. Тут блок пачатковых класаў хоць сёння гатовы прыняць вучняў, падрыхтавана яшчэ нямала класаў на другім паверсе, але шмат трэба пастарацца будаўнікам, каб школу прынялі безагаворачна.
Пра аўтарытэты. У Добрынскай пачатковай школе-садзе — сістэмная, прадуманая і творчая праца. Стараюцца ўсе — ад дырэктара да прыбіральшчыцы. Як і ў Обальскай СШ. Абальчанам  ёсць чым пахваліцца перад камісіяй: і новым дызайнерскім элементам (вадаспад з керамічнага  збана) ва ўтульным дворыку, і паўсюдным узорным парадкам. Тут не “здаюцца” на волю лёсу цяпліцы. Гаспадыня І. Д. Русакова пахвалілася: прадалі амаль паўтоны агуркоў, 300 кг памідораў. Дырэкцыя школы не ва ўсім разлічвае на бюджэтныя паступленні, а шукае спонсараў (асвоілі на рамонт амаль 71 млн. рублёў, з іх — 18 млн. спонсарскіх).
Праверка школ: дзень трэці і дзень чацвёрты
Свята ведаў — адно на ўсіх

За два наступныя дні праверкі хапіла станоўчых эмоцый і ўражанняў,  напрыклад, пры аглядзе кабінетаў і дворыка СШ № 2. Адкрываюць дарогу да школы дзве сімпатычныя альтанкі пад гожымі дахамі. Парупіліся над іміджам дворыка, што за школай. Тут і дэкаратыўная студня, і разьба па дрэве, і акуратныя лавачкі. Усё гэта, вядома, справа рук аднаго майстравога чалавека — самога дырэктара. Прыдалі  прывабнасці на

Компьютерный класс Амбросовичской д/с-СШ

школьным двары разбітыя клумбы, рабаткі. Удала падрыхтавалі тут спартыўную залу, светлыя пасля касметычнага рамонту класы. Хаця і былі такія-сякія заўвагі, уражанне школа пакінула прыемнае.
У Навікоўскай СШ вёўся рамонт. Трывога за тое, што вучні сядуць у новыя па сутнасці класы да 1 верасня, застаецца, аднак дырэктар А. П. Далімаеў падабраў 7 рэзервовых пакояў. Часова, на выпадак, як кажуць, форс-мажору.  Будынак школы — з 60-х гадоў, два дзесяцігоддзі як мінімум істотнага рамонту не вялося. Таму замена акон на шклаблокі, унутраная аддзелка палепшаць інтэр’ер.
Пра школу ў Ляжнях. Пад’ехалі да будынка, дзе не прыклаўся пэндзаль. Тут рыхтаваліся да рамонту, пасцягвалі ў класы абсталяванне. Але ж 1 верасня на парозе, прыйдуць сюды 14 вучняў пачатковых класаў. Як сустрэне іх школа? Дамовіліся: тэрмінова падрыхтаваць тры вучэбныя класы. Фарба і шпалеры ёсць. А рамонт астатніх класаў і груп для сада можна весці паралельна з вучобай, каб пасля перавесці ў школу і дашкалят.
Падобная сітуацыя з падрыхтоўкай да 1 верасня ў Крывасельскай пачатковай школе-садзе. Да пераводу сада ў сцены школы, якая сама пакуль не зусім падрыхтавана да прыёму вучняў, пройдзе, відаць, нямала часу, таму ў садку пажадана запасціся палівам на  новы ацяпляльны сезон.
Прыемна ўразілі школы-сады ў Полькавічах, Дабеі. Тут і з участкамі працуюць старанна, і падтрымліваюць парадак у саміх пакоях. Як і ў Льнозодскай пачатковай школе-садзе.
Самавіта выглядаюць шумілінскія дзіцячыя сады і сад у аграгарадку Светласельскі. Праўда, у шумілінскіх востра стаяць два пытанні: пра лінолеум, а галоўнае — пра замену аконных рам. У садзе №3 у адной групе паставілі шклопакеты, прыйдзе “свята на вуліцу” і садоў № 1 і № 2. А той, што ў раёне СШ № 2, неўзабаве стане  цесны для выхаванцаў. У мікрараёне ўзводзіцца шмат жылля, і па падліках загадчыцы сада З. А. Зазыба, 72 дзетак ад 2 да 6 гадоў у радыусе ахопу сада. Столькі садок умясціць не зможа, таму трэба, відаць, перакроіць зоны “ўплыву” школ і дашкольных устаноў райцэнтра.
І нарэшце — па СШ №1. На 12 жніўня, калі наведалі школу, тут  была карціна, далёкая ад радаснай. Тым не менш дырэктар М. З. Сямёнаў не губляў аптымізму. Ён паказваў падрыхтаваныя да прыёму вучняў класы, але прасіў дапамагчы актывізаваць работу  маляроў з тым, каб была магчымасць рабочым школы ўслед рыхтаваць класы, як кажуць, пад ключ.
Автор Николай МОРОЗ.
Опубликовано в №63 от 17.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *