Экологический туризм: болотный экстрим в заказнике «Козьянский»

Мир увлечений Новости Спорт, туризм Экология

За экстрымам і ўражаннямі – у Казьянскі заказнік

Сёння ўсё большую папулярнасць ва ўсім свеце, і ў Беларусі ў тым ліку, набывае экалагічны турызм. Турысты аддаюць вялікія грошы, каб пабываць у некранутых чалавекам кутках прыроды, пераадольваць натуральныя перашкоды і ўрэшце проста падыхаць свежым паветрам. Ёсць такое месца і на Шуміліншчыне – рэспубліканскі заказнік «Казьянскі». Заказнік у канцы лета і восенню стаў асабліва прывабным для турыстаў. Як адзначыў яго дырэктар Аляксандр Дабравольскі, за гэты час было арганізавана 8 экскурсій-паходаў для груп ад 4 да 18 турыстаў.

– Два гады назад мы пачалі актыўна рэкламаваць заказнік, – працягвае Аляксандр Юльевіч. – Удзельнічалі ў абласных і рэспубліканскіх выставах, форумах і акцыях. Інфармацыя пра заказнік маецца на сайтах райвыканкама, Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў, vitebsk.biz і belarus.travel. Сваю справу зрабіў і сюжэт ў тэлепраграме «Марш-рут пабудаваны», якая была пака-зана на беларускім тэлебачанні. Першапачаткова найбольшы інтарэс праявіў мінскі турыстычны клуб «Актыўны».

12 турыстаў з «Актыўна-га» далі старт турыстычна-му сезону сёлета. Усё лета мінчане спрабавалі трапіць на Казьяншчыну, але дзейнічала забарона на наведванне лясоў, пасля зняцця якой і быў арганізаваны маршрут «Астаткавыя азёры – нашчадкі белых ледавікоў». Яго працягласць – 9 км. Старт ад вёскі Вішня, далей возера Марынец, цяжкадаступныя нізінныя балоты, вялікая колькасць азярцоў, якія ствараюць складаны мазаічны комплекс, верхавыя балоты, возера Расалай, калонія баброў. Між іншым, падчас паходу некаторыя жанчыны паспелі набраць амаль па два літры журавін. Маршрут цікавы і экстрэмальны, пераадольваецца больш-менш падрыхтаванымі турыстамі дзесьці за чатыры гадзіны (адна гадзіна абыходзіцца турысту ў 3 рублі).

І пайшлі запыты мінскіх і віцебскіх кампаній «Экасістэ-ма турызму», «Індзістур», «Паход у народ». З пяці распрацаваных у «Казьянскім» маршрутаў асаблівай папулярнасцю карыстаюцца два: доўгі «Астаткавыя азёры – нашчадкі белых ледавікоў» і больш кароткі «Вочы балот-азёраў» (працягласць каля 6 км).

«Калі дамаўляемся пра маршрут, абавязкова пытаем пра падрыхтаванасць групы, – расказвае Аляксандр Дабравольскі. – Калі ў групе навічкі, прапануем больш лёгкі карацейшы маршрут. Праўда, ёсць адна важная ўмова: сярод турыстаў не можа быць падлеткаў маладзей за 12 год. Як паказвае прак-тыка, тыдні праз два кліенты зноў тэлефануюць і просяцца на экскурсію па другім маршруце». «Зацягваюць балоты», – усміхаецца кіраўнік заказніка.

Работнікі «Казьянскага» адчуваюць патрэбы экатурыстаў: зараз распрацоўваюць новы 16-цікіламетровы маршрут па ўсходнім беразе возера Расалай, дзе на шляху будзе шэраг цяжкадаступных балот.

– Наш заказнік ужо няблага ведаюць віцебскія і мінскія экатурысты, – падсумоўвае Аляксандр Дабравольскі. – Але трэба, каб быў яшчэ больш пазнавальны. Так, сярод маршрутаў ёсць і аўтамабільныя для сямейнага ці карпаратыўнага адпачынку «Таямніцы Казьяншчыны» і «Спадчына Казьяншчыны», падчас якіх наведваюцца каменны крыж, Шавекенскі валун, дубовая алея ў Красамаі, памятныя знакі спаленым вёскам, возера Расалай. Як гаворыцца, трэба раскруціць і іх, бо гэтыя маршруты ўключаюць і наведване заказніка «Казьянскі». Таксама ў планах набыць снегаступы і лыжы – тады пра экатурызм ў «Казьянскім» зможам гаварыць круглы год, а не толькі летам і восенню.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

У заказніку «Казьянскі» распрацаваны 5 турыстычных маршрутаў па праекце «Обальскае балота – жамчужына Казьянскага краю»: «Чысцікі – царства балотных кулікоў», «Вочы балот-азёраў», «Астаткавыя балоты – нашчадкі белых ледавікоў», «Усход захад: зялёны профіль прыгажосці», «Таямніцы зялёных астравоў». ‹ У гэтым годзе ў заказніку пабывала 98 экатурыстаў. ‹Сёлета заказнік зарабіў амаль адну тысячу рублёў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *