Как отмечали 7 ноября на Шумилинщине? По страницам газеты «Герой працы»

Новости

Як адзначалі Кастрычнік на Шуміліншчыне?

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі назаўжды ўпісаны ў гісторыі многіх краін, якія ўзніклі на прасторах былога Савецкага Саюза. Так, у большасці краін ён не з’яўляецца святочным днём, але застаецца важнай гістарычнай датай. Прадстаўнікі старэйшых пакаленняў памятаюць, з якім размахам адзначалася свята ў савецкім мінулым: з дэманстрацыямі, мітынгамі, канцэртамі, рапартамі арганізацый аб працоўных дасягненнях, урачыстымі адкрыццямі сацыяльных аб’ектаў і жылых дамоў. Мы вырашылі зрабіць невялікі экскурс па старонках раённай газеты, каб даведацца аб святкаванні Дня Вялікай сацыялістычнай кастрычніцкай рэвалюцыі ў далёкім і блізкім мінулым.

1973 год.
Акрамя артыкула сакратара райкама КПБ В. Мароза “Вялікае свята працоўных”, прысвечанага лепшым працаўнікам раёна, на першай старонцы друкуюцца рапарты аб працоўных перамогах жывёлаво-даў Шуміліншчыны. Так, даярка саўгаса імя Кароткіна А. С. Окунева паведамляе, што “работнікі малочнатаварных ферм нашай гаспадаркі 56-ю гадавіну Вялікага кастрычніка сустракаюць добрымі працоўнымі падарункамі. За дзесяць месяцаў ад каровы надоена больш як па 2300 кілаграмаў малака. Наша ферма Куракі ў святочныя дні выходзіць на 3000-кілаграмовы рубеж надояў. Па маёй групе за дзесяць месяцаў надой ад каровы склаў больш як 3200 кілаграмаў”.

У карэспандэнцыі “Поспех жывёлаводаў” паведамляецца, што “новых працоўных поспехаў дабіліся работнікі фермы маладняку буйной рагатай жывёлы ў вёсцы Смалькі калгаса імя Леніна, дзе працуе Герой Сацыялістычнай Працы С. Т. Пальвінская. Сярэднясутачныя прывагі гадаванцаў на 1 лістапада склалі 800 грамаў. За 10 месяцаў атрымана 54 тоны прывагі пры плане 35 тон”.

1988 год.
Святочны нумар прысвечаны працоўным дасягненням работнікаў прадпрыемстваў Шуміліншчыны. “Камсамольска-маладзёжны калектыў цэха нетарфяной прадукцыі торфапрадпрыемства “Дабееўскі мох” планавае заданне трэцяга года пяцігодкі — выдаць таварнай прадукцыі на 960 тысяч рублёў — выканаў датэрмінова, 5 лістапада 1988 года” — паведамляе артыкул “План года — да свята Кастрычніка”.

“Старанна працуюць у гэтыя лістападаўскія дні нашы даяркі з фермы Валатоўкі Валянціна Якаўлеўна Раманенка і Людміла Іванаўна Фадзеева. В. Я. Раманенка і сёлета дасягне чатырохтысячнага надою на карову. Ушчыльную наблізіцца да гэтай мяжы і яе сяброўка па рабоце”, — піша ў нататцы “У кагорце лепшых” эканаміст саўгаса “Мішневічы” А. Сазонаў.

Начальнік  планавага  аддзела ДРБУ-204 А. Герасімаў у інфармацыі “Плён дружнай працы” піша, што “добра ідуць вытворчыя справы на асфальтабетонным заводзе ў пасёлку Прыазёрны. Пры гадавым заданні ў 27 тыс. тон тут па стане на 1 лістапада выдадзена 30,5 тыс. тон асфальту”.

1989 год
Святочны нумар змяшчае артыкул першага сакратара райкама КПБ У. С. Пясоцкага “Справа перабудовы – у нашых руках”. Даклад насычаны шматлікімі імёнамі перадавікоў вытворчасці як прамысловых прадпрыемстваў Шумілінскага раёна – ОКЗ, ДРБУ-204, ПМК-70, сырзавода, райспажыўтаварыства, ПМК-25, механічнага завода, так і сельскагаспадарчых арганізацый – калгасаў імя Мічурына, імя Сіпко, імя Леніна, “Іскра”, імя Ільіча, саўгасаў імя Кароткіна, “Лаўжанскі”, “Мішневічы”, “Сіроцінскі”. У нумары змешчана фота даяркі калгаса імя Урыцкага Раісы Леанідаўны Дарашчонак, якая за тры кварталы года надаіла па 3015 кілаграмаў малака ад каровы.

1991 год
Год, які пачаўся рэферэндумам аб захаванні і пераўтварэнні СССР, заканчваецца распадам Савецкага Саюза, у грамадстве ідзе пераацэнка не толькі бягучых падзей, але і ўсяго гістарычнага шляху. У Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь ідзе дыскусія аб усталяванні святочных дат. У ліку самых спрэчных – Дзень Кастрычніцкай рэва-люцыі 7 лістапада. “Найшла каса на камень” – так называецца рэпартаж БЕЛТА аб парламенцкай дыскусіі.

У святочным нумары на старонках раёнкі таксама разгарнулася дыскусія на гэтую тэму. “З гісторыі не выкрасліш” – такі загаловак носіць рэдакцыйны артыкул на першай старонцы газеты, які адкрывае падборку матэрыялаў. “Куды мы ідзем?” – задаецца пытаннем вадзіцель саўгаса “Казьяны” В. Краўчанка. Ён згадвае значэнне рэвалюцыйных падзей у жыцці савецкага народа, спрачаецца з тымі, хто выступае супраць дасягненняў рэвалюцыі. Звяртаецца да дэпутатаў з прапановай заняцца надзённымі справамі, сапраўднымі праблемамі эканомікі і сацыяльнага жыцця замест “бясконцай балбатні пра паляпшэнне жыцця народа”. “Ці патрэбны нам Кастрычнік? Я перакананы ў тым, што патрэбны”, – падсумоўвае ён. “Святу быць!” – лічыць М. Мацвеенка, персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння, інвалід Вялікай Айчыннай вайны 2 групы. “Ідэі Вялікага Кастрычніка, заваёвы і здзяйсненні Савецкай улады павінны жыць і развівацца”, – сцвярджае ён ад імя ветэранаў. “Ці настане гэты дзень?” – артыкул Анатоля Бруцкага прысвечаны разважанню на тэму рэвалюцыйных працэсаў наогул, іх неадназначнасці і складанасці. “У кастрычніку 1917 года рэвалюцыйныя матросы і рабочыя пайшлі на штурм старога свету з вялікай верай у дастойнае жыццё. Ці маем мы права іх сёння асудзіць? – задаецца пытаннем аўтар. – Гэта наша гісторыя, наш боль і смутак”.

Калі сітуацыя ў грамадстве стабілізавалася, на падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі сталі глядзець больш разважліва. Свята было адноўлена ў 1995 годзе. Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі заняў сваё месца ў святочным календары Беларусі. Вяртаюцца і традыцыі сустракаць дзяржаўныя святы падарункамі для людзей, аб чым працягвае пісаць раённая газета.

2020 год
“У падарунак да свята – новы дом на 40 кватэр” – рэпартаж аб урачыстым адкрыцці новага 40-кватэрана-га жылога дома ў завулку Угнявёнка. Урачыстае мерапрыемства прайшло з удзелам старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева.

Падарожжа ў мінулае зрабіў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *