Да юбілея Янкі Купалы

Актуалии

Помнік Я. Купалу ў Ляўках

Такім Ён быў у жыцці
Прапануем успаміны жонкі беларускага песняра Уладзіславы Францаўны  Луцэвіч. Яны падаюцца скарочана,  тым не менш  даюць даволі выразную карціну таго, якім быў у жыцці Янка Купала…
У канцы 1913 года, успамінае яна, Я. Купала вярнуўся з Пецярбурга ў Вільню. Тут ён неўзабаве ўзяўся рэдагаваць газету “Наша ніва”. Трэба сказаць, прыезд песняра ўсхваляваў у Вільні ўсю беларускую грамадскасць. Асабліва яго любіла моладзь. Цётка (Алаіза Пашкевіч) да Купалы ставілася з сардэчнай цеплынёй і чуласцю. Яна не раз казала сваім сябрам: “Не ведаю, чаму я так люблю гэтага Купалку”. Купала ахвотна прымаў удзел у літаратурных сустрэчах. Ён звычайна сядзеў, курыў. Гаварыў мала, больш слухаў. Успомнілі пра Сяргея Палуяна.  Жыццё Янкі Купалы ў Вільні звязана з імем гэтага здольнага маладога пісьменніка. Сяргей быў самы блізкі сябар Купалы, ён шчыра любіў Беларусь і ненавідзеў прыгнёт і лакейства.  Не змогшы перанесці  сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, Палуян у хвіліны роспачы скончыў жыццё самагубствам. Смерць Палуяна глыбока падзейнічала на Купалу. Ён прысвяціў свайму  любімаму другу выдатную паэму “Курган”, а Максім Багдановіч прысвяціў яму свой першы зборнік “Вянок”.
Янка Купала быў вельмі горды, ніколі не любіў скардзіцца на свой лёс. Любімым адпачынкам паэта былі тэатр і музыка. Каб пайсці  ў тэатр ці на канцэрт, ён адмаўляў сабе ў абедзе.
Нялёгка складвалася ў Купалы рэдактарства ў газеце “Наша ніва”. Справа ў тым, што першыя нумары газеты выйшлі падчас Першай імперыялістычнай вайны. Вільня стала прыфрантавым горадам. Вайна паклала адбітак на літаратурнае жыццё. Не выходзіла амаль ніводнага нумара газеты “Наша ніва”, у якой бы не было слядоў цэнзуры — белых палос. 16 студзеня 1915 года за артыкул “Думкі”  быў канфіскаваны другі нумар  газеты. Я. Купала як рэдактар прыцягваўся да судовай адказнасці.
Нямала месца ва ўспамінах У. Луцэвіч займаюць ўспаміны ляўкоўскага часу. Першы раз у 1935 годзе Янка Купала разам з Петрусём Броўкам  паехалі ў творчую камандзіроўку на Аршаншчыну. Іх накіравалі ў Ляўкі. Гэтае падарожжа ўразіла паэта, і ён, вярнуўшыся з паездкі, задумаў пабудаваць у Ляўках сабе хату-дачу. Ён вельмі любіў прыроду і адпачынак у ціхай вёсцы. Ён мог доўга слухаць шум бору, глядзець на Дняпро.
Я. Купала па сваёй натуры быў маўклівы. Гаваркі ён быў толькі з дзецьмі. І калі ён задумваў напісаць які-небудзь новы верш, ён рабіўся маўкліва-задуменны, стараўся застацца адзін, каб ніхто яму не перашкаджаў.   Уладзіслава Францаўна ведала пра гэта і беражліва ставілася да ягоных “капрызаў”, не дапускала нікога ў яго рабочы кабінет. Але калі прыязджалі лепшыя сябры — Колас, Чорны, Лынькоў, Крапіва — ён сустракаў іх з радаснай усмешкай…
Падрыхтаваў Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №42 ад 29.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *