Ровесники области. Строила школу и завод в Оболи

85 лет Витебской области Людзі і лёсы Общество

Будавала ў Обалі школу і завод

–  Іду расчышчаць снег ля калодзежа! – сказала Таццяна Іванаўна Зайцава з Обалі, якую сустрэлі ля веснічак з вядром і рыдлёўкай у руках. – Завіруха і снегапады нас не пакідаюць, прыходзіцца расчышчацца кожны дзень.

І няважна, што за плячыма 85 гадоў (на мінулым тыдні справіла юбілей), што

здароўе падводзіць. «Усё роўна трэба рухацца, не сядзець на месцы», – дзеліцца сакрэтамі свайго даўгалецця Таццяна Зайцава. Яна помніць ваеннае ліхалецце (тады з бацькамі жыла ў Гарадоцкім раё-не), як немцы расстралялі цётку і дзядзьку за сувязь з партызанамі, як памёр бацька з голаду, як усю зіму не хадзіла ў школу, бо не было чаго абуць і апрануць.

У 15 гадоў яна пайшла працаваць у мясцовую гаспадарку, а ў 18 ужо была звеннявой калгаса. На млын у Шуміліна вазілі на конях зерне, і аднойчы заехалі да знаёмых у Слабаду. Гаспадыні так спадабалася Таццяна, што яна параіла свайму пляменніку Мікалаю з Обалі ўзяць яе ў жонкі. Праз некаторы час да Таццяны прыехалі сваты.

З мужам Мікалаем выхавалі дваіх сыноў. Праўда, адзін трагічна загінуў.

Амаль сорак гадоў Таццяна Іванаўна адпрацавала на будаўніцтве. Спачатку

ўладкавалася ў будаўнічую брыгаду торфапрадпрыемства імя Даўмана. Узводзілі механічную майстэрню, будынак слясарнай. Потым будавалі праз Обаль дарогу. «Прывязуць, бывала, прычэп пяску, а з яго трэба выбраць каменьчыкі, – успамінае Таццяна Зайцава. – Потым разраўняць уручную краі дарогі, якую палівалі спецыяльным растворам накшталт смалы. Абутак “гарэў” на вачах, толькі і паспявалі купляць новы. У 60-х гадах я перайшла працаваць у полацкую арганізацыі СУ-112. Больш за год мы будавалі мясцовую школу. Да таго часу я ўжо вывучылася на муляра, але была недастаткова вопытнай. Бывала, кладу з цэглы кладку, а брыгадзір падыдзе і моўчкі скіне мае цагліны. Перакладваю зноў, стараюся. Так і навучылася. Помню, на будаўніцтве Обальскай школы іншы раз працавалі да апоўначы, бо трэба было зрасходаваць прывезены раствор».

Таццяна Зайцава прымала ўдзел у будаўніцтве Обальскага керамічнага завода. За шматгадовую плённую працу ёй, як і многім іншым работнікам, выдзелілі ў Обалі кватэру са зручнасцямі, але жыць туды сям’я так і не пайшла, бо трэба было даглядаць хворую свякроў. І зараз жанчына жыве ў доме, а кватэру аддала сыну.

– Што любіце рабіць ў вольны час? – пытаюся ў Таццяны Іванаўны.

– Працаваць, – кажа тая. – Работы на падворку і агародзе хапае. Цяпер трэба паліць печку, а ў маразы і не адзін раз. У печцы пяку бліны і начыняю іх тварагом, гатую поліўку і чакаю ў госці сына з нявесткай.

Ім, а таксама сваім унукам Таццяна Іванаўна любіць раз-пораз даць мудры жыцейскі наказ: «Не рабіце ў жыцці нічога благога!».

Ларыса КІСЯЛЁВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *