Сын лётчика Дубосарского, освобождавшего Шумилинский район и погибшего здесь, приехал на могилу отца

80 лет освобождения Беларуси Общество

Пакланіцца магіле бацькі

Памяць. Яна непадуладная часу, для яе няма адлегласцяў, яна жыве ў душы і сэрцы. Мы помнім сваіх продкаў, пакуль жывыя самі, прыходзім пакланіцца іх магілам. Вось і Уладзімір Анатольевіч Дубасарскі прыехаў на Шуміліншчыну з Адэсы, каб ушанаваць памяць бацькі, лётчыка Анатоля Іванавіча Дубасарскага, які загінуў, вызваляючы Шумілінскі раён. Апошні раз ён быў тут 12 гадоў таму.

Уладзімір Анатольевіч Дубасарскі завітаў у СШ № 2, якая носіць імя яго бацькі Анатоля Іванавіча Дубасарскага. Каля памятнага знака прайшоў мітынг-рэквіем, вядучыя расказалі пра лётчыка-інструктара Армавірскай ваеннай авіяцыйнай школы пілотаў Анатоля Дубасарскага, які да Вялікай Айчыннай вайны працаваў шафёрам і займаўся ў Адэскім аэраклубе. З верасня 1943 года малодшы сяржант Дубасарскі рыхтаваў на фронт баявых лётчыкаў, удзельнічаў і сам у баявых аперацыях. У музейным кутку школы захаваліся ўспаміны жыхара вёскі Сахоненкі Яўгена Слемянёва, відавочцы трагічных падзей 1944 года. Ён расказваў, што 6 лютага 1944 года на небе назіраў, як ІЛ-2 атакоўвалі чатыры нямецкія самалёты, як раптам на выручку падаспеў савецкі самалёт. Выручаючы таварышаў з бяды, лётчык загінуў. Гэта і быў Анатоль Дубасарскі. Рэшткі самалёта, а таксама запісную кніжку, пісталет ТТ, парашут знайшлі толькі ў 1964 годзе пры правядзенні меліярацыйных работ. Астанкі лётчыка-героя былі пахаваны на брацкай магіле ў Шуміліне.

На мітынгу слова ўзяў Уладзімір Дубасарскі. Ён падзякаваў дарослым і дзецям за тое, што беражліва даглядаюць магілу бацькі, што шануюць яго памяць і стварылі ў школе музейны куток. Уладзімір Анатольевіч адзначыў, што быў у Шуміліне 12 гадоў таму, і цяпер райцэнтр не пазнаць – прыгожыя вуліцы, дагледжаныя дарогі, новыя дамы, адрамантаваная школа. Ён заклікаў усіх берагчы тое, што маюць, цаніць клопат дзяржавы і раённага кіраўніцтва.

«У актавай зале была арганізавана сустрэча з шаноўным госцем, – расказала васьмікласніца Дар’я Калеснікава. – Падпалкоўнік у адстаўцы расказаў, што прадоўжыў сямейную дынастыю ваенных. Ён перакананы, што самая лепшая прафесія для хлопцаў – быць салдатам, абаронцам Радзімы».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *