В Мишневичах Дмитрия Шашкова до сих пор Анискиным зовут

Людзі і лёсы Общество

Мішневіцкі «Аніскін»
Са школьных гадоў добра памятаю, як  ярка-жоўты матацыкл з люлькай  з’яўляўся то на адной, то на другой вуліцы Мішневіч ці блізляжачых вёсак. Законапаслухмяныя людзі адносіліся да гэтай з’явы спакойна: ведалі – гэта працуе ўчастковы. А вось для абібокаў і п’яніц гэта быў трывожны знак: уцякай, адгаворкі не дапамогуць. Вось такім – справядлівым, сумленным і  строгім – помняць жыхары Мішневіч свайго ўчастковага Дзмітрыя Мікалаевіча Шашкова.
Ён не заканчваў школу міліцыі, быў усяго майстрам сельскагаспадарчай вытворчасці. Дзмітрыя Шашкова ў 60-я гады прыгледзеў тадышні начальнік міліцыі М. У. Паршыкаў. Вырашыў, што з гэтага самастойнага і сумленнага хлопца будзе добры ўчастковы. І не памыліўся. Амаль за 24 гады службы ў міліцыі (і ўсё на адным участку) Дзмітрый Мікалаевіч “з’ездзіў тры матацыклы”, раскрыў шмат крымінальных спраў, па гарачых слядах знайшоў нямала злачынцаў.  Вяскоўцы з любоўю і павагай называлі свайго ўчастковага «наш  Аніскін».
“Раней участковыя інспектары адносіліся да  органаў дазнання, – кажа Д. М. Шашкоў. – Мы разглядалі, расследавалі і ўзбуджалі крымінальныя справы па хуліганству, сацыяльнаму ўтрыманству, за ухіленне ад выплаты аліментаў, за незаконныя высечкі дрэў у лесе, за браканьерства. Часта дапамагалі мясцовыя жыхары. Помню, яны неаднаразова тэлефанавалі ў міліцыю, калі, збіраючы ягады ці грыбы, знаходзілі ў лесе забітых ласёў”. У большасці выпадкаў асоба браканьера хутка станавілася вядомай. Для парушальнікаў закона і сёння становіцца загадкай, як вясковы ўчастковы – па слядах, паху ці інтуіцыі – прыходзіў менавіта на іхні двор, праводзіў прафілактычныя гутаркі. Здаецца, усё ў рамках закону, але праз некаторы час з’яўляліся неаспрэчныя доказы вінаватых.
“Самым лепшым участковым на Шуміліншчыне лічылі Дзмітрыя Шашкова, – успамінае былы начальнік РАУС М. Я. Барадаўка. – Да бездакорную службу яму неаднаразова ўручаліся падзякі Міністэрства ўнутраных спраў БССР, УУС Віцебскага аблвыканкама. Яму, адзінаму ў раёне ўчастковаму, было прысвоена званне капітана міліцыі (гэта на адну ступень вышэй, чым прадугледжана штатам). Заслужыў такую павагу добрай работай”. І гэта яшчэ не поўны спіс узнагарод: Дзмітрый Мікалаевіч мае медалі “За бездакорную службу” (першай, другой і трэцяй ступеняў), “Ветэран працы” і “50 год Савецкай міліцыі”.
Д. М. Шашкоў абслугоўваў Мішневіцкі, Казьянскі і Сіроцінскі сельсаветы.  А ў пачатку сваёй працоўнай дзейнасці працаваў яшчэ і на тэрыторыі калгаса “Чырвоная гвардыя”, што быў у в. Чаронка Обальскага сельсавета. Сталыя жыхары з Мішневіч расказалі, што кожны вясковец здаля пазнаваў участковага не толькі па матацыкле, але і па знешняму выгляду, па паходцы. “Гэта прафесіянал сваёй справы, – кажа пра Дзмітрыя Мікалаевіча былы старшыня Мішневіцкага сельвыканкама Ф. П. Юркевіч. – Мы разумелі адзін аднаго з паўслова. Бывала, пойдзем на падворны абход, дык пільнае вока ўчастковага абавязкова ўгледзіць незарэгістраваную вінтоўку,  самагонны апарат ці рыбалоўную сетку. Разам з гэтым участковы праводзіў прафілактычныя гутаркі з землякамі: ён ведаў, каго і аб чым трэба папярэдзіць, каму расказаць пра крымінальную адказнасць, а каму прыгразіць штрафам”. Вядома, рабочы дзень участковага не ўкладваўся ў класічныя “з васьмі да пяці”, іншы раз прыходзілася працаваць і ноччу. Паедзе, бывала, зімой на Казьяншчыну, дарогу да вечара замяце – не прабіцца. Іншы раз такая бязвыхадная сітуацыя, што нават прыходзілася начаваць у занёмых. Старажылы на Казьяншчыне згадваюць, што наперабой запрашалі ўчастковага на начлег, што яго вельмі паважалі і кожная сям’я лічыла за гонар даць яму прытулак.
І на заслужаным адпачынку Дзмітрый Мікалаевіч застаецца чалавекам актыўным, ён цікавіцца палітыкай і жыццём у раёне. Некалькі гадоў таму пасадзіў бор за сваім агародам – цяпер там расце 360 соснаў. Д. М. Шашкоў разводзіць авечак, трымае пчол. Часта ездзіць да сваіх былых калег у Шуміліна на веласіпедзе. Ён такі ж малады, задорны, жартаўлівы, лёгкі на пад’ём. Нягледзячы на тое, што сёння, 5 мая,  Дзмітрый Мікалаевіч святкуе 80-годдзе, ён можа яшчэ і маладым задаць фору.  З нагоды прыезду раённых журналістаў апрануў свой святочны міліцэйскі кіцель (захоўвае яго, як самую дарагую рэч),  ваеннай шырокай хадою выйшаў з хаты. І на вуліцы, здаецца, пасвятлела, ад шчырасці і ўсмешкі земляка.
Дарэчы, савет ветэранаў і супрацоўнікі  РАУС  рыхтуюць для Дзмітрыя Мікалаевіча падарунак:  вечар-партрэт, які будзе ладзіцца ў школе мастацтваў.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *