Елена Петрова-Пигулевская отпраздновала свой юбилей

Общество

Удзячная памяць
Відаць, няма ў раёне чалавека, які не ведае Алену Нікадзімаўну Пятрову (Пігулеўскую). Яна – пастаянны ўдзельнік усіх мерапрыемстваў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне ў Шуміліне і ў аграгарадку Мікіціха, часты госць у школах і цэнтральнай бібліятэцы. Яна займае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Алене Нікадзімаўне ў гэтыя жнівеньскія дні споўнілася 90 год.
Нарадзілася А. Н. Пігулеўская на Гомельшчыне ў 1925 годзе. Калі ёй было 6 галоў, бацькі пераехалі на Далёкі Усход, у Камсамольск-на-Амуры. Менавіта там і даведалася пра пачатак вайны.
Алена Нікадзімаўна стала слухачом спецшколы Беларускага штаба партызанскага руху. Пасля заканчэння курсаў  падрыўніка яе ў складзе групы перапраўляюць за лінію фронту. Група  дайшла да чыгункі Віцебск-Полацк, праблемы са здароўем вымусілі Алену Нікадзімаўну застацца на Шуміліншчыне. Праз некаторы час апынулася ў партызанскім атрадзе “Грозны”, дзе дыверсійна-падрыўной групай кіраваў Васіль Чыкаў. З 1942 па 1944 гады ваявала ў складзе брыгады імя С. Кароткіна.
Пасля вызвалення Беларусі А. Н. Пігулеўская закончыла журналісцкія курсы, настаўнічала ў Докшыцкім раёне, была літаратурным работнікам у газеце “Піянер Беларусі”. Працавала ў Паўднёва-Уральскім выдавецтве. З 1973 года член Саюза журналістаў СССР.
У 80-я гады Алена Нікадзімаўна вярнулася у Беларусь. Па яе словах, з партызанскіх часоў Віцебшчына стала для яе па-асабліваму роднай і блізкай, сюды яе пастаянна цягнула.
Партызанская маладосць – святое для А. Н. Пігулеўскай. Яна можа доўга расказваць пра сяброў-партызан, пра тое, як кожны набліжаў Вялікую Перамогу.
Алена Нікадзімаўна вырашыла напісаць кнігу пра партызанскі рух, дакладней, пра брыгаду імя С. Кароткіна. Тры гады А. Н. Пігулеўская правяла ў архівах, па крупінках вышуквала матэрыялы пра партызанскую брыгаду. У 1988 годзе ў яе быў гатовы рукапіс кнігі “Падрыўнікі” (першая аўтарская назва “За Радзіму ў адказе”). Праўда, кніга выйшла ў свет толькі ў 2005 годзе, у 2007 годзе выйшла другое выданне. Кніга стала данінай памяці ўсяму партызанскаму руху на Беларусі.
18 жніўня, у дзень юбілею шаноўнага ветэрана, шмат цёплых слоў гучала ў адрас А. Н. Пігулеўскай. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў уручыў юбіляру падзяку старшыні  райвыканкама за актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі. Да шчырых віншаванняў далучыліся старшыня Лаўжанскага сельвыканкама С. П. Кійко, дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В. Р. Штуро, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава, кіраўніцтва ААТ “Лаўжанскае”.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў № 65 ад 21.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *