Люди и судьбы. Леонид Скитов из Нового Села

Людзі і лёсы Сельское хозяйство

Працаваў суткамі і будаваў новую хату
У Леаніда Андрэевіча Скітова з вёскі Новае Сяло прыгожы і дыхтоўны дом. І стаіць ён на ўзвышшы, так што ніякае разводдзе яму не страшнае. Бачна, што дом пабудаваны з розумам, талковым будаўніком. А ім з’яўляецца сам гаспадар – Леанід Андрэевіч.
Усё жыццё ён жыве ў Новым Сяле. З’язджаў адсюль толькі двойчы: калі служыў у арміі і калі вучыўся ў Ульскім прафтэхвучылішчы. Больш за сорак гадоў адпрацаваў механізатарам у мясцовым калгасе. Л. А. Скітоў згадаў, як разам са сваім напарнікам Васілём Маркавічам Шыёнкам працаваў на гусенічным трактары. Падчаплялі да яго бароны, сеялкі, культыватары, плугі. А пасля работы будавалі сабе новыя хаты. Часу не хапала. Таму паміж сабой дамовіліся працаваць не пазменна, а суткамі – каб больш было часу на будаўніцтва. “Прыйдзеш, бывала, з работы, паспіш гадзіну-другую – і за сякеру, зруб рубіць, – успамінае гаспадар. – Вось гэту самую, у якой жыву зараз. Малады тады быў, дужы, на ўсё сіл хапала”.
І на рабоце ўсё жыццё Леанід Андрэевіч быў у перадавіках. Так, за вынікі работы ў адзінаццатай пяцігодцы ў 1986 годзе ён быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. “Неяк няёмка было тады перад напарнікам, што ордэн далі менавіта мне, – згадвае Л. А. Скітоў. –  Я падышоў да сябра і, нібы апраўдваючыся, сказаў: “Гэта наша агульная заслуга, Маркавіч. І ўвогуле  мне яшчэ многа трэба зрабіць, каб гэты ордэн апраўдаць”.
Леанід Андрэевіч неаднаразова з’яўляўся пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў,  ён узнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”. Працаваў заўсёды роўна, без спешкі, але напорыста і настойліва.  На рабоце не хібіў,  не цярпеў хцівасці і хітрасці. Калі маладзейшы механізатар дрэнна ўзараў, то ён не мог стрымацца, абавязкова, дабіваўся таго, каб гэты ўчастак поля быў апрацаваны добра. Па-іншаму не ўмеў. Не дазваляла сумленне працаўніка, карэннага вяскоўца. “Для сябе ж працуем”, – любіў гаварыць сваім калегам Леанід Андрэевіч. І дзякуючы такім  вось працаўнікам  калгас “Новае жыццё”, а потым і “Рассвет” былі ў перадавіках.
Тыя механізатары, што працавалі разам з Леанідам Андрэевічам, гавораць, што побач са Скітовым немагчыма было працаваць дрэнна. Вопытны механізатар пераконваў не словам, а ўласным прыкладам. І гэты прыклад ацэнены Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Такая шаноўная ўзнагарода – за выдатную работу.
Леанід Андрэевіч беражліва захоўвае свае ўзнагароды, а таксама публікацыі з раённай і абласных газет, дзе пісалі пра яго.
Л. А. Скітоў трымае пасеку, даглядае дом, агарод. Пры неабходнасці яшчэ і суседзям дапаможа.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №29 ад 12.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *