30 лет отдал пожарной службе Олег Данилович из Шумилинского РОЧС

Людзі і лёсы Общество

Выклікаюць агонь на сябе

Пажарнай службе Беларусі сёлета спаўняецца 170 гадоў. За плячыма – гады станаўлення, традыцый і вопыту тых людзей, хто аднойчы выбраў гэты няпросты шлях і ідзе па ім упэўнена і годна, дэманструючы дастойны прыклад адданага служэння людзям, хто сёння з’яўляецца нязменным гарантам бяспекі і своечасовай дапамогі ў бядзе.

СЁННЯ ШУМІЛІНСКІ РАНС – ГЭТА:
55 ратавальнікаў;
адна пажарная аварыйна-ратавальная часць у Шуміліне, пажарны аварыйна-ратавальны пост у г. п. Обаль і пажарны аварыйна-ратавальны пост у аг. Мішневічы;
9 адзінак тэхнікі, з іх адна 30-мятровая пажарная аўталесвіца;
3 легкавыя аўтамабілі.

Напярэдадні свята мы адправіліся ў Шумілінскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, каб сустрэцца і пазнаёміцца бліжэй з самым вопытным ратавальнікам, у якога агульны стаж работы ў пажарнай службе налічвае 30 гадоў! Ёсць такія адданыя справе людзі ў нашым аддзеле.

Знаёмцеся: маёр унутранай службы першы намеснік начальніка РАНС Алег Даніловіч. Стаць пажарным і звязаць свой лёс з ваеннай справай хлопец з горада Наваполацка не марыў, але ж адразу пасля заканчэння школы паступіў у Вышэйшае пажарна-тэхнічнае вучылішча (так тады называўся Універсітэт грамадзянскай абароны МНС) і даволі лёгка закончыў яго.

Пасля вучобы вярнуўся ў родны горад і практычна ўвесь свой прафесійны шлях звязаў з малой радзімай. «У прынцыпе, я ўсюды сябе паспрабаваў, – кажа Алег Аляксандравіч. – Быў начальнікам каравула, начальнікам змены, намеснікам начальніка часці, намеснікам начальніка штаба ліквідацыі НС. Працаваў у гарадскім аддзеле, на заводах-гігантах «Палімір» і «Нафтан». Нязменным усюды заставалася адно – уся служба была звязана непасрэдна з тушэннямі пажараў».

У якасці заахвочвання за дастойную службу А. А. Даніловіча ў пачатку года прызначылі першым намеснікам начальніка Шумілінскага РАНС. Пагоны абавязваюць быць гатовым да пераездаў у любы час, кажа ратавальнік, нягледзячы на тое, што ў горадзе засталася сям’я. І працаваць будзеш там, дзе трэба Радзіме. Аддзел атрымаў патрабавальнага і справядлівага супрацоўніка, а ў якасці дадатковага бонуса – прафесіянала, які выдатна разбіраецца ў тэхніцы. Новы работнік хутка адаптаваўся да новага месца, ацаніў добрую кадравую ўкамплектаванасць, высокі ўзровень падрыхтоўкі супрацоўнікаў аддзела і згуртаванасць калектыва, прыстойную тэхнічную аснашчанасць, арганізацыю работы і быту. У такіх умовах, згадзіцеся, вырашаць пашыраныя задачы намнога прасцей.

Першы намеснік начальніка выязджае на кожны выклік, калі трэба, тушыць пажар і ратуе людзей. За гады службы не адзін раз глядзеў агню ў вочы і ўтаймоўваў яго. Нягледзячы на вялікі вопыт, да чалавечай смерці так і не змог прывыкнуць. Змірыц-ца, што быў чалавек – і няма чалавека, усё роўна складана і сёння, праз тры дзясяткі год.

«Паражае, наколькі многія не цэняць сваё жыццё, не ўсведамляюць наступствы сваіх неахайных дзеянняў і абачлівых паводзін, – зазначае ратавальнік. – Вось нядаўна быў у чалавека падчас работы ў аглядавай камісіі, даводзіў, што нельга курыць п’янаму ў ложку, рэкамендаваў прывесці ў рабочы стан аўтаномны пажарны апавяшчальнік, а літаральна праз месяц выязджаў па гэтым жа адрасе на тушэнне пажару.

Гаспадара, на жаль, уратаваць не ўдалося… Не пачуў мужчына словы-перакананні. Горка і крыўдна. І, канешне, кожны раз, калі ўдаецца выратаваць каго, разумееш, што не дарэмна усё ж працоўны шлях праходзіць менавіта тут. Кожнае выратаванае жыццё таго каштуе».

Дэвіз ратавальнікаў – прафесіяналізм, адвага, гонар, падкрэсліў Алег Даніловіч, і вельмі хочацца, каб для кожнага ра-тавальніка гэта былі не проста словы, а прамое кіраўніцтва да дзеяння. «У нашай рызыкоўнай і небяспечнай прафесіі змогуць працаваць толькі смелыя і мэтанакіраваныя лю-дзі, здольныя ў экстрэмальных сітуацыях пераўзыхо дзіць саміх сябе», – зазначыў ён і пажадаў усім калегам моцнага здароўя, надзейнага тылу і паменш надзвычайных сітуацый.

Рэдакцыя таксама далучаецца да гэтых пажаданняў.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *