Братэрскія сустрэчы на шумілінскай зямлі
Былы воін-інтэрнацыяналіст Валерый Кузняцоў з Рыбінска, які ўзначальвае Яраслаўскую рэгіянальную грамадскую арганізацыю «Доблесць. Адвага. Гонар», на мінулым тыдні наведаў наш раён разам са сваімі сябрамі – паэтам Алегам Неустроевым і валанцёрам Наталляй Ізюмавай.
Старшыня Сіроцінскага сельвыканкама Аксана Шынкевіч падрыхтавала для гасцей насычаную праграму. У першы дзень яны наведалі турыстычны інфармацыйны цэнтр, Обальскі музей камсамольскага падполля, Обальскі керамічны завод. Незабыўнай была сустрэча з міратворцамі Обальскай СШ, дамовіліся, што яны будуць трымаць сувязь з вучнямі школы № 44 г. Рыбінска. Алег Неустроеў, дзядуля якога ў часы Вялікай Айчыннай прымаў удзел у баях каля Полацка, падарыў у школьную бібліятэку кнігі і прачытаў уласныя вершы.
«Я прыязджаю ў Шуміліна ў шосты раз і прывожу з сабой гасцей, якім вельмі падабаецца Беларусь, – адзначыў Валерый Кузняцоў. – У нас агульная памяць, агульная гісторыя. Запрашаем усіх шумілінцаў наведаць Рыбінск – наш горад з нядаўняга часу занесены ў маршрут «Залатога кольца Расіі».
«Мы не забываем традыцыі. Помнім гісторыю».
У другі дзень расіяне наведалі воінскія пахаванні ў Тропіне, ушанавалі памяць загінуўшых, усклалі да помніка кветкі. Пабывалі на воінскіх могілках у Дворышчы, дзе пахаваны дзядуля Валерыя Кузняцова Канстанцін Мікалаевіч Кузняцоў, баец 234-й Яраслаўскай Камуністычнай стралковай дывізіі.
Плённай была сустрэча са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам, падчас якой дамовіліся пра далейшае супрацоўніцтва двух раёнаў.
«Мы рады бачыць вас на шумілінскай зямлі, – заўважыў Мікалай Аляксеевіч. – Мы не забываем традыцыі, помнім гісторыю, захоўваем памяць пра вайну і яе герояў. Падтрымліваем ініцыятыву аб’яднаць сілы ў пошукавай рабоце».
Удзельнікі сустрэчы абмяняліся сувенірамі.
Мужнасць. Братэрства.
У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі была наладжана сустрэча з раённымі грамадскімі арганізацыямі – ветэранскай, «Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане», ветэранскай арганізацыяй РАУС. Абмеркавалі актуальную для абодвух раёнаў тэму ўвекавечання памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны і афганскай.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук падкрэсліў важнасць сустрэчы, патрыятычнага выхавання моладзі на канкрэтных прыкладах гераізму. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шаўнёва расказала пра воінскія пахаванні і памятныя месцы на тэрыторыі раёна, пра ўвекавечанне памяці – летась устаноўлена 127 прозвішчаў загінуўшых салдат, сёлета – 46.
Валерый Кузняцоў узгадаў пра свае экспедыцыі ў Афганістан, пра збор матэрыялаў для мясцовага музея і падарыў шумілінцам трафеі афганскай вайны – карту, манеты, адзенне, пагоны, розныя прадметы быту. Экспанаты папоўняць тэматычную экспазіцыю музея.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



