«На вас аформлены крэдыт»
Тэлефонныя махляры працягваюць ашукваць надта даверлівых шумілінцаў. Толькі 18 верасня следчыя Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбудзілі дзве крымінальныя справы па фактах кіберзлачынстваў.
«17 верасня 30-гадоваму мужчыну патэлефанавалі з замежнага нумара. Прадставіліся работнікамі Белпошты. Расказалі, што на яго прозвішча паступіў заказны ліст. Удакладнілі адрас дастаўкі і сказалі, што ў пацвярджэнне дадзеных трэба перадаць СМС-код, які прыйшоў на тэлефон, – расказвае старшы следчы Шумілінскага раённага адзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Аксана Аглушэвіч. – Праз некалькі хвілін паступіў тэлефонны званок з іншага замежнага нумара. Мужчына пачуў, што пасля папярэдняга тэлефоннага званка на яго аформлены банкаўскі крэдыт на 16 тысяч рублёў. Каб спыніць злачынную схему, неабходна ўзяць крэдыт і сумесна дзейнічаць і, зразумела, усё трымаць у сакрэце і нікому не расказваць». Мужчына адпрасіўся з работы і ў адным з банкаў аформіў крэдыт на 20 тысяч рублёў. На шчасце, гэта адбывался вечарам, грошы на разліковы рахунак павінна былі трапіць толькі раніцай. Мужчына зноў адпрасіўся з работы, па сакрэце расказаўшы сябру сваю гісторыю. Той адразу сказаў: «Табе трэба ў міліцыю, а не ў банк». Так што ў банк мужчына пайшоў са следча-аператыўнай групай. Гэта і выратавала яго ад ашуканцаў.
68-гадовай жыхарцы Шуміліна 17 верасня паступіў званок з невядомага нумара: «На вашу банкаўскую картку аформлены вялікія крэдыты. Калі вы не будзеце з намі супрацоўнічаць, вас пасадзяць у турму». Далей тэлефонным махлярам жанчына пераслала фотаздымкі пашпарта і банкаўскай карткі. Невядомыя дапамаглі ўстанавіць на тэлефон праграму аддаленага доступу і такім чынам атрымалі поўны доступ да смартфона жанчыны. Раніцай 18 верасня з яе банкаўскай карткі было спісана 3 500 рублёў. Пацярпелая звярнулася ў міліцыю.
– Людзі, не вядзіцеся на розныя хітрасці тэлефонных злачынцаў, – звяртаецца да жыхароў раёна начальнік райаддзела Яўген Іваноў. – Запомніце: супрацоўнікі кампаній мабільнай сувязі (банкаў, пракуратуры, міліцыі і г. д.) ніколі не тэлефануюць на ватсап ці іншыя месенджары, ніколі не тэлефануюць з замежных нумароў. Убачыўшы невядомы нумар, проста не адказвайце на яго. Калі паднялі і пачулі, што неабходна перайсці па спасылцы ці перавесці грошы, або наогул даць свае персанальныя дадзеныя, адразу заканчвайце размову.
Аляксандр ШЭДЗЬКО

