Кожная секунда на рахунку

Шумілінскія медыкі службы 103 – у тройцы лепшых на Віцебшчыне!
Першыя адкрытыя гульні-спаборніцтвы сярод брыгад хуткай медыцынскай дапамогі Віцебскай вобласці прайшлі на мінулым тыдні ў Полацкім раёне.
Прафесійны турнір адбыўся на базе лагера «Ленінец» і аб’яднаў больш за 160 удзельнікаў з 27 наймацнейшых каманд паўночнага рэгіёна.
Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і найскладанейшых прафесійных выпрабаванняў каманда Шумілінскага раёна паказала бліскучы вынік і заваявала 3 месца сярод фельчарскіх брыгад. Лепшымі сталі фельчар выязной брыгады Марына Скакунова, медсястра выязной брыгады Алена Сільчанка і вадзіцель Сяргей Дарафееў.
У праграме спаборніцтваў было 10 этапаў на мяжы рэальнасці. Камандам трэба было вырашыць індывідуальныя сітуацыйныя задачы па аказанні экстраннай медыцынскай дапамогі. Ключавым выпрабаваннем стала сімуляцыя надзвычайнай сітуацыі, падчас якой журы ацэньвала зладжанасць і аператыўнасць брыгад у масавым паступленні пацярпелых. Шумілінскай брыгадзе трэба было аказаць дапамогу 12 пацярпелым у змадэляваным здарэнні – выбуху салютаў на вяселлі.
«Мы з калегамі выконвалі сваю работу так, быццам знаходзімся на рэальным выкліку, ужыўшы ўсе свае веды і практычныя навыкі. На кожным заданні былі выпадкі, з якімі мы сутыкаліся ў жыцці. Менавіта вопыт дапамог нам заняць прызавое месца», – падзялілася Марына Скакунова.Падтрымкай для сваіх падапечных у гэты хвалюючы дзень была старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі «Шуміліна» і пост «Обаль» Валянціна Ляпнёва: «Я адчувала вялікае пачуццё гонару за сваіх калег і за тое, што мы ўсе з’яўляемся часткай вялікага калектыву. Удзел у гэтых спаборніцтвах – унікальная магчымасць падзяліцца і пераняць вопыт адзін у аднаго ў максімальна рэалістычных умовах».
Дар’я ЧАПУРНОВА
