
Вырастуць дапамогі, зменяцца тарыфы і прыйдзе час плаціць падаткі
З 1 лістапада ў Беларусі ўступае ў сілу шэраг важных змяненняў, якія закрануць сем’і з дзецьмі, пенсіянераў, уласнікаў жылля, а таксама карыстальнікаў паслуг сувязі.
Новы БПМ
Перш за ўсё павялічыцца бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ). У сярэднім на душу насельніцтва ён складзе 535,7 рубля. Новы памер будзе дзейнічаць да 31 студзеня 2027 года. Рост БПМ аўтаматычна пацягне за сабой перагляд многіх сацыяльных выплат.
Больш грошай на дзетак
Так, аднаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці павялічыцца да 5357 рублёў, другога і наступных дзяцей – да 7499,8 рубля. Вырастуць выплаты жанчынам, якія сталі на ўлік па цяжарнасці ў раннія тэрміны (535,7 руб.), а таксама дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.
Падушка бяспекі для пенсіянераў
Змены закрануць і пенсіянераў. З лістапада павялічацца ўзроставыя даплаты да пенсій, памеры сацыяльных пенсій і дапамог па доглядзе за інвалідамі I групы і пажылымі людзьмі, якія старэй за 80 гадоў.
Час плаціць падаткі
Важная дата для ўладальнікаў нерухомасці і транспарту – 16 лістапада. Да гэтага тэрміну неабходна выплаціць адзіны маёмасны падатак за 2025 год, які ўключае падатак на нерухомасць, зямлю і транспартныя сродкі.
Паталок цэн на «баршчавы набор»
Стрымліваць рост цэн будуць на асобную гародніну і садавіну. З лістапада ўводзіцца лімітавая гандлёвая надбаўка на прадукцыю са стабілізацыйных фондаў. Для так званага «баршчавога набору» і яблыкаў яна не павінна перавышаць 30%.
Рост тарыфаў на сувязь і інтэрнэт
Змены чакаюць і абанентаў «Белтэлекама». Кампанія перагледзіць шэраг тарыфаў на інтэрнэт, тэлебачанне і тэлефонную сувязь. У залежнасці ад абранага пакета кошт паслуг павялічыцца на некалькі дзясяткаў капеек або рублёў у месяц.
Новыя цэны на «блакітнае паліва»
З 1 лістапада зменяцца адпускныя цэны на прыродны газ для асобных катэгорый арганізацый, уключаючы інтэрнаты, рэлігійныя арганізацыі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу і хоспісы.
Аўтахлам возьмуць пад кантроль
З 13 лістапада ўступаюць у сілу новыя правілы абыходжання з кінутымі аўтамабілямі. Цяпер адказваць за аўтахлам будуць не толькі ўладальнікі, але і іншыя асобы, звязаныя з машынай. У іх ліку грамадзяне, якія страхавалі аўтамабіль на працягу апошніх двух гадоў, а таксама тыя, хто за апошні год здзяйсняў на ім парушэнні правілаў дарожнага руху.
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.
