
Шлях Уладзіслава Грачухіна: ад чэмпіёнскіх медалёў да трэнерскай справы
Ёсць людзі, для якіх спорт – гэта праца. А ёсць тыя, для каго – сэнс жыцця. Уладзіслаў Грачухін, трэнер-выкладчык Шумілінскай СДЮШАР па грэка-рымскай барацьбе, якраз з кагорты другіх. Майстар спорту, шматразовы чэмпіён Беларусі, удзельнік першынстваў Еўропы, вядомая асоба ў спартыўным свеце. Але за гэтымі званнямі стаіць доўгі шлях, траўмы, вяртанні на дыван і любоў да барацьбы, якая так і не адпусціла.
У першым класе Уладзіслаў разам з братам Вадзімам прыйшоў у секцыю да Пятра Ганушчанкі. Тады ён яшчэ не ведаў, што грэка-рымская барацьба стане для яго сэнсам жыцця. У дзіцячым і падлеткавым узросце Уладзіслаў быў адным з лепшых: выйграваў, ішоў наперад, шмат трэніраваўся. Кожная трэніроўка была не прымусам, а магчымасцю стаць мацней. Але ў 16 гадоў здарылася першая траўма, пасля якой ён аднаўляўся, працаваў над сабой і праз год зноў выйшаў на дыван. Вынікі прыйшлі яшчэ лепш: перамога на чэмпіянаце Беларусі, сёмае месца на чэмпіянаце Еўропы, дзе ён выступаў на год маладзей за сваіх канкурэнтаў.
Здавалася, вось яна – дарога ў вялікі спорт. Але лёс падкінуў чарговае выпрабаванне. У 18 гадоў Уладзіслаў выступаў па юнаках, выйшаў у фінал – там атрымаў цяжкую траўму. На жаль, на гэты раз аднавіцца і зноў выйсці на дыван ён не змог. Але з грэка-рымскай барацьбой Грачухін не развітаўся. Ён стаў трэнерам.
Спачатку працаваў у Віцебску, у Цэнтры алімпійскага рэзерву, трэніраваў самых таленавітых барцоў Віцебшчыны, але, як сам прызнаецца, цягнула дадому. Калі не стала яго трэнера Пятра Ганушчанкі, рашэнне было прынята канчаткова. «Я не меў права кінуць Обаль без барацьбы», – кажа Уладзіслаў.
Таму з пачатку гэтага навучальнага года ён поўнасцю перайшоў у Шумілінскую СДЮСШАР. Групы грэка-рымскай барацьбы адкрыты не толькі ў Обалі, але і ў аграгарадку Мікіціха. Трэнер прызнаецца: з дзецьмі працаваць цікава. «Калі выступаюць твае выхаванцы, ты перажываеш кожны паядынак як свой уласны», – прызнаецца трэнер.
Перспектыўнай моладзі, па яго словах, хапае. У Обалі ўсім вядомы Ягор Барсукоў, які атрымаў выдатную базу ад Пятра Ганушчанкі. Зараз справа Уладзіслава – дапамагчы хлопцу раскрыцца, не страціць веру ў сябе. І ў Мікіцісе трэнер ужо бачыць зорачку – Вадзіма Семчанку. Хлопец трэніруецца зусім няшмат, але настаўнік упэўнены ў сваім выхаванцы. У суботу трэнер выставіць юнага спартсмена на обальскім турніры. Ёсць спадзяванне, што Вадзім зможа трапіць у тройку, і гэта будзе добры дэбют на спартыўным шляху. Дарэчы, сваю спартыўную кар’еру Уладзіслаў Грачухін пачынаў менавіта з обальскага турніру.
Гісторыя Уладзіслава Грачухіна – гісторыя чалавека, які сёння вяртае роднай зямлі тое, што калісьці атрымаў сам: веды, характар, любоў да барацьбы.
Слова – дырэктару Шумілінскай СДЮШАР Алегу Асташонку:
– Уладзіслаў Грачухін – не проста трэнер. Гэта чалавек, які жыве барацьбой і ўмее запальваць ёю дзяцей. Ён прайшоў няпросты спартыўны шлях, ведае цану перамог і горкі смак траўмаў, таму вучыць хлопцаў не здавацца. Мы верым у яго, бо ён умее бачыць у дзецях тое, што часам не бачаць іншыя. Выхаванцам Шумілінскай СДЮШАР вельмі пашанцавала, што такі трэнер вярнуўся дадому – да свайго дывана, сваіх хлопцаў, сваёй справы. Мы і надалей будзем падтрымліваць яго ініцыятывы, бо ўпэўнены, што разам з ім нашы выхаванцы дасягнуць новых спартыўных вяршынь.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
