На открытом заседании Шумилинского райисполкома обсудили качество школьного питания и безопасность несовершеннолетних

Главное Новости Образование Общество

Дзіцячае харчаванне пад кантролем, якасць у прыярытэце

Пытанне аб стане аб’ектаў грамадскага харчавання ўстаноў адукацыі на пачатак навучальнага года разгледжана на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. З падрабязным дакладам выступіла начальнік аддзела па адукацыі Аксана Талстая. Абмеркаванне паказала, што сістэма школьнага і дашкольнага харчавання ў раёне працуе стабільна, аднак шэраг напрамкаў патрабуе далейшай увагі і больш строгага кантролю.


Пасяджэнне прайшло пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Будневіча. Удзел у рабоце прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук і намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Марына Бабашынская.

«Сёння арганізацыя харчавання застаецца не проста гаспадарчым пытаннем, а найважнейшым складальнікам сацыяльнай абароны дзяцей, іх здароўя і якасці адукацыйнага працэсу ў цэлым. Менавіта таму пытанням работы харчаблокаў, захавання санітарных патрабаванняў, абнаўлення абсталявання і фарміравання культуры здаровага харчавання надаецца асаблівая ўвага як з боку ўлады, аддзела па адукацыі, так і з боку кіраўнікоў устаноў», – заўважыў ва ўступным слове Мікалай Будневіч.

Па словах Аксаны Талстой, на пачатак навучальнага года ў раёне функцыянуюць 17 харчаблокаў: дзевяць у школах, сем у садках і адзін у сацыяльна-педагагічным цэнтры. За апошнія гады ўдалося значна ўмацаваць іх матэрыяльна-тэхнічную базу. Толькі сёлета на набыццё тэхналагічнага, халадзільнага і дапаможнага абсталявання накіравана звыш 62 тысяч рублёў. Закуплены новыя халадзільнікі, параканвектамат, посуд і інвентар. Ужо зацверджаны план на 2027 год, які прадугледжвае далейшае аснашчэнне ўстаноў сучасным халадзільным абсталяваннем, набыццё спліт-сістэм, а таксама машыны для мыцця посуду ў Амбросавіцкую базавую школу.

Адным з найбольш пераканаўчых паказчыкаў эфектыўнасці сістэмы з’яўляецца высокі ахоп гарачым харчаваннем. У гэтым навучальным годзе ён складае 99,6%. Фактычна харчаванне атрымліваюць 1586 школьнікаў з 1597. Ва ўсіх сельскіх установах адукацыі дзеці забяспечваюцца бясплатным гарачым харчаваннем.

Паказальна і тое, што застаецца істотнай падтрымка дзяржавы. За кошт сродкаў раённага бюджэту харчаваннем забяспечаны больш за тысячу вучняў ільготных катэгорый. Амаль палова выхаванцаў дашкольных устаноў карыстаецца рознымі льготамі па аплаце харчавання.

Вялікая ўвага надаецца ўдасканаленню самой сістэмы арганізацыі харчавання. З верасня ўступілі ў сілу змены, якія пашырылі магчымасці выкарыстання паўфабрыкатаў і ўдакладнілі падыходы да фарміравання рацыёнаў для розных узроставых груп. Гэта дазволіла зрабіць харчаванне больш гнуткім і адначасова знізіць колькасць харчовых адходаў.

Немалаважна, што ўстановы актыўна працуюць над патанненнем харчавання. У меню выкарыстоўваецца прадукцыя, вырашчаная на вучэбна-вопытных участках і прышкольных тэрыторыях. Больш за 5,5 тоны гародніны было нарыхтавана ў гэтым сезоне, значная частка ўраджаю накіравана непасрэдна на арганізацыю харчавання. «Такі падыход дазваляе не толькі эканоміць бюджэтныя сродкі, але і спрыяе працоўнаму выхаванню школьнікаў», – падкрэсліла начальнік аддзела.

Пры гэтым разам са станоўчымі вынікамі захоўваюцца і праблемныя пытанні. Нягледзячы на агульны высокі ўзровень арганізацыі харчавання, праверкі выяўляюць парушэнні ўмоў захоўвання прадуктаў, недахопы ў правядзенні санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, выпадкі выкарыстання прадукцыі неналежнай якасці і іншыя недапрацоўкі. Па выніках кантрольных мерапрыемстваў да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 17 работнікаў, трое кіраўнікоў панеслі адміністрацыйную адказнасць.

Яшчэ адно пытанне, якое не пакінулі без увагі, звязана з кадравай перспектывай. Сёння ўсе харчаблокі ўкамплектаваны спецыялістамі, вакансій няма. Аднак частка работнікаў знаходзіцца ў перадпенсійным узросце, таму неабходна загадзя фарміраваць кадравы рэзерв і ствараць умовы для падрыхтоўкі новых спецыялістаў.
Даклад А. Г. Талстой дапоўніла галоўны санітарны ўрач раёна Крысціна Афанасьева, якая агучыла асноўныя парушэнні пры арганізацыі харчавання дзяцей і шляхі рашэння праблемных пытанняў.

Сістэма школьнага і дашкольнага харчавання раёна сёння забяспечвае практычна стопрацэнтны ахоп дзяцей гарачым харчаваннем, мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу і кваліфікаваныя кадры. Разам з тым дасягнутыя вынікі – не падстава для самазаспакаення. Здаровае харчаванне школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў было і застаецца адным з найважнейшых паказчыкаў адказнасці грамадства за будучыню пакалення. І ў гэтым пытанні кампрамісаў быць не можа.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *