На ферме Амбросовичи ОАО «Приозёрный мир» начал работу новый профилакторий для телят

Главное Новости Общество Сельское хозяйство


Клопат пра цялят – з першых дзён жыцця

Стварэнне для маладняку камфортных умоў – галоўны прыярытэт у жывёлагадоўлі. Важным крокам павышэння захаванасці пагалоўя стаў запуск новага прафілакторыя для цялят каля фермы Амбросавічы ААТ «Прыазёрны мір».


Прафілакторый, які прыняў першых жыхароў, разлічаны на ўтрыманне 160 галоў. Зараз тут асвойваюцца і актыўна набіраюць вагу 80 цялят. Аб’ект выконвае ролю «дзіцячага сада і пачатковай школы»: тут цяляты знаходзяцца ў самы адказны перыяд жыцця – ад нараджэння і да трохмесячнага ўзросту, калі фарміруюцца сіла і здароўе будучай каровы ці быка.

У прафілакторыі сустрэлі цялятніцу Марыну Кальніну, якая мае немалы вопыт работы ў жывёлагадоўлі. «Тэхналогія догляду і кармлення нованароджаных у нас наладжана. На працягу першых сямі дзён жыцця малых выпойваем малодзівам, якое змяшчае антыцелы і фарміруе трывалы прыродны імунітэт, – расказала яна. – Зараз гэты адказны этап праходзяць 11 нованароджаных». Цярпліва і настойліва Марына прывучае цялят да самастойнасці, вучыць піць з вядзерца цёплую ваду і малако, каштаваць сухі камбікорм.

Умовы ў прафілакторыі добрыя, для кожнага гадаванца прадугледжаны індывідуальныя прасторныя клеткі. Каб пазбегнуць вільгаці і прастудных захворванняў, падлога ў клетках падсцілаецца сухой саломай.

Мадэрнізацыя вытворчых працэсаў у Амбросавічах не спыняецца. Каб палегчыць цяжкую працу персаналу і забяспечыць неабходны тэмпературны рэжым харчавання, на ферму закупілі малочнае таксі. Хутка камп’ютарызаваны агрэгат выйдзе на лінію і дазволіць аўтаматычна падаграваць малако і паіць цялят.

Дзякуючы новаму прафілакторыю, руплівым і чулым рукам жывёлаводаў, у гаспадарцы падрастае здаровы маладняк.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *