Ратавальнікі праверылі больш за паўсотню дамоў
Падчас рэспубліканскай акцыі «За бяспеку разам!» работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правялі маштабную прафілактычную работу з жыхарамі раёна. Асаблівую ўвагу ратавальнікі надалі грамадзянам, якія адносяцца да катэгорыі павышанай рызыкі. У ходзе акцыі абследавана 56 домаўладанняў і кватэр. Правяраліся стан пячнога ацяплення, спраўнасць электраправодкі і электраабсталявання, а таксама наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.
«Паралельна вялася работа з тымі, хто рэгулярна наведвае людзей дома, – падзяліўся падрабязнасцямі акцыі намеснік начальніка РАНС Андрэй Дуброўскі. – Навучанне па пытаннях пажарнай бяспекі прайшоў 31 прадстаўнік жыллёва-камунальнай службы, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і медыцынскія работнікі».
Падчас сустрэч жыхарам нагадалі асноўныя правілы пажарнай бяспекі, расказалі пра найбольш частыя прычыны ўзгаранняў і алгарытм дзеянняў у выпадку пажару.
Важнай часткай акцыі стала ўстаноўка аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, якія своечасова рэагуюць на дым і падаюць гучны сігнал трывогі, што дапамагае своечасова выявіць небяспеку і пазбегнуць трагедыі. У дамах грамадзян з’явілася 12 такіх прылад.
Разам з тым падчас абследаванняў былі выяўлены парушэнні: тры факты няправільнай эксплуатацыі пячнога ацяплення і два парушэнні, звязаныя з выкарыстаннем электрасетак і электраабсталявання.
У МНС нагадваюць: няспраўная печка, старая электраправодка або перагружаныя сеткі могуць стаць прычынай пажару. Таму важна своечасова ліквідаваць любыя няспраўнасці і не грэбаваць патрабаваннямі бяспекі.
Прафілактычная работа ў раёне працягваецца.
Алена КАРПУШЭНКА.

