Парадак на зямлі і мясцовае самакіраванне
Як захоўваецца зямельнае заканадаўства на тэрыторыі раёна, якая работа праводзіцца Лаўжанскім сельскім Саветам дэпутатаў па павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва – гэтыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў 29-га склікання, якое правёў старшыня райсавета Руслан Матвейчук.
У кожнага ўчастка зямлі павінен быць гаспадар. Гэта даводзіла намеснік начальніка аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Ульяна Лях. Яна прааналізавала, для якіх мэт сёлета бралі зямлю жыхары раёна: 10 участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных жылых дамоў, 4 – для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, 27 – для агародніцтва і сенакашэння, 2 участкі прададзены з аўкцыёну (адзін – у прыватную ўласнасць, адзін – на права арэнды для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома). З пачатку года былі праведзены 74 абследаванні па пытаннях захавання зямельнага заканадаўства, выдадзена 12 прадпісанняў.
Грамадзянам тлумачыцца, што за невыкарыстанне зямельнага ўчастка на працягу тэрміну, устаноўленага заканадаўствам, пагражае штраф у памеры да 10 БВ, ІП – да 25 БВ, юрыдычнай асобе – да 50 БВ.
Агульная плошча зямель у раёне, занятых ДКР, складае 18194 га. У сельскагаспадарчы абарот да 2030 года будзе ўключана 242,5 га (сёлета – 50,5 га), у склад зямель лесфонду – 4543 га (1751 га – сёлета).
Аб практыцы работы са старэйшынамі і дэпутатамі мясцовага Савета дэпутатаў расказала старшыня Лаўжанскага сельвыканкама Юлія Савасцьянава. Дэпутаты працуюць з людзьмі і для людзей – праводзяць асабістыя прыёмы грамадзян і сустрэчы, удзельнічаюць у адзіных днях інфармавання. Летась, напрыклад, дэпутаты правялі 72 асабістыя прыёмы, падчас якіх паступіла 14 зваротаў– усе пытанні вырашыліся.
У населеных пунктах працуюць старэйшыны, якія аказваюць дапамогу ў навядзенні парадку, арганізоўваюць суботнікі, вядуць тлумачальную работу, прыцягваюць людзей у грамадскія ініцыятывы. Так, у гэтым годзе ў вёсцы Пабеда адрамантаваны помнік мірным жыхарам, расстраляным у гады вайны за сувязь з партызанамі, быў перанесены памятны знак камсамольскай падпольнай арганізацыі Чыкава ад будынка былой школы на вуліцу Цэнтральную.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


