13 мая 2026 года назаўжды ўвойдзе ў летапіс духоўнага жыцця Шуміліншчыны. У гэты дзень каталіцкія вернікі адсвяткавалі не проста прастольнае свята ў гонар Маці Божай Фацімскай, але і доўгачаканую гістарычную падзею – урачыстую кансэкрацыю, іншымі словамі асвячэнне, касцёла. Яго вернікі чакалі амаль чвэрць стагоддзя. Раздзяліць гэтую вялікую радасць у Шуміліна прыехалі пілігрымы, святары і вернікі з усіх куткоў Беларусі.

У гэты дзень 13 мая 2000 года на месцы сучаснага касцёла ў Шуміліне быў недабудаваны будынак дома культуры і вялікая вера. Тады святары, якія на той момант атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне (ўвядзенне ў сан святара) ў касцёле Святой Варвары у Віцебску, унеслі на руках на тэрыторыю будучага касцёла ў Шуміліне фігурку Маці Божай Фацімскай. Сярод іх ішоў малады ксёндз Алег Буткевіч, які праз 26 гадоў, ужо будучы кіраўніком Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі, здзейсніў урачысты чын асвячэння вялікага будынка. Для шумілінскіх вернікаў такая падзея азначае, што з гэтага часу касцёл становіцца не проста прыгожай архітэктурнай пабудовай, а сапраўдным Домам Малітвы. “Для нас, прыхаджан, фэст Маці Божай Фацімскай – асабліва важны дзень у духоўным жыцці і малітве. Яго мы адзначаем кожны год, а сёлета для нас адбылося двайное свята, якое мы чакалі вельмі шмат гадоў – асвячэнне храма. Урачысты літургічны абрад правёў сам біскуп, – з радасцю падзялілася Анастасія Даўгілава.

На працягу дня ў храме панавала святочная атмасфера радасці і малітвы, а вечарам сотні вернікаў сабраліся каля сцен храма ў чаканні кульмінацыйнага моманту дня. Біскуп Алег Буткевіч сімвалічным ключом тройчы ўдарыў па дзвярах храма. Гэты рытуал азначае ўваходжанне жывога Бога ў прастору, якую людзі шмат гадоў будавалі для Яго. Так пачалася святочная імша і галоўны сакраментальны чын. Біскуп асвяціў ваду, асаблівым алеем – мірам памазаў муры і камень алтара, распаліў кадзіла, ксёндзы абкурылі ім сцены. Пад гук малітвы сёстры заслалі вялізнае белае палатно на алтар. Засціланне алтара белым абрусам – гэта самы глыбокі вобраз ва ўсім чыне. Белы – колер Божага ўладарства і чысціні, абрус – знак апошняй вячэры Хрыста з апосталамі. Ксёндзы пры дапамозе свечак запалілі святло ў касцёле – гэта знак прысутнасці Бога.

Напрыканцы прыгожай службы прагучаў дэкрэт біскупа Алега Буткевіча аб тым, што пробашчам (каталіцкім святаром, які ўзначальвае прыход) асвечанага касцёла Маці Божай Фацімскай у Шуміліне прызначаецца, нягледзячы на свой малады ўзрост, ксёндз Яўгеній Шымановіч.

«Дарагія жыхары Шуміліншчыны, касцёл – гэта ваш дом, мы з вамі – жывы храм, – звярнуўся да прыхаджан Яўгеній Шымановіч. – Сёння асаблівая падзея: у сэрцы храма – на алтар прыйшоў сам Гасподзь Бог і адбылося пасвячэнне Дома Божага. Яно стала магчымым дзякуючы айцам і сёстрам, якія служылі тут многія гады, і вернікам, якія ад усяго сэрца ўкладваліся ў будаўніцтва і добраўпарадкаванне касцёла – месца сустрэчы чалавека з Богам».

На вуліцы прадоўжылася ружанцовая працэсія. Вернікі з вялікай удзячнасцю Богу з фігуркай Божай Маці абышлі асвечаны касцёл.
Стаць сведкам такога свята – вялікая радасць. А назіраць за сілай веры людзей – заўсёды асаблівае задавальненне. І зусім не важна, якога ты веравызнання. Бо для ўсіх словы Ісуса Хрыста маюць адзіны сэнс: «Дзе двое ці трое сабраны ў імя Маё, там Я сярод іх» (Евангелле ад Матфея).


