В свои 90 ездит на «Москвиче» и ухаживает за огородом

Людзі і лёсы Общество

У свае 90 ездзіць на «Масквічы» і даглядае агарод

Жыхар райцэнтра Лявонцій Львовіч Шніпаў адсвяткаваў юбілей – 90 год з дня нараджэння! Імяніннік шчаслівы, што дажыў  да такой шаноўнай даты.

«Я нарадзіўся ў Шуміліне і ўсё жыццё жыву тут, – расказаў юбіляр. – працаваў у сельгастэхніцы механізатарам на трактары ХТЗ – вясной і восенню быў задзейнічаны на ворыве. А калі прадпрыемства аб’ядналі з сельгасхіміяй, рупіўся вадзіцелем на ЗІЛе-554, перавозіў торф і ўгнаенні. Мой агульны працоўны стаж складае 42 гады».

Пасля школы Лявонцій вывучыўся на цесляра, пазней – на трактарыста. Потым былі тры гады арміі, з якой яго чакала Аляксандра. З дзяўчынай ён пазнаёміўся, калі тая падвозіла яго на кані з Бываліна да ваенкамата. Абодва не памыліліся ў выбары – разам жывуць 66 гадоў. «Муж па характары хуткі і заўсёды з гумарам, гэта і дапамагае ў жыцці, – кажа Аляксандра Міхайлаўна. – А яшчэ ён з рукамі. Ніколі не было праблем адрамантаваць ганак, апрацаваць агарод ці прыбіць паліцу». Дарэчы, Лявонцій Львовіч і сёння даглядае агарод, сам рамантуе агароджу. Раней трымалі з жонкай немалую гаспадарку – свіней, трусоў, сёння на падворку засталіся куры.

Лявонцій Львовіч з Аляксандрай Міхайлаўнай выхавалі траіх дзяцей, вось толькі сын заўчасна пайшоў з жыцця… Перажыць гора дапамаглі родныя, работа і «нязменны сябар «Масквіч». Набыў гаспадар аўтамабіль у 1986 годзе, ён і да сённяшняга ў спраўным стане, на ім ездзіць па райцэнтры, да нядаўняга часу выбіраўся і ў Віцебск.

У вольны час Л. Л. Шніпаў любіць глядзець тэлеперадачы, навіны – абавязкова кожны дзень. Не ўяўляе свайго жыцця без раённых навін і раённай газеты, з якой сябруе больш за шэсцьдзясят гадоў. Яшчэ з тых часоў, калі ў рэдакцыі працавалі сваячкі Варвара Карпава і Валянціна Шніпава.

Свой 90-гадовы юбілей Лявонцій Шніпаў сустрэў сярод родных і блізкіх. Віншавалі дачка Ганна, сын Пётр, чацвёра ўнукаў, трое праўнукаў, суседзі. Сказаць цёплыя пажаданні імянінніку прыехалі спецыялісты ТЦСАН.

Ларыса КІСЯЛЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *