Калідоры адрамантавалі, абнаўляюць палаты
У мінулым годзе ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў ТЦСАН, якое знаходзіцца ў аграгарадку Мішневічы, на калідоры адрамантавалі столь, сёлета работы прадоўжыліся – зроблены бягучы рамонт на калідоры і ў некаторых палатах.
У кабінеце загадчыка аддзялення Вольгі Зяньковай заўважаем многа трубак шпалераў. «Пераклеілі пакуль што чатыры палаты, мяркуем абнавіць сцены і ў астатніх сямі пакоях, – кажа Вольга Эдуардаўна. – Клеім шпалеры сваімі сіламі. Стараемся, каб нашым падапечным было ўтульна і прыгожа. Зараз у ТЦСАН шыюць шторы і цюлі для палат, сурвэткі для сталовай».
Зроблены рамонт сцен на ўваходнай групе і на калідоры. Тут жа аформлены дзве аркі. Работы выконвалі спецыялісты прыватнай наваполацкай фірмы. Яны схавалі за гіпсакардон і старыя грубкі ў палатах – у іх няма патрэбы, бо аддзяленне мае ўласную кацельню. Па падліках бухгалтараў цэнтра, на бягучы рамонт аддзялення патрачана амаль 17 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў.
Абнаўленне працягваецца і дзякуючы спонсарам. Прадстаўнікі храма Святога дабравернага князя Рамана Разанскага з пасёлка Мішкава Віцебскага раёна падарылі ў кожную палату пледы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.



