Дзесяць званкоў – дзесяць гісторый. Якія пытанні хвалююць жыхароў раёна
На «прамую лінію» са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам у суботу, 23 мая, паступіла дзесяць званкоў. Людзі ўзнімалі самыя розныя пытанні – ад пад’ездаў да могілак да добраўпарадкавання вуліц і часу збору малака. Званкі паступілі з Шуміліна, Обалі, Полацка, Грышаноў, Мазек і Бываліна.
Двое заяўнікаў закранулі тэму пад’ездаў да грамадзянскіх могілак – Захарава і Баркі, што ў Обальскім сельсавеце. Людзі сталага ўзросту хочуць мець магчымасць пад’ехаць да месца на аўтамабілі, а не ісці пешшу. Мікалай Будневіч адзначыў, што праблема з пад’ездам да могілак Захарава ўладам вядомая, і цяпер шукаюцца шляхі яе вырашэння. А вось дарогу да могілак Баркі плануюць падправіць ужо да Тройцы.
Ад жыхароў Шуміліна паступіла некалькі зваротаў: аднавіць лавачку каля 3-га пад’езда дома № 82 па вуліцы Сіпко, разабрацца з перыядычным падтапленнем падвала ў доме № 39 на Юбілейнай, а таксама з халоднымі санвузламі пасля капрамонту ў доме № 16 на той жа вуліцы. «Будзем шукаць прычыны і вырашаць», – адказаў кіраўнік раёна.
Шумілінцы таксама папрасілі прывесці ў парадак пад’езд да магазіна «Дабрацэн». Работы запланаваны на ліпень, паведаміў Мікалай Аляксеевіч. З дарожнай праблемай звярнулася і жыхарка вёскі Мазекі: яе дом стаіць на ўскрайку, і дарога да яго ўся ў ямінах. Пытанне перададуць балансатрымальніку.
Жыхарка Шуміліна, якая мае дачу ў Лескавічах, паскардзілася на падтопліванне ўласнага ўчастка – па яе словах, раней там быў канал. Старшыня райвыканкама паабяцаў, што спецыялісты выедуць на месца, вывучаць сітуацыю і прымуць рашэнне, прыцягнуўшы да працэсу і саміх жыхароў.
Паступіў званок і з Грышаноў: людзі просяць прывесці ў парадак і пачысціць грамадскі калодзеж.
Сваё пытанне задаў і жыхар Бываліна. Ён адзін у вёсцы трымае карову і здае малако, але яго не задавальняе час збору – з 10 да 11 гадзін. Мужчына хацеў бы, каб малако забіралі раніцай. «Пакуль нічога абяцаць не магу, графік зацверджаны, і падладжвацца пад кожнага складана. Але пытанне вывучым», – адзначыў Мікалай Аляксеевіч.
«Прамая лінія» паказала: людзі смела звяртаюцца да кіраўніка раёна і гавораць пра тое, што іх хвалюе. Усе пытанні ўжо пад асабістым кантролем старшыні райвыканкама – і кожнае будзе даведзена да выніку.
Алена КАРПУШЭНКА.

