50-летний юбилей отметила Обольская детская школа исскуств

Главное Культура Образование

50 гадоў у нагу з часам і з музыкай

50 гадоў! У маштабах краіны гэта няшмат, а для музычнай установы гарадскога пасёлка – цэлае жыццё. 19 верасня Обальская дзіцячая школа мастацтваў салодка адзначыла свой паўвекавы юбілей.

Музыка – гэта «ежа для душы», без якой цяжка ўявіць жыццё сучаснага чалавека. Яна паўсюль: у гуках прыроды, у навушніках прахожага, у салонах аўто, у мабільных тэлефонах, на канцэртах і, вядома, у музычных школах.

Так, паўсотні гадоў таму, у 1975 годзе, для населенага пункта Обаль адкрыццё музычнай школы стала важнай падзеяй. Першым дырэктарам быў Уладзімір Купрыянавіч Агурцоў – выпускнік Пскоўскага музычнага вучылішча. Эстафету ў 1979 годзе прыняла Ніна Аляксандраўна Бондарава, а ў 1986-м – Ірына Аляксееўна Мураўёва. У той час у школе існаваў клас фартэпіяна, акардэона, баяна і трубы, функцыянаваў лялечны тэатр.

Адным з галоўных герояў музычнага жыцця школы быў Васіль Паўлавіч Каліненка. Менавіта ён стаяў ля вытокаў зараджэння музычнай адукацыі, кіраваў духавым аркестрам, па-майстэрску валодаў баянам, з вялікай душой і любоўю выкладаў вучням музычную грамату. У 1992 годзе дырэктарам школы стала ініцыятыўная Жанна Сямёнаўна Амвросава. Новыя методыкі, крэатыўныя ідэі і новы статус. Музычная школа была пераўтворана ў школу мастацтваў. Гэта на той момант адкрыла новыя магчымасці для дзяцей.

З 2010 года і на працягу 15 гадоў ў руля знаходзілася Вольга Уладзіміраўна Карбавец. У розныя гады выкладчыкамі ў школе былі Т. Р. Жураўкіна, Т. К. Буланава, В. М. Арцёменка, А. І. Шупегіна, Л. І. Румянцава, Н. А. Нікалайчук. Апісаць словамі гістарычны шлях дадзенай каманды аднадумцаў вельмі складана. Кожны з іх унёс неацэнны ўклад у развіццё агульнай справы. Назаўжды звязаныя музыкай, яны змаглі пабудаваць сапраўдную сям’ю, дзе і сёння пануе атмасфера творчасці і мастацтва.

З нагоды знамянальнай даты ў пятнічны вераснёўскі вечар на базе Обальскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай адбыўся святочны канцэрт. Торт па класіцы жанру любога дня нараджэння стаў сімвалам усяго мерапрыемства. Гэты прыгожы ласунак складаўся з 3-х ярусаў, увасабляючы школу-юбілярку, яе працу і дасягненні. Ніжні – самы вялікі, фундаментальны – выкладчыкі. Сёння ў школе працуюць Анжаліка Загнетава і Наталля Іванова, прадстаўляючы інструментальнае аддзяленне клас фартэпіяна, Жанна Алімава і Вольга Карбавец – харавое аддзяленне. Ульяна Шульц і Вераніка Багданава вучаць дзяцей ігры на цымбалах, «утаймаваць» акардэон маладым талентам дапамагае Жанна Амвросава. Канцэртмайстрам працуе Юрый Бумажэнка. Апошнія пару гадоў з прыходам на работу Аліны Вяеўнік школа стала багацей на выяўленчае аддзяленне. Адметна, што большасць з выкладчыкаў самі з’яўляюцца выпускнікамі роднай «музыкалкі». Невыпадкова адным з творчых падарункаў ад педагогаў (калектыва «Гарэзнікі», якія адзначыў сёлета 25-гадовы юбілей) была песня «Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся».

У ролі сярэдняга яруса торта выступілі старанныя, мэтанакіраваныя і таленавітыя вучні школы. Сёння іх 79 чалавек, а з Кардонскім філіялам – 89. Візітнай карткай школы з’яўляецца яркі ансамбль лыжачнікаў і народны вакальны ансамбль «Гарэзнікі».

Музычныя падарункі ў святочны вечар любімай школе і гасцям падарылі Марыя Пятрова, дуэт акардэаністаў Сяргей Спірыдаў і Жанна Амвросава, Лэйла Ушал і Аліса Мулькова, Варвара Пятрова, Ульяна Шульц, Наталля Іванова (выпускніца 2000 г.), Вікторыя Ляўшова (выпускніца 2023 года), Яраслаў Яленскі, Вераніка Багданава, Юрый Бумажэнка.

Адзінаццаць выпускніц Обальскай школы мастацтваў розных гадоў прыехалі ў родную школу на юбілей. Для многіх з іх любоў да музыкі, закладзеная ў гэтых сценах, стала прафесіяй.

Так, з віншавальнымі словамі на сцэну выйшлі выпускніцы Наталля Філіпава – настаўнік музыкі Шумілінскай СШ № 1 і Таццяна Гутарава – канцэртмайстар Шумілінскай ДШМ. Яны ўручылі калегам карціну, як сімвал далейшага росквіту. Віншавальную тэлеграму з цёплымі ўспамінамі і пажаданнямі даслала Н. А. Бондарава.

Верхні ярус торта быў самы смачны ў прамым сэнсе. У праграме мерапрыемства яго прадстаўлялі дарагія госці. Бо і выступленне вучняў школы мастацтваў, і праца педкалектыву ДШМ – усё для таго, каб «кранаць» сэрцы людзей. Бурныя авацыі, шчырыя ўсмешкі і кветкі падарыла школе намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. «50 гадоў – значная дата, гэта калі ўжо напрацаваны вопыт, але яшчэ адчуваецца дыханне маладосці. І менавіта дзіцячая школа мастацтваў дазваляе ўсё гэта спалучаць» – адзначыла Ірына Іванаўна і выказала ўсім музыкам шчырыя словы ўдзячнасці за працу, пажадала далейшых творчых поспехаў.

За стварэнне спрыяльнай атмасферы, падтрымку таленавітых вучняў і настаўнікаў, арганізацыю мерапрыемстваў і забеспячэнне высокага ўзроўню адукацыі падзякавала віноўнікам урачыстасці загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Ласянкова. Сімвалічны скрыпічны ключ уручыла сваім новым калегам і прыняла ў вялікую сям’ю дырэктар Шумілінскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Сцяпанава. У гэтым годзе зноў, як і паўстагоддзя таму, Обальская дзіцячая школа мастацтваў стала філіялам Шумілінскай ДШМ.

Ганаровымі гасцямі на свяце таксама былі старшыня Обальскага сельскага выканаўчага камітэта Сяргей Мураўёў і дырэктар ААТ «Обальскі керамічны завод « Сяргей Ляўшоў.

На адным дыханні ў цёплай і сяброўскай атмасферы праляцеў юбілейны вечар. На новай пасадзе загадчыка філіяла Анжаліка Загнетава запаліла свечкі на торце. І ўсе разам: вучні, педагогі і госці, загадаўшы жаданне, іх задулі.

Дар’я ЧАПУРНОВА,  няштатны карэспандэнт



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *