В КУСХП «Улльский» работа на посевной организована в комплексе

Главное Сельское хозяйство

Новая тэхніка – гэта дакладнасць і хуткасць

Палявыя работы на палетках КУСГП «Ульскі» арганізаваны ў комплексе: паралельна ідуць ворыва, культывацыя і сяўба.

Здалёк на фоне чорна-шэрых палеткаў ва ўрочышчы Хацілава выдзяляецца новы пасяўны агрэгат. Сяўбу элітнага яравога рапсу «віхор» вядзе Аляксандр Кляцкоў. «Пасяўны агрэгат першы год у справе! Шырыня захопу добрая – 9,6 метра, – адзначае Аляксандр. – Засяваю за дзень да паўсотні гектараў. Новая тэхніка – гэта дакладнасць і хуткасць. Энерганасычаны трактар «Беларус-3522» атрымаў у мінулым годзе, да яго ёсць і новыя плугі. Так што працаваць на новай тэхніцы ў радасць».

На палетках заспелі дырэктара гаспадаркі Уладзіміра Касцюкова. Ён некалькі разоў за дзень наведвае ўрочышчы, дзе вядуцца работы, каб на свае вочы паглядзець, як працуюць плугі, рыхтуецца глеба і ідзе сяўба. З гонарам адгукаецца пра сваіх механізатараў, якія працуюць на палетках, за надзейнасць і працавітасць. Цяжкая работа патрабуе падтрымкі і стварэння спрыяльных умоў працы – нядаўна закупілі спецадзенне, арганізавана і гарачае харчаванне (абеды бяруць у кафэ «Метан»), для механізатараў, якія перавыконваюць нормы, прадугледжаны надбаўкі.

«На палетках гаспадаркі засеялі ўсе 430 гектараў ранніх яравых зерневых, – расказаў Уладзімір Уладзіміравіч. – Дасяваем апошнія гектары яравога рапсу, усяго яго будзе расці 150 гектараў. Наперадзе – сяўба кукурузы: 400 гектараў на зерне, 700 гектараў – на сілас. У нас упершыню будуць такія вялікія плошчы кукурузы. Ужо сёння думаем пра нарыхтоўку кармоў – агульнае пагалоўе складае 1650 галоў (у тым ліку 570 – дойны статак). Мяркуем нарыхтаваць 38 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы. Робім стаўку на травы – плануем сяўбу так, каб забяспечыць жывёлагадоўлю надзейнай кармавой базай. Наперадзе сяўба райграсу пашавага, аўсяніцы чырвонай, канюшыны. Гэтыя травы будзем вырошчваць як на сянаж, так і на насенне. У другой дэкадзе мая пасеем яшчэ і люцэрну».

Дададзім, што восенню ў «Ульскім» была скарэкціравана структура пасяўных плошчаў: у гаспадарцы засеяны 861 гектар азімых зерневых і 168 га азімага рапсу. На думку аграномаў, усходы пасля зімы добрыя, значыць, ёсць надзея на ўраджай.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *