Районный фестиваль правовых знаний прошёл в СШ №1 г.п. Шумилино

Новости Образование

Ведаць свае правы і абавязкі

15 красавіка ў СШ № 1 прайшоў традыцыйны раённы фестываль прававых ведаў, які аб’яднаў алімпіяду па прававых ведах і конкурс агітбрыгад.

Агітбрыгады падышлі да конкурсу адказна, праявілі творчыя падыходы, крэатыў і знаходлівасць. За пяць хвілін трэба было паказаць адносіны да такіх негатыўных праяў у грамадстве, як наркаманія, курэнне, п’янства, хуліганства, крадзеж і іншыя правапарушэнні, шкоду, якую яны нясуць для чалавека і грамадства, і адказнасць за іх. Каб данесці свае ідэі, канкурсанты выкарыстоўвалі і прэзентацыі, і песні, і вершы.

Агітбрыгада “Падлетак і закон” СШ № 1 дэманстравала відэаролік, “Пульс” з Мікіціхі спяваў і танцаваў, “Іскарка” Мішневіцкай БШ і “Пульс” СШ № 2 паказалі сапраўдныя міні-спектаклі, а агітатары з Кардонскай СШ заклікалі зрабіць “правільны выбар”. Практычна ўсе брыгады нагадвалі сваім аднагодкам пра тое, што за некаторыя правапарушэнні адказнасць наступае з 14 год.

Для журы, якое ўзначальвала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Юлія Уласевіч, была няпростая задача вызначыць лепшых. У алімпіядзе па прававых ведах першае месца журы вырашыла не прысуджаць. Другое месца дасталася вучню Мікіціхінскай СШ Даніілу Сокалаву, трэцяе падзялілі Фёдар Мялешка са Слабадской БШ і Глеб Ефімовіч з СШ № 1.

У конкурсе агітбрыгад перамогу святкавала брыгада “Пульс” СШ № 2, на другім месцы іх цёзкі – агітбрыгада “Пульс” Мікіціхінскай СШ, на трэцім – “Праваклас” Обальскай СШ.

Юлія Уласевіч разам з інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Вікторыяй Мандрык уручыла пераможцам прызы і дыпломы.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *