Шлях мужнасці пачынаецца тут. У Шуміліне прайшоў Дзень прызыўніка.
У бліжэйшы час 23 юнакі папоўняць рады беларускай арміі і стануць абаронцамі нашай краіны. 15 красавіка традыцыйнае шэсце будучых абаронцаў Айчыны стала цэнтральнай падзеяй дня.
Маладыя хлопцы, якім зусім хутка трэба будзе прымерыць вайсковую форму, у калоне разам з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый раёна і ваенным камісарам Наталляй Банцэр прайшлі па вуліцах райцэнтра. Шэсце стартавала ад будынка ваенкамата і праз цэнтральную плошчу прайшло да воінскага пахавання, дзе ўсе ўдзельнікі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць воінаў-землякоў і ўсклалі кветкі. Каштоўныя парады будучым салдатам даў старшыня раённай арганізацыі “Беларускага саюза афіцэраў” Валерый Жандараў.
Усе разам яны адправіліся ў Сквер воінскай славы, дзе таксама аддалі даніну памяці і павагі тым, хто праявіў мужнасць і адвагу пры выкананні воінскага абавязку.
Урачыстая частка свята адбылася ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Першыя віншавальныя словы прызыўнікам сказала начальнік адасобленай групы (Шумілінскага раёна) ваеннага камісарыята Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласці маёр Наталля Банцэр: “Зусім хутка вы выканаеце свой галоўны канстытуцыйны абавязак, як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь – воінскі. Жадаю вам годна несці ўсе нягоды воінскай службы, беспярэчна выконваць загады камандзіраў і заўсёды заставацца сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны”.
Гэты дзень прызыўніка запомніцца ўдзельнікам мерапрыемства не толькі афіцыйнымі прамовамі. Паколькі свята выпала на Светлую сядміцу, асаблівы духоўны сэнс сустрэчы надаў благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерей Феадор Пучынскі. Зварот святара да прызыўнікоў суправаджаўся сапраўдным маленькім цудам: варта было яму пачаць прамову, як над горадам і на ўсю залу разліўся гук царкоўных званоў, нібы благаслаўляючы юнакоў на іх новы этап у жыцці. У гэты светлы перыяд пасля Вялікадня айцец Феадор акрапіў будучых салдат святой вадой і ўручыў кожнаму на малітоўную памяць абразкі, пажадаўшы крэпасці духу і Божай дапамогі ў службе.
Са слязамі на вачах цёплыя словы і добрыя пажаданні ад імя ўсіх бацькоў сваім дарослым дзецям сказала маці траіх сыноў Надзея Ганчарова. Кранальныя моманты свята разбавіла музычна-забаўляльная праграма ад работнікаў сферы культуры.
У завяршэнні сустрэчы героі дня падзяліліся сваімі планамі і надзеямі. Напрыклад, 22-гадовы Алег Гайдукоў менш чым праз тыдзень пойдзе служыць у 103-ю Віцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду. Апошнія грамадзянскія дні хлопец плануе прысвяціць сям’і і каханай дзяўчыне. Свае 10 дзён перад арміяй Яўген Бацілаў хоча правесці з роднымі і сябрамі, бо потым у юнака вялікія мары: акрамя жадання атрымаць ад службы станоўчыя эмоцыі, пасля “вучэбкі” ў Барысаве ён плануе перавесціся на кантракт у Заслонава. А галоўны інжынер КУСГП «Ульскі» Арцём Новікаў рыхтуецца адправіцца на службу ў рэзерве ў Бароўку Лепельскага раёна ў артылерыйскі полк.
Дзень прызыўніка – гэта не проста прыгожая традыцыя раёна, гэта сімвал гатоўнасці моладзі прыняць эстафету адказнасці за мірнае неба над родным краем.
Дар’я ЧАПУРНОВА





