Апладысменты, мары і вальс
Шуміліна праводзіла выпускнікоў у новае жыццё
Па заканчэнні ўрачыстай лінейкі ў дварах родных школ маладыя хлопцы і дзяўчаты сабраліся ў раённым цэнтры, каб запаволіць бег часу, падоўжыць смак гэтага важнага моманту і разам пераступіць парог новага жыцця. Цэнтральная плошча стала эпіцэнтрам яркіх эмоцый і вялікіх надзей. Учарашнія школьнікі ператварылі раённае свята ў сімвал адзінства і пераемнасці. Разам са сваімі класнымі кіраўнікамі і настаўнікамі выпускнікі прайшлі ў грандыёзным шэсці па галоўнай вуліцы горада пад яркія вітальныя апладысменты жыхароў, гасцей, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый раёна.
Стаць сведкамі гэтага важнага моманту ў жыцці моладзі прыйшло кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам. «Вы не проста выпускнікі – вы будучыня Шуміліншчыны! Упэўнены, што вы станеце годнай зменай! – цёпла і па-бацькоўску звярнуўся да маладога пакалення Мікалай Аляксеевіч і праводзіў іх у добры шлях з найлепшымі пажаданнямі.
Важнае духоўнае пажаданне дзецям даў благачынны цэркваў Шумілінскай акругі Феадор Пучынскі. Ён блаславіў выпускнікоў на новы жыццёвы этап і пажадаў самага галоўнага – заўсёды і пры любых абставінах заставацца годнымі людзьмі.
Далей па добрай традыцыі маладое пакаленне прайшло да святога месца – на брацкія воінскія могілкі. Памяць загінуўшых абаронцаў нашай Радзімы ўсе ўдзельнікі ўшанавалі хвілінай маўчання. У знак падзякі за мірнае неба над галавой і магчымасць будаваць сваю светлую будучыню да магіл воінаў былі ўскладзены кветкі і гірлянды.
Калі ўрачыстыя лінейкі і афіцыйныя прамовы былі завершаны, настаў час расслабіцца і адарвацца па поўнай! Шумілінскі гарадскі парк стаў месцам крутой тусоўкі выпускнікоў. Тут было ўсё: працаваў школьны буфет на свежым паветры, а стыльная тэматычная фотазона прыцягвала аматараў зрабіць незабыўныя кадры на памяць.
Але самае цікавае – гэта наймагутная забаўляльная праграма для моладзі. Вядучая Ганна Каламіец зладзіла сапраўдны разрыў і «раздала шуму»! Яна прымусіла выпускнікоў спяваць любімыя песні пра школу і танцаваць батлы пад самыя гарачыя трэнды сацсетак.
Прыгожай кропкай грандыёзнага свята стаў фінальны вальс. Выпускнікі танцавалі яго з аднакласнікамі, бацькамі і настаўнікамі.
Фотарэпартаж Дар’і ЧАПУРНОВАЙ












