Годнае выступленне шумілінцаў на юбілейным турніры
45-ы адкрыты абласны турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці Обальскай падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы”, прайшоў у Обалі. У турніры ўдзельнічалі 8 каманд – з Мінска, Віцебска, Полацка, Глыбокага, Талачына, Шуміліна і Обалі. Амаль 80 юных барцоў змагаліся за перамогу.
“У год 80‑годдзя Перамогі мы рады вітаць удзельнікаў турніру на гераічнай обальскай зямлі, слаўнай подзвігамі моладзі ў гады вайны. Турнір за многія гады існавання добра зарэкамендаваў сябе, і сёння тут прысутнічаюць тыя, хто стаяў ля вытокаў спаборніцтваў, зрабіў яго знакавым і значным у абласным календары спартыўных мерапрыемстваў, хто арганізуе яго цяпер.
Жадаю ўсім пазітыўных эмоцый, яркіх схватак і годных перамог”, – звярнулася да ўдзельнікаў і гасцей турніру намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Прадстаўлены каманды барцоў, суддзі турніру. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Старт спаборніцтвам дадзены.
Немагчыма словамі перадаць атмасферу вакол барцоўскага дывана: барацьба, горыч паражэнняў і захапленне ад перамог. Нават паражэнне ў адной схватцы не ставіць кропку, бо трэнер і сябры настройваюць на чарговы бой, які можа прынесці перамогу. Барцы ўважліва назіралі за паядынкамі, каб вывучыць тэхніку сапернікаў, падтрымаць сяброў, пачуць парады трэнераў. Сваякі перажывалі за сваіх дзяцей і іх сяброў. Трэнеры гучна давалі парады спартсменам.
Востра праходзіла барацьба ў фінале, бо кожны разумеў, што гэта апошні бой, які вызначыць, на якую прыступку п’едэстала ты падымешся.
На цырымоніі ўзнагароджвання медалі пераможцам і прызёрам турніру ўручыў галоўны спецыяліст райвыканкама Дзяніс Пячко. Пераможцы атрымлівалі ў дадатак кубак і грашовую прэмію ад спонсараў турніру, якіх прадстаўляў Марат Азолін.
Годна выступілі ў сёлетнім турніры гаспадары. Шумілінскую СДЮШАР прадстаўлялі дзве каманды: обальскіх барцоў трэніруюць Вадзім Лягчонак і Уладзіслаў Грачухін, шумілінскіх – Юрый Сцяпанаў. На п’едэстал падняліся 7 барцоў з Шуміліна і 5 – з Обалі.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ
Пераможцы і прызёры 45-га абласнога адкрытага турніру, прысвечанага памяці падпольнай камсамольскай арганізацыі “Юныя мсціўцы” – выхаванцы Шумілінскай СДЮШАР:
вагавая катэгорыя 28 кг
1 Козік Мікіта (Обаль)
3 Капытоў Алег і Гудкоў Захар (Шуміліна)
30 кг
1 Барсукоў Ягор (Обаль)
33 кг
2 Зянькоў Анатоль (Обаль)
3 Голубеў Ягор і Хілюк Арцём (Шуміліна)
38 кг
3 Буткус Рычард (Обаль)
44 кг
1 Стральцоў Уладзіслаў (Шуміліна)
2 Рубін Арцём (Шуміліна)
61 кг
1 Любіч Мікалай (Обаль)
85 кг
3 Котаў Яўген (Шуміліна)


















