Как прошла «Ночь в музее» в Шумилино: галстучный переворот, мастер-класс по вытинанке, викторины, танцы и фуд-корт

Культура

«Шумная  ноч‑7» : крэатыў  і  гальштучны  пераварот

Традыцыйная міжнародная акцыя «Ноч у музеі» ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі мае ўласную назву – «Шумная ноч». 

І сёлета ў «Шумную ноч-7» музейныя работнікі вырашылі правесці «гальштучны пераварот», таму наведвальнікаў прапускалі толькі ў гальштуках. Нагодай для такой незвычайнай умовы стала адкрыццё выставы «Не проста вузел», на якой прадстаўлена больш за чатыры сотні экзэмпляраў гэтага аксесуара віцебскага калекцыянера Уладзіміра Уданоўскага.

Удзельнікі начной музейнай акцыі даведаліся, калі і як узнікла мода на гальштукі, што адзначае гэтае слова, хто быў заканадаўцам моды на гальштукі ў розныя стагоддзі, якія бываюць разнавіднасці гальштукаў і шмат іншых цікавых фактаў пра такі, здаецца, звычайны атрыбут адзення.

Віцебскі калекцыянер расказаў, як нарадзілася ідэя калекцыянаваць гальштукі (гэта называецца грабаталогія), як папаўняецца калекцыя. Дарэчы, збор пачаўся з ярка-аранжавага (як у песні групы «Брава») гальштука, які, па словах калекцыянера, прывезла з Балгарыі маці задоўга да яго нараджэння. «Гальштук можа шмат расказаць пра характар чалавека, яго настрой», – заўважыў Уладзімір Уданоўскі. Калекцыя папаўняецца за кошт падарункаў, пошукаў у крамах сэканд-хэнд. Некаторыя цікавыя гальштукі людзі прыносілі самі, за асобнымі экзэмплярамі прыходзілася «паляваць». Вось так за 15 год сабралася вялікая калекцыя.

«Шумная ноч-7» прадоўжылася майстар-класам па выцінанцы члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Наталлі Каньковай з Віцебска. Майстар прапанавала ўдзельнікам стварыць індывідуальны гальштук у народнай тэхніцы, паказала некалькі прыёмаў работы з нажніцамі і паперай. А далей фантазія і спрытнасць рук дапамаглі стварыць цудоўныя ажурныя гальштукі, аднолькавых сярод якіх не было.

Супрацоўнікі музея падрыхтавалі для наведвальнікаў шмат цікавых заняткаў: віктарыну, дзе ўсе пытанні былі так ці інакш звязаны з тэмай акцыі, конкурс на самы крэатыўны гальштук. Забаўляльную праграму «Стылягі ў горадзе Ш.» правялі артысты аўтаклуба РЦК.

Завяршылася музейная ноч танцавальным салонам «Для тых, хто ў гальштуках» і фуд-кортам «Гальштук убок, лыжку ў руку».

Цікава і весела было ўсім, хто прыйшоў у пятнічны вечар у музей. За сем гадоў, што праводзіцца «Шумная ноч», яе арганізатары ні разу не паўтарыліся. Так што з нецярпеннем будзем чакаць «Шумную ноч-8».

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *