Свой дзень пачынае з зарадкі
– Мамачка даражэнькая, вельмі люблю цябе! – кажа прама з ганка Людміла, дачка Марыі Пятроўны КРЫЦКАЙ з Добрына, якая прыехала з Мінска на 90-гадовы юбілей маці. – Ты наша прыгажуня, прыклад клопату і дабрыні.
Марыя Крыцкая рыхтавалася да юбілею – патэлефанавала сваякам і запрасіла на свята. Паклікала і сябровак маладосці – Святлану Гаралевіч і Тамару Данькову. Ёсць і сябар дзяцінства – Анатоль Асташонак, з якім разам хадзілі ў адзін клас. Ён нарадзіўся на дзень раней – 25 мая, і калі Марыя Пятроўна віншавала яго, то разам дамовіліся «цягнуць да ста гадоў».
Марыя Пятроўна нарадзілася ў в. Мясаедава, пасля школы закончыла курсы бухгалтараў у Мінску. Працавала ў калгасе імя Молатава, а затым у саўгасе імя Кароткіна бухгалтарам, спецыялістам аддзела кадраў, сакратаром. Працоўны стаж зайздросны – пяцьдзясят гадоў.
Памятае і кіраўнікоў саўгаса, пра якіх кажа ўхвальныя словы, – Пятра Паўлавіча Насыра, Мікалая Паўлавіча Іванова, Аляксандра Ягоравіча Вайцянкова. Пяць гадоў кіраваў сельгаспрадпрыемствам сын Марыі Пятроўны Яўген.
І ў свае 90 Марыя Крыцкая па-ранейшаму ўсмешлівая, цікаўная, з пачуццём гумару, мае добрую памяць, ясны розум, любіць прыгажосць і парадак. На падворку і ў доме многа кветак. З мужам Анатолем Фёдаравічам пражылі 42 гады, выхавалі сына і дачку. Сёння Марыя Крыцкая жыве адна. Па гаспадарцы дапамагаюць сын Яўген і нявестка Людміла, унук Артур з нявесткай Зарынай.
«Дзень пачынаю з зарадкі. Чай п’ю абавязкова з мёдам – прывыкла да яго з дзяцінства, бо дзядуля трымаў пасеку, – падзялілася сакрэтам даўгалецця Марыя Пятроўна. – А днём не сяджу без справы, абавязкова хаджу па падворку, вакол дома, люблю паглядзець кіно пра любоў. Па характары я дапытлівая: цікаўлюся навінамі ў краіне і раёне. Амаль паўстагоддзя выпісваю і чытаю раённую газету. Сілы надае мне мая сям’я, сёння я багатая маці і бабуля – маю дваіх дзяцей, сямёра праўнукаў і адну маленькую прапраўнучку Аўрору».
Дзеці і ўнукі падрыхтавалі Марыі Пятроўне на юбілей сюрпрыз – прадстаўленне з песнямі, танцамі і феерверкам. Да бясконцых цёплых пажаданняў здароўя, сіл і дабрабыту родных і сяброў далучыліся і спецыялісты Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Марыя Пятроўна дзякавала за пазітыўны настрой і ў адказ праспявала некалькі сваіх любімых песень.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

