Якога колеру кветкавы настрой Шуміліна?
У маі на вуліцах райцэнтра было высаджана больш за 15 тысяч кветак
Асноўны клопат на навядзенні парадку і добраўпарадкаванні ў райцэнтры ляжыць на плечах работнікаў УП ЖКГ. Яны прыбіраюць, фарбуюць, падмятаюць, а яшчэ – кожную вясну высаджваюць мноства кветак, усё лета даглядаюць іх і паліваюць.
Пераважная іх большасць (каля 14 тысяч астраў, сальвій, алісуму, аксамітак, цыній, агератуму, львінага зеву) вырашчана ў парніках работнікамі УП ЖКГ пад кіраўніцтвам вопытнага кветкавода Таццяны Маслюковай. Таццяна Маслюкова працавала разам з рабочым па комплекснай уборцы і ўтрыманні домаўладанняў Аляксеем Аляксеенкам. Так што ў адказе за кветкавае афармленне не толькі жанчыны, але і мужчыны. Сёлета высаджваць кветкі было лягчэй у тым плане, што працавалі ў саюзе з майскімі дажджамі. І паліваць не трэба было.
«Кветкавы настрой у Шуміліне будзе рознакаляровым, – адзначыла майстар участка па добраўпарадкаванні і санітарнай ачыстцы УП ЖКГ Вераніка Бутырына. – На кожнай вуліцы райцэнтра – свая кветкавая кампазіцыя. Напрыклад, на Луначарскага растуць белыя, сінія і ружовыя астры, белы і блакітны алісум, на Ленінскай – сальвіі, астры і аксаміткі, на Сіпко – цыніі, на Суворава – аксаміткі. Цэнтральную плошчу ўпрыгожаць львіны зеў, агератум, бягоніі, лабеліі, пеларгоніі. На вул. Кароткіна ўжо можна палюбавацца квітнеючымі петуніямі ў вазонах.
Да ўласна вырашчанай расады кветак работнікі УП ЖКГ дадалі больш за тысячу штук расады ампельнай пеларгоніі, лабеліі, бягоніі, набытай у прыватным гадавальніку у Віцебску, на якую пайшло каля дзесяці тысяч рублёў.
Зараз важна дагледзець кветнікі – падрыхліць, прапалоць, паліць. Да гэтай працы далучацца яшчэ тры работніцы, якія працуюць па добраўпарадкаванні прыдамавой тэрыторыі. Работа знойдзецца і для школьнікаў, якіх мяркуюць часова ўзяць летам папрацаваць ва УП ЖКГ.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Аляксей Аляксеенка за работай

