Два юбилея в одной семье: Геннадий и Татьяна Изепченко

Главное Людзі і лёсы Общество Семья

Усё жыццё працавалі на дабрабыт раёна

Генадзь Аляксандравіч і Таццяна Іларыёнаўна Ізепчанкі з Сіроціна ўсё жыццё прысвяцілі шумілінскай зямлі.

Выхавалі чацвярых дзяцей і сёлета адзначылі 60 год сумеснага жыцця. А Генадзь Аляксандравіч адсвяткаваў 90-гадовы юбілей. У свой час за добрасумленную працу быў узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны» і медалямі.

Павіншаваць Генадзя Аляксандравіча Ізепчанку прыехала дэлегацыя на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам. «Вы і сёння застаяцеся актыўным і пазітыўным. Дзякуй вам за тое, што падаеце станоўчы прыклад дзецям і ўнукам, – адзначыў Мікалай Аляксеевіч. – Мы ганарымся вамі, вашай адданай працай на карысць раёна і краіны. Няхай у вашым жыцці будзе і яшчэ шмат юбілеяў».

Да віншаванняў далучылася начальнік аддзела загса райвыканкама Ірына Якаўлева. Яна расказала, што ў краіне праходзіць акцыя «Ачаг, дзе жыве каханне», падчас якой ушаноўваюць юбіляраў сямейнага жыцця. Кветкі і цёплыя словы сям’і Ізепчанкаў – ад старшыні Сіроцінскага сельвыканкама Аксаны Шынкевіч, ветэрана працы Вольгі Пастарнаковай.У такім шаноўным узросце Генадзь Ізепчанка застаецца чалавекам цікаўным і нераўнадушным: асвоіў камп’ютар, чытае кнігі і раённую прэсу, прымае ўдзел у суботніках.

– Я не спяшыў жаніцца. Па-першае, было некалі зза работы, бо быў да позняга на палетках – працаваў аграномам. Па-другое, шукаў тую самую непаўторную і надзейную, – усміхаецца Генадзь Аляксандравіч. – І знайшоў у Сіроціне сваю Таццяну, з якой адсвяткавалі брыльянтавае вяселле.

Родам з Суражскага раёна, Генадзь Ізепчанка вывучыўся на агранома ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі і па накіраванні прыехаў працаваць у калгас імя Урыцкага, цэнтрам якога было Сіроціна. Таццяна на той час вучы лася ў Віцебску на повара, прыязджала ў Мосарава да бацькоў, хадзіла з сяброўкамі на танцы ў Сіроцінскі сельскі клуб.

«Там і сустрэла Генадзя, але спачатку не звярнула на яго асаблівай увагі. І толькі праз пяць гадоў, калі працавала поварам у Віцебску, а сябравала з сіроцінскім хлопцам, Генадзь аднойчы адвёў яго ў клубе пагаварыць. Ніякіх боек не было, я і да сённяшняга дня не ведаю, якая размова была, але пасля Генадзь стаў аказваць знакі ўвагі. Восенню 1965 года прапанаваў распісацца, але атрымаў ад мяне адмову, бо пасля трагічнай гібелі майго брата не прайшло і года. Зарэгістравалі мы шлюб у Сіроцінскім сельскім Савеце дэпутатаў толькі ў 1966 годзе. Была сціплая цырымонія, ніякага вяселля і белых сукенак. Як паказала жыццё, шчасце залежыць не ад белізны вэлюму, а ад узаемаадносін».

Маладая сям’я спачатку жыла ў аднапакаёвай кватэры, якую выдзелі Генадзю ад калгаса. Неўзабаве нарадзілася Лена, праз год Саша, а затым двайняты Ніна і Аня – спатрэбілася трохпакаёўка. Таццяна была дамашняй гаспадыняй, даглядала дзяцей. А калі яны падраслі, выйшла працаваць у мясцовы магазін прадаўцом, дзе і рупілася да самай пенсіі – дваццаць гадоў.

Генадзь працаваў сорак гадоў аграномам, хаця атрымаў другую вышэйшую адукацыю – вывучыўся на ветурача, як кажа, для сябе. «Люблю працаваць на зямлі – гэта маё, – заўсёды гаварыў Генадзь Аляксандравіч. – Люблю сеяць, даглядаць, назіраць, як растуць збожжавыя і іншыя культуры. Прыемна бачыць на палетках плён сваёй працы». У калгасе імя Урыцкага расла добрая бульба, лён, кукуруза і зерневыя культуры. За добрасумленную працу галоўны аграном гаспадаркі ў 70ыя гады быў узнагароджаны медалямі «За доблесную працу» і «За працоўную доблесць», а ў 1982 годзе – ордэнам «Знак пашаны».

Падчас размовы Генадзь і Таццяна Ізепчанкі падзяліліся сакрэтам доўгага і шчаслівага сямейнага жыцця – быць шчырымі адзін з адным і ніколі не папракаць. Калі ўзнікаюць праблемы, спраўляцца разам.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *